Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты ЭГУ пачалі навучальны год са страйку

абноўлена

Выпускны, у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, здымак 2016 году

Каля дзьвюх гадзін 1 кастрычніка цягнулася забастоўка студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Яны пратэставалі супраць дзеяньняў унівэрсытэцкай адміністрацыі.

Што патрабавалі студэнты?

  • Скасаваць узмацненьне жорсткасьці фінансавых правілаў для студэнтак і студэнтаў;
  • Вярнуць беспадстаўна звольненых выкладчыц і выкладчыкаў;
  • Зрабіць кадравую палітыку ЭГУ празрыстай;
  • Вярнуць вырашальны голас студэнцкай і акадэмічнай супольнасьці ва ўсіх органах кіраваньня;
  • Зрабіць выбары ў Сэнат ЭГУ адкрытымі і вярнуць яму паўнамоцтвы.

Колькі чалавек прыйшло?

У страйку ўдзельнічалі 50 чалавек, піша БелаПАН са спасылкай на прэзыдэнта Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Цімафея Малахоўскага.

Студэнты стаялі з плякатамі «ЭГУ — гэта мы», «Дзе нашы выкладчыкі?», «2 гады хадзіла з заплюшчанымі вачыма, сёньня вырашыла прыадкрыць», «ЦАНА/якасьць».

«Нашы плякаты бачылі ўсе ўдзельнікі цырымоніі адкрыцьця навучальнага года, у тым ліку паслы, члены сэйма Літвы, члены кіруючай рады ЭГУ і іншыя», — сказаў Малахоўскі.

Паводле слоў Малахоўскага, ніхто з адміністрацыі ВНУ да пратэстоўцаў не выйшаў, ва ўнівэрсытэце гэтым час праходзіла ўрачыстая цырымонія адкрыцьця новага навучальнага года.

Што кажа адміністрацыя ЭГУ?

Прадстаўнік адміністрацыі ЭГУ казаў Свабодзе 30 верасьня, што пра страйк ім не паведамлялі, а публікацыі пра зьмены фінансавых правілаў «не адпавядаюць рэчаіснасьці» (пазыцыю ўнівэрсытэту апублікавалі тут).

Заявы пра звальненьне выкладчыкаў таксама «не адпавядаюць рэчаіснасьці», бо ў іх цяпер скончыліся 5-гадовыя кантракты:

«Нарэшце, Стратэгія ЭГУ на 2019–2024 замацоўвае інтэрнацыяналізацыю як адну з асноўных мэтаў, таму і выкладчыцкі склад фармуецца на падставе гэтых крытэраў», — дадаюць у ЭГУ.

Што да кіраваньня ўнівэрсытэтам, адміністрацыя адзначае, што ў Сэнаце цяпер 16% чальцоў — студэнты, і яны карыстаюцца ўсёй паўнатой правоў. Таксама студэнты ўваходзяць як паўнапраўныя чальцы ў камісіі разгляду спрэчак, акадэмічнай этыкі і іншых.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт стварылі ў 1992 годзе ў Менску. У 2004 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі анулявала ліцэнзію ЭГУ на аказаньне адукацыйных паслугаў. З 2005 году ўнівэрсытэт аднавіў працу ў Літве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG