Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыбылі супрацоўнікі КДБ». Студэнты сталічнай ВНУ выйшлі на забастоўку

абноўлена

Студэнты Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту абвясьцілі забастоўку. 11 лістапада 2019 году
Студэнты Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту абвясьцілі забастоўку. 11 лістапада 2019 году

Студэнты Менскага інавацыйнага ўнівэрсытэту абвясьцілі раніцай 11 лістапада, што пачынаюць страйк супраць рашэньня Мінадукацыі пазбавіць унівэрсытэт акрэдытацыі на навучаньне некаторым спэцыяльнасьцям. У забастоўцы бяруць удзел больш за 600 студэнтаў, паведамілі Свабодзе ва ўнівэрсытэце.

Рэктар МІУ Мікалай Суша камэнтаваць патрабаваньні студэнтаў адмовіўся, але пацьвердзіў, што страйк пачаўся. Паводле рэктара, цалкам навучальны працэс ва ўнівэрсытэце ня спынены.

«Працягваецца навучаньне завочнікаў і першакурсьнікаў, але большая частка студэнтаў сапраўды ўдзельнічаюць у мітынгу, на якім заявілі пра забастоўку. Мітынг не спыняецца, ён адбываецца ў будынку ўнівэрсытэту. Прадстаўнікоў Мінадукацыі тут я ня бачыў, а вось прадстаўнікі КДБ прыехалі», — сказаў Свабодзе Мікалай Суша.

Рэктар Мікалай Суша выступае перад студэнтамі
Рэктар Мікалай Суша выступае перад студэнтамі

Паводле рэктара, Мінадукацыі не адклікала рашэньняў, якія сталі прычынай страйку студэнтаў.

Пазьней прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая паведаміла Свабодзе, што прадстаўнікі міністэрства выехалі ў Менскі інавацыйны ўнівэрсытэт, дзе бастуюць студэнты. Спэцыялісты будуць на месцы абмяркоўваць праблемы, якія паднялі студэнты ВНУ, сказала яна.

Не працягнулі акрэдытацыі па пяці спэцыяльнасьцях

Міністэрства адукацыі не працягнула для МІУ акрэдытацыю ў пяці спэцыяльнасьцях — «правазнаўства», «эканоміка і кіраваньне на прадпрыемстве», «праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій», «транспартная лягістыка» і «псыхалёгія», на якіх навучаюцца 1600 студэнтаў. Для іх рашэньне Мінадукацыі азначае, што пасьля вучобы ім могуць ня выдаць дыплёмы дзяржаўнага ўзору.

Міністар адукацыі Ігар Карпенка раней запэўніваў студэнтаў МІУ, што яны змогуць працягнуць навучаньне ў іншых ВНУ, але ня ўсіх гэта задавальняе. Адна з прычынаў незадавальненьня студэнтаў — акадэмічная розьніца навучаньня ў менскіх ВНУ.

Адзін з удзельнікаў студэнцкай забастоўкі, стараста 4-га курсу (спэцыяльнасьць «Правазнаўства») Фёдар Багданаў патлумачыў, чаму ён зь сябрамі далучыўся да страйку.

«Так, нібыта мы маем магчымасьць перавесьціся ў іншую ВНУ, але ўсяго паўтара месяца застаецца часу, каб здаць экзамэны па прадметах, якіх мы не вывучалі, — тлумачыць ён. — А зь некаторымі ВНУ ў нас розьніца сягае 30 прадметаў. І другая прычына — што нашу ВНУ пазбаўляюць акрэдытацыі па нашай спэцыяльнасьці, а рэальных прычын не называюць. Нас як будучых правазнаўцаў гэта ўдвая абурае».

Студэнтка Аліна Бялко абвергла думку, што да забастоўкі студэнтаў падштурхнула адміністрацыя МІУ.

«У нас сапраўды вельмі моцнае студэнцкае самакіраваньне, — запэўніла студэнтка. — Такі прыклад: калі ў некаторых ВНУ націскаюць на студэнтаў, каб яны заплацілі тыя ж унёскі ў БРСМ, у нас гэтага няма, нават не спрабуюць на кагосьці ціснуць. І тут мы цалкам самастойна вырашылі выйсьці сёньня на мітынг і абараніць наш унівэрсытэт».

Паводле рэктара МІУ Мікалая Сушы, 12 лістапада заняткі ва ўнівэрсытэце цалкам адновяцца — аб такім рашэньні яго ўжо праінфармавала студэнцкая рада. Таксама студэнты паведамілі, што рыхтуюць пэтыцыю ў абарону свайго ВНУ, якую адрасуюць у Міністэрства адукацыі.

Што такое МІУ

Менскі інавацыйны ўнівэрсытэт быў заснаваны ў 1991 годзе доктарам эканамічных навук, прафэсарам Мікалаем Сушам. У ім рыхтуюць спэцыялістаў па 12 спэцыяльнасьцях у галіне эканомікі, права, псыхалёгіі, замежных моваў, інфармацыйных тэхналёгіяў і дызайну.

Паводле афіцыйнага сайту ўнівэрсытэту, сёньня ў ім агулам навучаюцца больш за 11 тысяч студэнтаў на дзённай і завочнай формах навучаньня, зь імі працуюць больш за 220 выкладчыкаў. У 2019 годзе на першы курс унівэрсытэту набралі 570 чалавек (зь іх 390 чалавек — на дзённую форму навучаньня), прахадны бал пры паступленьні — у сярэднім быў каля 200 балаў.

Усяго ў Беларусі 51 ВНУ, дзевяць зь іх — прыватныя. У 2018-2019 гадах ва ўсіх беларускіх ВНУ навучаліся агулам каля 268 тысяч студэнтаў (паводле афіцыйнай статыстыкі).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG