Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты ЭГУ абурыліся новымі правіламі аплаты навучаньня


Ля новага будынку ЭГУ ў Вільні, архіўнае фота
Ля новага будынку ЭГУ ў Вільні, архіўнае фота

Пра тое, што Агульны сход суўладальнікаў у аднабаковым парадку вырашыў зьмяніць фінансавыя правілы для навучэнцаў, студэнтам паведамілі нядаўна. Сярэднія балы для атрыманьня бясплатнай адукацыі і зьніжак на аплату падвысілі на 0,4 бала. Цяпер, каб вучыцца бясплатна, трэба мець сярэдні бал 9,61 з 10 і вышэй.

Калі бал ніжэйшы за 8,8, студэнт будзе плаціць за вучобу 2 тысячы эўра.

Студэнты абураныя зьменай правілаў, бо дамовы з унівэрсытэтам заключалі на іншых умовах. Прадстаўнікі ЭГУ прыводзяць аргумэнты, што ніводная стаўка аплаты (0/800/1400/2000 эўра ў год) не зьмянілася — перагледзелі толькі паказчыкі акадэмічнага рэйтынгу.

Большасьць будзе вымушаная плаціць больш — на 400–800 эўра ў год

Паводле падлікаў Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ, пасьля зьменаў правілаў 80% студэнтаў бакалаўрскіх і інтэграваных праграмаў будуць вымушаныя плаціць за вучобу на 400–800 эўра ў год больш.

  • 95% студэнтаў лічаць павышэньне аплаты неабгрунтаваным;
  • 44% гатовыя пакінуць унівэрсытэт з прычыны неабгрунтаванага, на іхні погляд, павышэньня ставак;
  • 17% плянуюць пераводзіцца на завочнае аддзяленьне або возьмуць акадэмічны адпачынак.

Студэнцкае прадстаўніцтва заклікае студэнтаў да агульнага байкоту новых фінансавых правілаў і просіць не плаціць за вучобу, пакуль іхнія патрабаваньні ня будуць выкананыя. Усё гэта яны выклалі ў адкрытым лісьце да Агульнага сходу суўладальнікаў.

«Вучыцца ў ЭГУ нялёгка, але многім студэнтам удавалася вучыцца бясплатна альбо атрымліваць зьніжку за навучаньне. А ў ліпені мы даведаліся, што фінансавыя правілы зьмяніліся. Адміністрацыя падкрэсьлівае, што стаўкі не зьмяніліся дэ-юрэ, сумы засталіся тыя самыя, але каб вучыцца таньней, чым за поўную стаўку аплаты (2 тысячы эўра ў год) — трэба мець больш на 0,4 бала, — кажа старшыня Студэнцкага прадстаўніцтва Цімафей Малахоўскі.

Паводле яго, цяпер, каб вучыцца цалкам бясплатна, неабходна мець больш за 9,60 бала.

«У каго менш за 8,8 бала, будуць аплачваць поўны кошт навучаньня — 2 тысячы эўра. Атрымліваецца, што 80% студэнтаў павінны з новага навучальнага году плаціць за вучобу больш», — кажа старшыня Студэнцкага прадстаўніцтва.

Як трэба было вучыцца ў ЭГУ, каб не плаціць

У ЭГУ можна вучыцца цалкам бясплатна і на розных стаўках аплаты — усё залежыць ад пасьпяховасьці. Акадэмічны рэйтынг, ад якога залежыць сума платы для студэнта, пралічваецца кожны сэмэстар.

Ранейшыя разьлікі былі наступныя. Калі сярэдні бал вышэйшы за 9,21, студэнт вучыцца бясплатна. Калі бал паміж 8,81 і 9,20 — 800 эўра за год. Калі паміж 8,41 і 8,80 бала — 1400 эўра ў год, калі менш за 8,40 — поўная аплата, 2000 эўра ў год, кажа старшыня Студэнцкага прадстаўніцтва Цімафей Малахоўскі.

«Меркаваньні студэнтаў ня ўлічваюцца»

Цімафей Малахоўскі падкрэсьлівае, што студэнты заключалі дамовы на іншых умовах. У дамовах, заключаных да 2018 году, запісана, што мяняць стаўкі аплаты можна толькі ў выключных выпадках, якія не залежаць ад бакоў. У пазьнейшых дамовах (з 2018 году) агаворана, што ўнівэрсытэт мае права зьмяняць стаўкі аплаты.

«Адна з прычын, чаму мы абураемся новымі ўмовамі, — якасьць адукацыі падае, лепшыя выкладчыкі сыходзяць».

ЭГУ двойчы атрымліваў нэгатыўную ацэнку Цэнтру ацэнкі якасьці вышэйшай адукацыі Літвы.

Да таго ж унутраная камунікацыя ЭГУ вельмі дрэнная, меркаваньні студэнтаў ня ўлічваюцца, рашэньні прымаюцца ў аднабаковым парадку», — пералічвае аргумэнты студэнцтва Цімафей Малахоўскі.

«Рэальны кошт навучаньня ў ЭГУ — 4500 эўра, студэнты плацяць максымум 2000 эўра»

Кіраўнік аддзелув камунікацыі і разьвіцьця ЭГУ Максімас Мілта кажа, што кожны студэнт-беларус атрымлівае базавую фінансавую падтрымку з боку донараў унівэрсытэту.

Максімас Мілта, архіўнае фота
Максімас Мілта, архіўнае фота

«Калі б мы былі дзяржаўнай ВНУ, то маглі б разьлічваць на дзяржаўнае фінансаваньне. Можа, нейкія дзяржаўныя беларускія ВНУ прымаюць усіх студэнтаў на бясплатныя месцы, аднак ЭГУ — гэта прыватны ўнівэрсытэт, які месьціцца ў Літве, і нашыя магчымасьці абмежаваныя донарскай дапамогай», — тлумачыць спадар Мілта.

Кіраўнік аддзелу камунікацыі і разьвіцьця ЭГУ прывёў такія лічбы: рэальны кошт навучаньня ў ЭГУ — прыкладна 4500 эўра ў год. Дзякуючы базавай падтрымцы донараў максымальны кошт навучаньня складае 2000 эўра ў год (44% ад рэальнага кошту).

«Стаўкі не павышаліся, перагледжаныя толькі паказчыкі рэйтынгу»

Галоўны аргумэнт афіцыйнага боку — ніводная стаўка аплаты (0/800/1400/2000 эўра ў год) у ЭГУ не зьмянілася — кошты навучаньня якія былі, такія і будуць. Перагледжаныя толькі паказчыкі акадэмічнага рэйтынгу.

«Асноўны акцэнт зьменаў грунтуецца на тым, каб гранты выдзяляліся менавіта за найвышэйшыя дасягненьні студэнтаў, што стымулюе якасьць вучэбных дасягненьняў. У канцы ліпеня было паведамлена, што пачынаючы з кастрычніка, каб вучыцца бясплатна, студэнтам трэба будзе мець акадэмічны рэйтынг 9,61. Улічваючы, што ў Літве 10-бальная сыстэма, такі рэйтынг дазваляе мець ня толькі дзясяткі, а і 9 балаў, каб атрымаць бясплатнае месца», — падкрэсьліў Максімас Мілта.

Ён прывёў прыклад: летась 29% першакурсьнікаў-беларусаў пачалі восеньскі сэмэстар бясплатна. Астатнія студэнты атрымалі гранты і паступілі з аплатай 800, 1400 ці 2000 эўра ў год.

«Рэйтынг студэнтаў кожны сэмэстар абнаўляецца і дазваляе студэнтам бесьперапынна змагацца за найбольш прывабныя фінансавыя ўмовы.

ЭГУ заўжды імкнецца да таго, каб нават неўнівэрсытэцкія фінансавыя сродкі выдзяляліся студэнтам. Напрыклад, ужо ўвосень 33 студэнты змогуць паехаць па праграме Эразмус+ са стыпэндыямі ад 420 да 520 эўра штомесяц. Фонд Конрада Адэнаўэра дае частцы магістрантаў-беларусаў адмысловыя стыпэндыі для навучаньня, урад Літвы выдае магістрантам літоўскія дзяржаўныя стыпэндыі за выбітныя акадэмічныя дасягненьні», — кажа Максімас Мілта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG