Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мулявін меў шанец выжыць, — падарожжа ў Лапаравічы


Ці засталіся сьляды на месцы фатальнай аварыі Ўладзімера Мулявіна? Як успамінаюць легендарнага песьняра ягоныя суседзі па лецішчы? І што магло выратаваць музыку ад сьмерці? Пра гэта падарожжа Зьмітра Бартосіка ў Лапаравічы, што на Менскім моры.

Калі збочыць з заслаўскай дарогі, што ідзе ўздоўж паўночнага берага Менскага мора на вёску Лапаравічы, дык літаральна празь некалькі мэтраў вы апыняцеся на высокім узгорку. Зь якога адкрываецца адзін з найцікавейшых відаў на беларускую сталіцу. Россып белых шматпавярховікаў паміж сінім небам і сіняй вадой.

Напэўна, Уладзімер Мулявін, які набыў тут хату ў канцы 70-х гадоў, не аднойчы спыняў на гэтым пагорку сваю «Волгу».

У Лапаравічах, вялікім паселішчы ў адну доўгую вуліцу, яшчэ ёсьць сьляды старасьвеччыны. Высокія ліпы панскага парку, даваенная школа, старыя драўляныя хаты. Хат, што праўда, з кожным годам становіцца ўсё меней. На іх месцы вырастаюць трохпавярховыя катэджы з высачэзнымі мураванымі платамі.

Але менавіта ў старых хатах яшчэ можна сустрэць карэнных жыхароў Лапаравічаў. Па-беларуску адкрытых, з мовай, у якой пераважаюць родныя словы. Як Валянціна Бабовіч, пэнсійнага веку, гаваркая прыгажуня.

— Калісьці тут пан жыў! Ня ведаю, як яго клікалі. Бачыце, тыя ліпы велізарныя? А пасьля Мулявін купіў хату ў Казакоў. Яна была драўляная. Ён абклаў яе цэглай.

Гаворачы пра свайго знакамітага суседа, Валянціна міжволі ўсьміхаецца.

— Прыйдзе ў сваёй белай вышытай кашулі. «Станіславаўна, можа, ёсьць на пахмельле?» Ён просты быў. Нават вельмі просты. Тут яны зьбіраліся сваім калектывам, шашлыкі рабілі. Сьпявалі. Весела нам было. Харошы дзядзька быў.

А вось наступная гісторыя ад Валянціны мяне вельмі ўразіла. Гэтая спадарыня магла сыграць у лёсе музыкі вось якую ролю.

— Ён яшчэ хацеў мяне падвезьці. «Станіславаўна, я цябе падвязу». «Я яшчэ не гатовая, — кажу, — пайду на аўтобус». І ён, выпіўшы быў, адтуль, з той горкі — в-ж-ж-ж... Я думала, ён мне гэты плот зьнясе. І паехаў. А я на аўтобус. Ён недзе ў дваццаць хвілін на першую выехаў. Я еду аўтобусам і думаю — што гэта? А там машын! У рад спыніліся. Што ж гэта зрабілася? Прыехала на працу, уключыла радыё, чую — Мулявін разьбіўся. Я плакала, не магла.

Ён яшчэ хацеў мяне падвезьці. «Станіславаўна, я цябе падвязу». «Я яшчэ не гатовая, — кажу, — пайду на аўтобус». І ён, выпіўшы быў, адтуль, з той горкі — в-ж-ж-ж...

— Вы маглі паехаць разам зь ім?

— Магла. Можа, такога б і не было. Я б яму не дазволіла так несьціся. Ён бы ўжо ня ехаў на такой хуткасьці. Ён урэзаўся ў дрэва, і машына ўзьляцела на гэтае дрэва. І так стойма стаяла. Гэта ён пазьніўся на самалёт. Таму ён так і пёр.

— Вы маглі сыграць ключавую ролю.

— Так. Можа, дагэтуль яшчэ жыў бы.

Іншая ўраджэнка Лапаравічаў, Яўгенія Павіч, усьмешлівая поўная спадарыня, распавяла мне пра змрочную старонку стварэньня Менскага мора. На ягоным месцы было вялікае балота, у багне якога патанула шмат савецкіх салдат. Целы іх усплылі ў 60-я гады, калі берагі штучнага вадаёму заліло вадой. Ці не таму карэнныя жыхары вёскі ня любяць гэтае мора?

— Там жа раней балота было, журавіны зьбіралі. Тут жа партызанаў колькі было ў балоце. А колькі вайскоўцаў выплывала мёртвых, як зрабілі мора. Іх забілі, яны ляжалі там. А як вада вялікая пайшла, іх на бераг стала выкідаць. Пойдзе рыбак, знойдзе, тады тэлефануе. Пасьля прыяжджаюць з вайсковай часьці і забіраюць. І пасьля недзе хавалі іх.

Мулявіна пані Яўгенія памятае як душэўнага суседа.

— Бывала, іду кароўку пасьвіць, дык ён заўсёды выйдзе і пагаворыць. Чалавек быў залаты. Беларускі чалавек.

— Вы яго назвалі беларускім чалавекам. Хоць па-беларуску ён не гаварыў.

— Гаварыў па-беларуску. Калі зь ім па-беларуску, дык і ён таксама па-беларуску гаварыў. Як людзі жывуць, папытаецца, якія ў вёсцы справы. Заўжды за руку павітаецца.

— А пры Мулявіну бераг быў іншы?

— Ён быў прыгажэйшы. Тут былі каровы, коні, яны ўсё выскубалі. Траўка была, пасьцелесься, ляжыш. А цяпер па калена трава. Усё зарасло.

Валянціна Бабовіч правяла мяне да дома Мулявіна. Туды вядзе разьбіты асфальт, які ўпіраецца ў зьдзічэлыя зарасьці.

— Цяпер ужо ня так весела?

— Цяпер ужо ўсе за платамі пяцімэтровымі. А раней жа платоў не было. Толькі жэрдачкі. А цяпер каб вышэй, каб ніхто ня бачыў, што ты там робіш. Вось ён лазьню будаваў. Яшчэ ягоная цэгла ляжыць. Усё зарасло. Была сьцежка.

— А куды ішла гэтая сьцежка?

— Да мора. Вось ягоная хата.

Двухпавярховы дом з дыхтоўнай цэглы патанае ў бур’яне. На вокнах непраглядныя фіранкі. Сад даўно ператварыўся ў джунглі з пустазельля, празь якія бачны гараж песьняра.

А калісьці адсюль адкрываўся краявід на мора і горад. Спалучэньне вёскі, вады і менскіх мікрараёнаў на даляглядзе — ідэальны краявід для мясьціны, якую можна назваць «мулявінскай».

Расейскі гараджанін, які імкнецца да беларушчыны, не адрываючыся ад мэгаполіса. Гэта ідэальнае месца для ягонага музэя. Калі яшчэ ўявіць, колькі песень было напісана ў гэтым доме.

— Балюча глядзець на ўсё гэта.

— Так. Вунь гараж адкрыты. Пограб, дзе яблыкі захоўваліся. Да самага мора ўчастак гэты.

Таямнічасьці гэтай мясьціне надае гісторыя сьмерці яе першага гаспадара, Уладзімера Казака, у якога купіў дом Мулявін. Той гаспадар не аднойчы прыяжджаў на радавое котлішча. У сваім садзе і памёр.

— Гэты Казак, які прадаў хату, вельмі перажываў. Бо ўсё жыцьцё ж тут пражыў. Тут прыгожа было. Не было забудовы, мурог быў, коні хадзілі. Ён прадаў, і дачка забрала яго ў Заслаўе. І вось ён прыехаў з Заслаўя, прыйшоў да Мулявіна, пайшоў пад яблыню, сарваў яблык, упаў і памёр. Ня вытрымала сэрца.

Самая старая жыхарка Лапаравічаў, 85-гадовая Марыя Тарасевіч, узгадала тых, каго забраў у невараць НКВД.

— Я помню, каго арыштавалі. Яны не вярнуліся, гэтыя людзі. Звычайныя, вясковыя калгасьнікі. Жылі на хутарах. Домікі маленькія. Аршанскі Сьцяпан і Касьцюк Іван. За што? Па расказах суседзяў, проста ні за што. Рабілі ў калгасе, як і ўсе астатнія. Ноччу ўзялі, і ўсё.

Пра Сьцяпана Аршанскага наша «картатэка Сталіна» кажа, што ён быў арыштаваны ў 38-м годзе як польскі шпіён. Да лягера не даехаў. Памёр у турме праз чатыры дні пасьля прысуду.

З Валянцінай Бабовіч мы паехалі на тое месца, дзе разьбіўся самы яркі беларускі музыка 70-х гадоў. Аварыя адбылася каля павароткі на Сёмкава. Жах сытуацыі ў тым, што перад тымі фатальнымі соснамі ёсьць пустая лагчына.

Вынесі мулявінскую машыну з дарогі крыху раней — і ён бы застаўся жыць.

— Вось яны, дзьве сасны. Ён спачатку ў гэту, а затым у тую.

— А што гэта за сьляды на соснах?

— Гэта смала. Там вунь якая кара. А тут бачыце, якая? Маладая. Яна ж была абдзёртая ўся.

— І зусім побач пустка такая.

— Дык там бы перакуліўся, дык, можа... А тут — у гэтае дрэва ўрэзаўся, і ўсё.

Машыны з хуткасьцю пралятаюць па шашы. Кіроўцы нават не здагадваюцца, што тут здарылася 14 траўня 2002 году.

— Мабыць, сосны плачуць па ім. Пускаюць смалу, як сьлёзы ўсё роўна...

1

Лапаравічы
Лапаравічы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG