Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўпершыню за 6 гадоў прынялі дэфіцытны бюджэт. Што гэта значыць


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разглядалі бюджэт каля 50 хвілін. Кампэнсацыі ад Расеі не чакаюць, дадатковыя грошы дадуць бюджэтнікам. Свабода разабралася, чаго чакаць ад новага бюджэту.

19 лістапада Палата прадстаўнікоў (яшчэ мінулага, 6-га скліканьня) прыняла бюджэт у першым чытаньні. Упершыню за 6 гадоў ён будзе дэфіцытны — гэта значыць, што расходы ў ім перавышаюць даходы. Расходы большыя на 995,1 мільёна рублёў. Глядзім, дзе ўзяць гэтыя грошы.

«Могуць траціць назьбіранае, могуць пазычыць»

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Гэта сытуацыя на цяперашні момант, гэта ня значыць, што грошай абсалютна няма і няма адкуль іх узяць. Мінулыя 6 гадоў даходы перавышалі расходы. Гэтая розьніца магла на нешта траціцца, а магла назапашвацца. Значыць, якраз гэтае назапашанае можа траціцца цяпер. Урад можа таксама павялічыць пазыкі на ўнутраным і зьнешнім рынках. Гэта пойдзе на фінансаваньне дэфіцыту», — кажа старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Летась дадатковыя даходы паступілі ў рэзэрвовы фонд Аляксандра Лукашэнкі. Гэты прырост далі калійныя ўгнаеньні.

«На кампэнсацыю ад Расеі не разьлічваюць, але спадзяюцца»

Намесьнік міністра фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў, адказваючы на пытаньні журналістаў у Палаце прадстаўнікоў, паведаміў, што:

  • Пакуль Беларусь не плянуе датэрміновага пагашэньня крэдытаў.
  • Міністэрствы фінансаў Беларусі і Расеі ня будуць абʼядноўвацца.
  • Акцызы на паліва пакуль расьці ня будуць.

У бюджэце не закладзена кампэнсацыя ад Расеі па «падатковым манэўры». Ад гэтай расейскай рэформы Беларусь можа страціць, па падліках чыноўнікаў, каля 400 мільёнаў даляраў. Паводле Селіверстава, «крыж на гэтым не пастаўлены», але бюджэт вярсталі «кансэрватыўна», то бок зыходзячы зь менш пазытыўнага сцэнару.

«Урад спадзяецца на кампэнсацыю, але не разьлічвае. Як правіла, бюджэты фармуюцца дастаткова кансэрватыўна, зыходзячы з рэалістычных і нават пэсымістычных сцэнараў. Размовы пра кампэнсацыю вяліся з канца мінулага году. Але калі раптам кампэнсуюць — будзе лішак даходаў, можна будзе думаць, як іх патраціць», — мяркуе Вадзім Іосуб.

Да выбараў надрукуюць грошы?

Паводле бюджэту, на заробкі бюджэтнікам дадаткова пералічаць 1,8 мільярда рублёў. Выдаткі на сацыяльную сфэру павялічаныя ня менш як на 11%. Але адкуль узяць грошы, калі бюджэт і так дэфіцытны? Паводле Вадзіма Іосуба, друкаваць лішнія грошы ўсё ж ня будуць.

«Зразумелыя крыніцы пакрыцьця дэфіцыту. Пра друкарскі станок гаворкі не вядзецца. Вышэйшая ўлада зразумела, што ўключаць друкарскі станок проста ня варта. Складана ўявіць, што павінна адбыцца, каб улада на гэта пайшла. Можна надрукаваць грошы, патраціць іх на заробкі ці на прадпрыемствы, але праз два кварталы — гэта азначае інфляцыю і дэвальвацыю. І людзі аказваюцца бяднейшымі, чым былі да ўключэньня станка», — кажа Вадзім Іосуб.

Паводле бюджэту, Беларусь плянуе імпартаваць з Расеі 18 мільёнаў тон нафты. Летась з Расеі імпартавалі амаль столькі ж — 18,2 мільёна тон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG