Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Магілёве і Менску пратэстуюць таксісты «Яндэкса»


У Магілёве таксісты «Яндэкс.Таксі» абвясьцілі страйк. Яны заяўляюць, што цягам бліжэйшых трох дзён на працу ня выедуць. Забастоўку называюць акцыяй пратэсту: гэтак яны патрабуюць ад наймальнікаў павялічыць тарыфы. Незадаволеныя ўмовамі працы і менскія таксісты «Яндэкса». Яны таксама зладзілі свой пратэст.

Расейскі сэрвіс «Яндэкс.Таксі» працуе ў Беларусі ад лютага 2016 году. У «Яндэксе» заяўляюць, што не зьяўляецца працадаўцамі і наймальнікамі таксістаў, а гэтыя функцыі выконваюць мясцовыя транспартныя кампаніі.

Чаго дамагаюцца таксісты. Сьцісла

  • Падняць тарыфы мінімум у паўтара раза.
  • Перагледзець умовы працы.
  • Усталяваць прамыя адносіны з наймальнікам.
  • Каб расейская кампанія зрэагавала на пратэст.

Таксоўцы пра цяперашнія тарыфы

17 лістапада на паркоўцы аднаго з найбуйнейшых у Магілёве гандлёвых цэнтраў «Е-Сіці» сабраліся заявіць пра пачатак акцыі пратэсту больш як 60 таксістаў. Паводле іх, гэта ня першая спроба прыцягнуць увагу наймальніка да ўмоваў працы. Пра ранейшыя пратэставыя сходкі яны пісалі ў сацыяльных сетках.

Таксісты пратэстуюць супраць тарыфаў наймальніка
Таксісты пратэстуюць супраць тарыфаў наймальніка

Паводле пратэстоўцаў, у Магілёве аплата працы таксістаў — адна з самых нізкіх у Беларусі. Першыя тры кілямэтры паездкі абыходзяцца пасажыру ў 2 рублі, за кожны наступны кілямэтар ён плаціць 35 капеек. У іншых абласных цэнтрах кілямэтар каштуе 55–60 капеек.

Магілёўскія таксісты настойваюць: каб зарабіць за месяц больш як 500 рублёў, ім трэба за суткі выканаць 40 заказаў. Тады наймальнік гарантуе выплату суткавага бонусу ў 160 рублёў «бруднымі». Паводле іх, за 8 гадзін выканаць такую норму нерэальна, таму многія працуюць па 12–16 гадзін. За месяц выходзіць 600 рублёў. 15–20 працэнтаў з заробленага «Яндэкс» забірае сабе.

«Калі едуць у таксі чатыры чалавекі, — тлумачаць арытмэтыку тарыфу пратэстоўцы, — то ім паездка выходзіць таньней, чым у грамадзкім транспарце. Адзін квіток у ім — 55 капеек. За тыя ж 2 кілямэтры пасажыры заплацілі б аўтобуснаму парку 2,20 рубля».

Што прапануюць таксісты наймальніку

Пратэстоўцы прапануюць павялічыць тарыфы ў 1,5 раза. Яны лічаць, што за першыя 4 кілямэтры пасажыр мае плаціць 3 рублі. Затым па 60 капеек за кожны наступны кілямэтар.

Прыкладаньне апэратара «Яндэкс». Пратэстоўцы кажуць, што фіялетавым колерам адзначаны павышаны попыт на таксі
Прыкладаньне апэратара «Яндэкс». Пратэстоўцы кажуць, што фіялетавым колерам адзначаны павышаны попыт на таксі

Сваю пазыцыю данесьці наймальніку таксісты ня могуць, бо ня маюць зь ім сувязі наўпрост. Па іх словах, у горадзе няма і дыспэтчарскай службы, куды можна было б паскардзіцца.

«Мы можам толькі напісаць у службу падтрымкі, — кажуць яны, — але адтуль адпісваюць шаблённа: „Мы пільнуем сытуацыю“ і „Партнэрства павінна быць сумленным“».

Магілёўскія пратэстоўцы: «Яндэкс» баіцца абʼяднаньня кіроўцаў

Агрэгатар «Яндэкс» зьявіўся ў Магілёве 28 траўня 2018 году. Паводле суразмоўцаў, наняцца на працу ў гэтую кампанію нескладана. Дастаткова на пэўны нумар у вайбэры даслаць пасьведчаньне кіроўцы і тэхпашпарт. Пасьля гэтага прыйдзе спасылка на код адмысловага мабільнага прыкладаньня. Спампаваўшы яго, можна таксаваць.

Пратэстоўцы кажуць, што рэгулярна пад брэндам «Яндэкс.Таксі» ў горадзе працуе пад 300 чалавек. Зарэгістравана ж блізу 1 тысячы. Нямала кіроўцаў выяжджаюць на лініі пасьля асноўнай працы, каб падзарабіць.

Таксісты тлумачаць, што многія іхныя калегі на час пратэсту пазьяжджалі з Магілёва ў іншыя гарады і таксуюць там.

Паркоўка гандлёвага цэнтру застаўленая машынамі «Яндэкс.Таксі». Некаторыя з бартоў бяз брэнда наймальніка. Гэта дазваляецца
Паркоўка гандлёвага цэнтру застаўленая машынамі «Яндэкс.Таксі». Некаторыя з бартоў бяз брэнда наймальніка. Гэта дазваляецца

Некаторыя з пратэстоўцаў мяркуюць, што «Яндэкс» баіцца абʼяднаньня кіроўцаў. На іхную думку, «пакуль ня выйдзе 90 працэнтаў таксістаў, наймальнік не адчуе праблемы».

Пратэстуюць таксісты і ў Менску

Пратэстуюць супраць нізкіх тарыфаў і менскія таксісты зь «Яндэксу». Яны выказвалі незадаволенасьць 16 лістапада на паркоўцы гіпэрмаркета «Карона». У сталіцы пасажыр плаціць за кілямэтар паездкі 30 капеек.

Як і калегі з Магілёва, менчукі наракаюць, што няма прамой сувязі з наймальнікам. Яны спадзяюцца, што сваім пратэстам зьвернуць увагу кампаніі на праблему і што з тарыфамі будзе знойдзены кампраміс.

Магілёўскія таксісты настойваюць: калі іхны трохдзённы пратэст ня дасьць плёну, то такія акцыі будуць рабіць рэгулярна ў гадзіны найбольшага наплыву пасажыраў. Яны дапускаюць, што бальшыня кіроўцаў сыдзе зь «Яндэкса», бо ніхто ня будзе працаваць па «нізкіх тарыфах».

Што адказвае «Яндэкс»

Свабода зьвярнулася ў прэсавую службу «Яндэкса», каб высьветліць пазыцыю кіраўніцтва кампаніі адносна пратэсту магілёўскіх і менскіх таксістаў. У лісьце было тры пытаньні:

  • Ці ведае кіраўніцтва сэрвісу пра пратэсты таксістаў у Магілёве і Менску?
  • Ці абгрунтаваныя іхныя патрабаваньні павялічыць тарыфы?
  • Ці існуе сувязь наўпрост з таксістамі?

Кіраўніца прэсавай службы расейскай кампаніі Вольга Дземʼянюк адказала, што «Яндэкс.Таксі» ў краіне працуе ў звычайным рэжыме.

«Колькасьць паездак актыўна расьце, павялічваецца колькасьць кіроўцаў на лініі. Таксапаркі-партнэры таксама працуюць як звычайна. Мы пастаянна на сувязі зь імі і заўсёды, у працоўным парадку, абмяркоўваем пытаньні, зьвязаныя з працаю сэрвісу», — гаворыцца ў яе адказе.

Вольга Дземʼянюк удакладняе: «„Яндэкс.Таксі“ — гэта інфармацыйны цэнтар, які не зьяўляецца працадаўцам і наймальнікам. Гэтыя функцыі выконваюць ягоныя партнэры — мясцовыя транспартныя кампаніі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG