Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працавалі нелегальна, не адпавядалі крытэрам. Як і чаму ў Беларусі закрываліся прыватныя ВНУ


11 лістапада больш за 600 студэнтаў Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту выйшлі на страйк супраць рашэньня Мінадукацыі пазбавіць унівэрсытэт акрэдытацыі па некаторых спэцыяльнасьцях. Сёньня ўнівэрсытэт падаў скаргу на гэтае рашэньне, а студэнты і кіраўніцтва хвалююцца за далейшы лёс установы.

Свабода ўзгадала, як і чаму ў Беларусі закрываліся прыватныя ВНУ.

1. Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, закрыты ў 2004 годзе

27 ліпеня 2004 году ў Менску закрыўся Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Прарэктар ЭГУ Аляксандар Калбаска казаў, што падставай было тое, што будынак, арандаваны ВНУ, спатрэбіўся Міністэрству лясной гаспадаркі. Пасьля гэтага Мінадукацыі анулявала ліцэнзію ЭГУ, якую за месяц да таго выдала на 5 год.

Паводле загаду, падпісанага тагачасным міністрам адукацыі Аляксандрам Радзьковым, гэта адбылося «з прычыны адсутнасьці памяшканьня». Перад гэтым Радзькоў ва ўльтыматыўнай форме патрабаваў адстаўкі рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава.

Цяпер у колішнім будынку ЭГУ на вуліцы Петруся Броўкі 3/3 месьціцца Беларуская мэдычная акадэмія пасьлядыплёмнай адукацыі.

У 2005 годзе ЭГУ аднавіў дзейнасьць у Літве, з 2006 году мае статус прыватнага літоўскага ўнівэрсытэту і дагэтуль працуе ў Вільні.

2. Беларускі камэрцыйны інстытут кіраваньня, пазбаўлены ліцэнзіі ў 2003 годзе

БКІК быў адной зь першых прыватных ВНУ ў Беларусі, ён заснаваны ў 1993 годзе. Міністэрства адукацыі ў 2003 годзе пазбавіла ліцэнзій усе сем філіялаў БКІК — Полацкі, Горадзенскі, Магілёўскі, Мазырскі, Аршанскі, Баранавіцкі і Берасьцейскі. Прычынай стала тое, што ў некаторых філіялах ішоў набор на спэцыяльнасьці, не прадугледжаныя ліцэнзіяй.

3. Сучасная гуманітарная акадэмія, закрылася ў 2010 годзе

У 2004 годзе ў Беларусі зьявілася новая ВНУ — Сучасная гуманітарная акадэмія, якая была нібыта філіялам прыватнай расейскай ВНУ. Толькі праз 6 год, калі адна са студэнтак зьвярнулася ў Генпракуратуру, выявілася, што працавала акадэмія нелегальна.

З гэтага ж году ў Беларусі замежныя навучальныя ўстановы абавязалі рэгістраваць філіялы і атрымліваць ліцэнзію на адукацыйную дзейнасьць. Менская арганізацыя расейскай акадэміі падавала заяву ў Мінадукацыі, але там адмовілі ў акрэдытацыі. Нягледзячы на гэта, акадэмія праіснавала да 2010 году. Дзяўчыну, якая падала заяву ў Генпракуратуру, насьцярожылі некалькі момантаў, у тым ліку тое, што ў дамове з акадэміяй было напісана: студэнты вучацца ў Расеі. Але ніякіх нават выязных заняткаў у РФ не было.

4. Інстытут сучасных ведаў імя Шырокава, у 2005 годзе закрыліся некалькі філіялаў і адзін факультэт

Інстытут сучасных ведаў — першая прыватная ВНУ ў Беларусі. Установа заснаваная доктарам тэхнічных навук, прафэсарам Аляксандрам Шырокавым у 1990 годзе.

У 2005 годзе ІСВ прыпыніў навучаньне на факультэце сацыяльных тэхналёгій і права. Закрыліся філіялы ВНУ ў Берасьці, Горадні і Віцебску. Тагачасная галоўная інспэктарка ўпраўленьня вышэйшай і сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Алёна Ліпа казала, што дэпартамэнт кантролю якасьці ведаў праводзіў у інстытуце праверку. У выніку высьветлілася, што падрыхтоўка юрыдычных кадраў у ІСВ нібыта не адпавядае крытэрам вышэйшых навучальных устаноў.

Студэнты хваляваліся, што інстытут могуць закрыць, але ён працуе.

5. Прыватны жаночы ўнівэрсытэт «Энвіла», існаваў да 2012-га

Будынак «Энвілы»
Будынак «Энвілы»

У 2012 годзе пасьля 18 гадоў існаваньня закрыўся прыватны жаночы ўнівэрсытэт «Энвіла». Студэнтак прынялі на вучобу ў БДПУ і БДУ.

У інстытуце ўпэўнівалі, што ліквідаваць унівэрсытэт пастанавілі з прычыны «эканамічнай нерэнтабэльнасьці». Установа не спраўлялася з наборам студэнтак, мусіла трымаць нізкія цэны навучаньня. Профільнымі ва ўнівэрсытэце «Энвіла» былі тры спэцыяльнасьці: сучасныя замежныя мовы, бізнэс-адміністраваньне і псыхалёгія.

Цяпер у Беларусі працуе 9 прыватных унівэрсытэтаў. Апошнія падзеі ў Мінскім інавацыйным унівэрсытэце могуць зьменшыць гэтую лічбу. Фармальна скарачаецца і колькасьць дзяржаўных унівэрсытэтаў. Напрыклад, Інстытут журналістыкі БДУ перафармавалі ў два факультэты БДУ, а Інстытут імя Сахарава стаў падразьдзяленьнем БДУ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG