Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колы сьмерці. Вядомыя беларусы, якія загінулі ў аўтакатастрофах


Трэцяя нядзеля лістапада — Усясьветны дзень памяці ахвяраў дарожна-транспартных здарэньняў (ДТЗ). Адзначаецца з 2005 году, статус гэтага дня замацаваны адмысловай рэзалюцыяй ААН.

З імклівай аўтамабілізацыяй на ўсіх кантынэнтах расьце колькасьць ДТЗ. Дзень памяці лішні раз нагадвае пра патрэбу практычных захадаў, каб зьнізіць узровень сьмяротнасьці на дарогах.

У ліку ахвяраў дарожна-транспартных здарэньняў нямала і вядомых беларусаў — ад першых уладных асобаў да музыкаў і спартоўцаў. Успомнім іхныя імёны.

1970. Рыгор Кісялёў, намесьнік старшыні Савету міністраў БССР

Рыгор Кісялёў быў першым у Беларусі чыноўнікам высокага рангу, які стаў ахвярай ДТЗ. 10 красавіка 1970-га ён трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе на 57-м годзе жыцьця. Ва ўмовах абмежаванай падачы інфармацыі абставіны здарэньня публічна не агучваліся.

Ураджэнец колішняга Рагачоўскага павету змалку мроіў аб прафэсіі настаўніка і да Другой усясьветнай вайны выкладаў і дырэктарстваваў у школах.

Быў мабілізаваны ў Чырвоную армію, двойчы паранены, камісаваны. Пасьля вызваленьня Беларусі скончыў гістфак Гомельскага пэдінстытуту, абараніў дысэртацыю і стаў кандыдатам гістарычных навук. У 1953-м Кісялёва прызначылі міністрам культуры БССР, а яшчэ праз 10 гадоў ён стаў міністрам асьветы. На апошняй пасадзе дамогся пераўтварэньня Мазырскага настаўніцкага інстытуту ў пэдагагічны, адкрыцьця ў Полацку пэдынстытуту, стварэньня ў Менску Інстытуту ядзернай энэргетыкі, заснаваньня Літаратурнага музэю Якуба Коласа і г.д.

У сярэдзіне 1960-х пачаўся пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Аднак новыя праграмы, ухваленыя міністрам, аказаліся занадта складанымі для вучняў. Акрамя таго, звужалася сфэра выкарыстаньня беларускай мовы.

Нягледзячы на крытыку, у траўні 1968 году Кісялёў пайшоў на павышэньне — стаў намесьнікам старшыні Савету міністраў БССР. На гэтай пасадзе праслужыў зусім нядоўга, пакуль не загінуў у аўтакатастрофе.

1976. Фёдар Сурганаў, старшыня Вярхоўнага Савету БССР

Фёдар Сурганаў
Фёдар Сурганаў

У канцы сьнежня 1976 году ў Беларусь прыбыў другі сакратар ЦК Камуністычнай партыі Кубы Рауль Кастра. Малодшы брат Фідэля, лідэра кубінскай рэвалюцыі, зрабіў круг, едучы з 70-гадовага юбілею генэральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева, каб адпачыць у Белавескай пушчы.

Туды выправіліся і першыя асобы рэспублікі — старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Фёдар Сурганаў, першы сакратар ЦК КПБ Пётар Машэраў, старшыня Савету міністраў Ціхан Кісялёў, камандуючы авіяцыяй Беларускай вайсковай акругі Леанід Бяда. Пасьля цёплага прыёму Кастра паляцеў, а мясцовыя начальнікі засьпяшаліся ў Менск на Новы год.

VIP-калёну суправаджалі машыны берасьцейскай ДАІ. Сурганаў, Кісялёў і Бяда ехалі ў адным аўтамабілі. Умовы надвор’я былі жахлівыя, бачнасьць амаль нулявая. Сурганаўская «Чайка» збочыла на запраўку, там Кісялёў перасеў у іншую машыну, якая ад’яжджала раней. Гэта ўратавала яму жыцьцё.

Пасьля АЗС на вялікай хуткасьці даганялі астатніх. У гэты час па правым баку ехаў аўтобус, кіроўца якога праігнараваў каманду інспэктараў спыніцца. Тым часам іншы аўтобус, які рухаўся ў спадарожным кірунку, стаў на дарозе, ня зьехаўшы на ўзбочыну. У выніку яны сутыкнуліся і перагарадзілі трасу, адрэзаўшы «Чайку» ад галавы калёны.

На сьлізкім асфальце аварыя была непазьбежнай. Удар быў надзвычай моцны, выжыў толькі кіроўца спэцмашыны. Сурганаў загінуў адразу, Бяду выкінула праз бакавую шыбу.

Вінаватым прызналі кіроўцу ўкраінскага аўтобуса з Львова Нядзельскага. Той казаў, што прыехаў са знаёмым у Беларусь закупіцца перад Новым годам. Атрымаў 15 гадоў турмы, выйшаў па амністыі.

1980. Пётар Машэраў, першы сакратар Цэнтральнага камітэту КПБ

Пётар Машэраў
Пётар Машэраў

Каб ня зьбег абставінаў, першы сакратар ЦК КПБ Пётар Машэраў мог загінуць яшчэ ў 1976-м, аднак тады ягоная машына аказалася наперадзе «Чайкі» Фёдара Сурганава. І ўсё ж лёс быў да яго бязьлітасны.

Машэраў загінуў 4 кастрычніка 1980 году ў аўтамабільнай аварыі на шашы Менск — Масква непадалёк ад Смалявічаў. На шляху картэжу, які суправаджала міліцэйская «Волга» без спэцсыгналаў, нечакана апынуўся грузавік ГАЗ-53 жодзінскай экспэрымэнтальнай базы, загружаны бульбай.

Афіцыйна гібель тагачаснага кіраўніка Беларусі патлумачылі «трагічнай выпадковасьцю». Але неўзабаве пасьля трагедыі па ўсім Савецкім Саюзе папаўзьлі чуткі: ад канкурэнта пазбавілася гаспадары Крамля, дзе праз хваробу Леаніда Брэжнева абвастрылася барацьба за месца Генэральнага сакратара ЦК КПСС. Зрэшты, рэальных пацьверджаньняў гэтаму так і не знайшлося.

Мікалай Пуставіт, кіроўца машыны, ад сутыкненьня зь якой загінуў Пётар Машэраў, пазьней расказваў, што выехаў на сустрэчную паласу, пазьбягаючы сутыкненьня з аўтамабілем МАЗ, які рухаўся наперадзе. Той пачаў рэзка тармазіць, пры гэтым заднія стоп-сыгналы не працавалі. Каб не зваліцца ў кювэт, рэзка ўзяў улева, праз МАЗаўскія габарыты ня бачачы, што насустрач рухаецца ўрадавы картэж. «Волга» пасьпела праскочыць, «Чайка» з Машэравым — не.

Пуставіта суд прызнаў вінаватым і асудзіў на 15 гадоў зьняволеньня. З турмы ён выйшаў праз 5 гадоў, зноў сеў за руль, стаў «дальнабойшчыкам».

1996. Анатоль Майсеня, прэзыдэнт Цэнтру стратэгічных ініцыятыў «Усход-Захад»

Анатоль Майсеня
Анатоль Майсеня

Яшчэ маладым Анатоль Майсеня стаў адным з аўтарытэтных экспэртаў у галіне беларускай геапалітыкі. Яго ахвотна запрашалі на міжнародныя канфэрэнцыі, ён сам быў арганізатарам шматлікіх форумаў у Менску.

Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў і асьпірантуру Інстытуту філязофіі і права Акадэміі навук Беларусі. Кандыдат філязофскіх навук.

12 лістапада 1996 году на трасе М1 аўтамабіль «Джып Чэрокі», на якім Майсеня вяртаўся з канфэрэнцыі ў Італіі, трапіў у аварыю — урэзаўся ў грузавік, які стаяў без габарытных ліхтароў. Гэта здарылася пад Нясьвіжам, недалёка ад вёскі, дзе Майсеня нарадзіўся. Зь цяжкімі траўмамі яго павезьлі ў шпіталь, але па дарозе ён памёр. Яму было ўсяго 37 гадоў.

Па вэрсіі сьледзтва, кіроўца пазадарожніка ня справіўся з кіраваньнем. Але шмат хто дагэтуль лічыць, што аварыя была падстроеная. Пра гэта казаў і тагачасны міністар унутраных спраў Юры Захаранка, які лічыў, што ўплывовага палітоляга прыбралі напярэдадні лёсавызначальнага рэфэрэндуму.

Людміла Майсеня, старэйшая сястра Анатоля, у камэнтары для Радыё Свабода згадвала апошнюю размову з братам, той сказаў: «Хутка рэжым пойдзе ва-банк, і ў мяне ёсьць зьвесткі, што першым, каго яны зьнішчаць, буду я...»

Па выніках 1996 году за артыкул «Беларусь у імгле» Беларуская асацыяцыя журналістаў пасьмяротна ўзнагародзіла Анатоля Майсеню прэміяй за найлепшы аналітычны матэрыял. Многія ягоныя публікацыі ня страцілі сваёй актуальнасьці і праз чвэрць стагодзьдзя.

1999. Тамара Дудко, генэральная дырэктарка бровару «Аліварыя»

Тамара Дудко была ў першай хвалі бізнэсвумэн незалежнай Беларусі. На пачатку 1990-х узначаліла піўзавод «Аліварыя», была намесьніцай старшыні Савету Рэспублікі, кіравала Беларускім саюзам жанчын.

2 студзеня 1999-га яе жыцьцё дачасна спынілася на трасе Менск — Мядзел. 24-гадовы кіроўца Дзьмітры Кручанок ня справіўся з кіраваньнем на сьлізкай дарозе і, каб не зваліцца ў кювэт, вывернуў свой «Фальксваген Пасат» на сустрэчную паласу. У выніку лабавога сутыкненьня аўтамабіль «Вольва 460» з Тамарай Дудко некалькі разоў перакуліўся. Сама Тамара Дудко і яе зяць памерлі па дарозе ў шпіталь, дачка і сын атрымалі траўмы.

Паводле матэрыялаў справы, Кручанок быў п’яны і пасьля аварыі зьехаў, пакінуўшы пацярпелых без дапамогі. Вінаватага хутка затрымалі, ён быў асуджаны на 7 гадоў турмы.

Пасьля гібелі 53-гадовай кіраўніцы «Аліварыі» яе месца заняў сын Мікалай, які ацалеў у аўтакатастрофе. Імем Тамары Дудко названая вуліца ў Маладэчне, дзе нараджэнка Вілейкі скончыла палітэхнікум.

У якасьці кіраўніцы Беларускага саюзу жанчын Тамара Дудко спрычынілася да адкрыцьця першага прытулку для жанчын, якія пацярпелі ад гвалту, а таксама да стварэньня фонду сацыяльнай падтрымкі маламаёмных.

2000. Мікола Ермаловіч, гісторык, публіцыст, пісьменьнік

Партрэт Міколы Ермаловіча. Карціна мастака Кастуся Харашэвіча
Партрэт Міколы Ермаловіча. Карціна мастака Кастуся Харашэвіча

Чалавек, які дакапаўся да беларускіх нетраў Вялікага Княства Літоўскага, загінуў на пешаходным пераходзе ў Менску. У сакавіку 2000 году, пераходзячы вуліцу, ён трапіў пад колы таксоўкі, так і не пасьпеўшы патрымаць у руках сваю выніковую працу — «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

Безабароннасьць Міколы Ермаловіча была ў вельмі слабым зроку — на сьвет ён глядзеў праз магутныя лінзы акуляраў і хадзіў літаральна навобмацак. У нацыянальна-арыентаваным асяродку ён быў знакавай фігурай. Яшчэ ў 1970-х пад псэўданімам Сымон Беларус ён падпольна выпускаў часопіс «Гутаркі», у самвыдаце хадзіла дасьледаваньне «Па сьлядах аднаго міту».

У часы незалежнасьці заслугі Ермаловіча былі адзначаныя прыняцьцем у Саюз пісьменьнікаў, Дзяржаўнай прэміяй імя Кастуся Каліноўскага за кнігу «Старажытная Беларусь» і мэдалём Францішка Скарыны. У гэты ж час ён атрымаў магчымасьць пераехаць у Менск з Маладэчна, куды з рызыкай для жыцьця штодня дабіраўся электрычкамі.

Як піша ў кнізе «Імёны Свабоды» Ўладзімер Арлоў, прыхільнікі Міколы Ермаловіча называлі яго заснавальнікам новай рамантычнай гістарыяграфіі, а вось акадэмічная навука мела да працаў заўвагі. Аднак пры гэтым ніхто з крытыкаў не адмаўляў, што дасьледчык зьдзейсьніў сапраўдны подзьвіг: адкінуўшы канцэпцыі несамастойнасьці Беларусі, абудзіў цікавасьць да мінулага ў дзясяткаў тысяч суайчыньнікаў.

У іншай краіне чалавек з такімі заслугамі атрымаў бы адпаведны мэдычны догляд і аўтамабіль з кіроўцам. Таму сьмерць Міколы Ермаловіча — зь ліку тых, што застануцца на сумленьні рэжыму, лічыць Уладзімер Арлоў.

2003. Уладзімер Мулявін, заснавальнік ансамбля «Песьняры»

Помнік на магіле Ўладзімера Мулявіна
Помнік на магіле Ўладзімера Мулявіна

Уладзімер Мулявін нарадзіўся ў расейскім Сьвярдлоўску, але асацыюецца перадусім зь беларускай культурай. У 1963-м ён быў запрошаны ў Белдзяржфілярмонію, а празь пяць гадоў заснаваў ансамбль «Лявоны», які неўзабаве стаў «Песнярамі».

На Вялікдзень 2002 году артыст трапіў у жорсткую аўтааварыю, калі вяртаўся на сваім «Мэрсэдэсе» з загараднага дому ў Менск. Ён атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджаньні, а 26 студзеня 2003-га памёр у шпіталі. Пахаваны на Ўсходніх могілках сталіцы.

Вакол Мулявіна хапала асабістых трагедый. У 1973 годзе пры нявысьветленых абставінах у Ялце загінуў ягоны старэйшы брат. Справа так і не была расьсьледаваная, пракуратура прыйшла да высновы, што той «упаў на парапэт і разьбіўся». Аднак ёсьць вэрсія, што Валерыя забілі крымінальнікі. У дзень сьмерці Мулявіна «Песьняры» адыгралі два канцэрты, перанесьці выступы чыноўнікі не дазволілі.

Незайздросным аказаўся і лёс сына. Уладзімер Мулявін-малодшы таксама быў музыкам і нейкі час супрацоўнічаў з бацькавым ансамблем. Яго асудзілі за распаўсюд наркотыкаў, і ў 2006-м ён памёр у зьняволеньні.

2008. Сьвятаслаў Хадановіч, лідэр блюзавага гурту Svet Boogie Band

Сьвятаслаў Хадановіч
Сьвятаслаў Хадановіч

У ноч на 13 верасьня 2008-га загінуў пад коламі аўтамабіля 28-гадовы сьпявак Сьвятаслаў Хадановіч, лідэр папулярнага блюзавага гурту SVET BOOGIE BAND. «Сьвет», як яго называлі сябры, за кароткі час стаў адным з аўтарытэтаў неканьюнктурнай музыкі далёка за межамі Беларусі.

Дантыст паводле адукацыі, ён зьмяніў стаматалягічны кабінэт на сцэну. І адышоў, толькі пачаўшы ўзьлёт.

Пры канцы 1990-х Сьвятаславу дапамог раскрыцца заснавальнік менскага «Стар-клюбу», экс-музыка «Верасоў» Генадзь Старыкаў (некалькі гадоў таму таксама дачасна памёр). Ён даў магчымасьць тады яшчэ 19-гадоваму юнаку ўзяць удзел у фэстывалі «Блюз жыве ў Менску», абмінуўшы клюбныя адборы. Прызнаваўся, што быў захоплены хлопцам: той засьпяваў клясыку Джыма Сьміта, паўтарыць якога лічылася немагчымым.

«Сьвет» марыў сыграць у горадзе, які натхняў яго сваёй блюзавай спадчынай. Гэта Чыкага, адкуль выйшлі многія майстры клясычнага блюзу. Зь ягонымі тэмпамі інтэграцыі ў музычную культуру мары былі не такімі ўжо фантастычнымі. Але лёс распарадзіўся інакш.

2009. Зінаіда Стагурская, чэмпіёнка сьвету ў веласпорце

Зінаіда Стагурская
Зінаіда Стагурская


Ад сярэдзіны 1990-х нараджэнка Віцебшчыны Зінаіда Стагурская жыла ў Італіі, дзе выступала за прафэсійныя велаклюбы. У чэрвені 2009-га традыцыйна прыехала на пабыўку дадому — і, замест таго каб адпачываць, працягвала трэніравацца.

У суправаджэньні свайго першага трэнэра Ўладзімера Пячорына практыкавалася на трасе Віцебск — Гомель, каб у найлепшай форме падысьці да чэмпіянату Беларусі. Яна ехала сьледам за «Жыгулямі» настаўніка — і на 94-м кілямэтры трасы трапіла пад колы пазадарожніка. Як высьветліла сьледзтва, «Хонда», за рулём якой знаходзілася жыхарка Санкт-Пецярбургу, на хуткасьці 140 кілямэтраў у гадзіну нечакана выскачыла на сустрэчную паласу і зьбіла спартоўку. Мяркуецца, што жанчына заснула за рулём.

Зінаіда Стагурская памерла на месцы ДТЗ, ёй было 38 гадоў.

Спартоўка, якая спэцыялізавалася ў гонках на шашы, першага сур’ёзнага посьпеху дасягнула ў 1992 годзе — стала чэмпіёнкай СНД. Самастойнай камандай Беларусь тады яшчэ не выступала.

Брала ўдзел у трох Алімпіядах, але па-сапраўднаму трыюмфальным для яе стаў 2000 год — на чэмпіянаце сьвету ў Францыі беларуска выйграла групавую гонку. На наступны год падмацавала кляс, здабыўшы перамогу ў агульным заліку на шматдзёнцы «Джыра д’Італія», а ў 2002-м першынствавала ў «Вялікай пятлі» (жаночы аналяг «Тур дэ Франс»). Неаднаразова перамагала на этапах Кубка сьвету.

У Зінаіды засталіся дачка і ўнучка, якая нарадзілася незадоўга да трагедыі.

2010. Тацяна Сапач, паэтка, удзельніца нефармальнага руху, аўтарка Свабоды

Тацяна Сапач за год да аўтакатастрофы
Тацяна Сапач за год да аўтакатастрофы

Яшчэ студэнткай факультэту журналістыкі БДУ Тацяна Сапач далучылася да легендарнай «Майстроўні», дзе, нягледзячы на рызыку адлічэньня, распаўсюджвалі ідэі незалежнасьці яе аднакурсьнікі — Барыс Сачанка (Пятровіч), Ігар Гермянчук, Сяргей Навумчык ды будучы муж Сяргей Дубавец.

Пасьля было разьмеркаваньне ў Гомлю, дзе яны зь Сяргеем заснавалі моладзевую суполку «Талака». Адтуль вярнуліся ў Менск, у перабудовачным 1987-м Тацяна стварыла аўтарскую праграму «Альбаросіка» на радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная».

А ў 1991-м зьехалі ў Вільню, каб аднавіць тутэйшы беларускі асяродак. Сяргей рэдагаваў адноўленую «Наша Ніву», а Тацяна, апрача напісаньня тэкстаў для газэты, яшчэ была рэдактаркай і аўтаркай праграмы «Віленскі сшытак» на Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі. Абодва супрацоўнічалі з Радыё Свабода.

Іх сумесная справа дачасна спынілася позна ўвечары 27 сьнежня 2010 году. Дубаўцы вярталіся з Польшчы ад дачкі, якая нядаўна нарадзіла ім унучку, і патрапілі ў аварыю каля Алітусу. Паводле дарожнай паліцыі, «Субару», якой кіраваў Сяргей, занесла на сьлізкай дарозе і выкінула на сустрэчную паласу. Там яна сутыкнулася з сустрэчным мікрааўтобусам. Тацяна загінула на месцы, абодва кіроўцы былі траўмаваныя.

Тацяна Сапач нарадзілася 26 жніўня 1962 году ў вёсцы Маркава на Маладэчаншчыне. Там у дзень нараджэньня паэткі штогод адбываюцца літаратурныя чытаньні, прысьвечаныя яе памяці. Дэклямуюцца вершы са збораў «Восень» і «Няхай не пакіне нас восень». Таксама на яе творы пакладзеныя песьні гурту «Новае неба».

2018. Андрэй Шчарбакоў, брамнік футбольнага клюбу «Віцебск»

Андрэй Шчарбакоў
Андрэй Шчарбакоў

Адна з самых жудасных аўтакатастрофаў апошняга часу. Летась 17 сьнежня, вяртаючыся пасьля адпачынку ў Эгіпце зь менскага аэрапорту, на трасе М1 пад Талачыном трапіў у аварыю пазадарожнік «Кіа» Андрэя Шчарбакова.

27-гадовы футбаліст, ягоная жонка Ганна і старэйшы сын Арцём загінулі на месцы. У адно імгненьне асірацеў 3-гадовы Глеб, якога ўратавала дзіцячае крэсла. Родныя ў малога засталіся па лініі бацькі, маці сама была сіратой.

Паводле сьледзтва, аўтамабіль занесла на сьлізкай дарозе, і ён сутыкнуўся з сустрэчным эвакуатарам. Ад моцнага ўдару машына ператварылася ў груду мэталу. Ад эгіпецкага адпачынку засталіся толькі здымкі ў сеціве.

Андрэй Шчарбакоў — выхаванец віцебскага футболу. Пагуляў у барысаўскім БАТЭ, «Слуцку», бабруйскай «Белшыне», але ўрэшце вярнуўся ў родны горад. Мінулы сэзон стаў для «Віцебску» самым пасьпяховым — каманда спынілася за крок ад п’едэсталу, заняўшы 4 месца ў чэмпіянаце. Гуляў у моладзевай зборнай, небеспадстаўна разьлічваў на выклік у галоўную каманду краіны, пасьля дэбюту ў Лізе Эўропы марыў пра Лігу чэмпіёнаў.

Заўзятары прапанавалі назаўсёды замацаваць за Андрэем 16-ы нумар, пад якім ён выступаў у «Віцебску».

Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод ахвярамі дарожна-транспартных здарэньняў становяцца больш за 1,2 мільёна чалавек, блізу 50 мільёнаў атрымліваюць раненьні або застаюцца інвалідамі. Прагназуецца, што да 2020 году ДТЗ уздымуцца на дзясятае месца сярод прычын сьмяротнасьці.

У Беларусі назіраецца тэндэнцыя да зьмяншэньня сьмяротных выпадкаў. Калі на пачатку нулявых колькасьць загінулых устойліва вагалася ў межах 1200 чалавек кожны год, то паступова лічба зьнізілася да паўтысячы. Гэта ж тычыцца і колькасьці параненых — ад амаль 7000 да 3500.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG