Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК назваў прычыны трагедыі ў Ружанах, дзе ад лесавоза загінулі паўгадовае дзіця і яго бабуля


Здарэньне пад Ружанамі. Кіроўца МАЗа, зь якога ў Ружанах упалі бярвёны і забілі паўгадовае дзіця і ягоную бабулю. Фота: sk.gov.by

Сьледчы камітэт Беларусі завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы па аварыі ў Ружанах, дзе загінулі паўгадовая дзяўчынка і яе бабуля. Іх прыціснула бярвеньнем зь перакуленага лесавоза.

Што здарылася?

17 лютага кіроўца аўтамабіля МАЗ, які перавозіў у прычэпе лесаматэрыял, спрабаваў аб’ехаць пешаходаў. Тыя ішлі насустрач па краі праезнай часткі, бо ходнікаў там няма. Прычэп перакуліўся, бярвёны ўпалі на жанчын і на дзіця ў вазочку. Паўгадовае дзіця і ягоная 44-гадовая бабуля загінулі. 25-гадовую маці дзяўчынкі шпіталізавалі.

Мясцовыя жыхары прасілі ўлады зрабіць ходнікі і пешаходны пераход на Косаўскай вуліцы яшчэ ў 2015 годзе. Тагачасны намесьнік старшыні райвыканкаму Мікалай Кудравец адказаў, што «ўладкаваць пешаходную дарожку не ўяўляецца магчымым», бо «ня будуць забясьпечаныя патрабаваньні бачнасьці паверхні праезнай часткі і бакавой бачнасьці».


Што стала прычынай трагедыі

Паводле вэрсіі сьледзтва, прычынай здарэньня стала перавышэньне хуткасьці руху і неналежнае разьмяшчэньне ды мацаваньне грузу.

Пры пагрузцы лесаматэрыялаў кіроўца не замацаваў груз належным чынам. Бярвёны былі прывязаныя толькі двума мацавальнымі тросамі замест шасьці.

Навігатар у машыне паказаў, што хуткасьць лесавоза на павароце была 50 км/г пры максымальна дазволеных на гэтым участку 40 км/г. Экспэртыза паказала, што для перакульваньня было дастаткова хуткасьці 47,8 км/г.

І што за гэта будзе?

63-гадоваму кіроўцу лесавоза выставілі абвінавачваньне ў парушэньні правілаў дарожнага руху і эксплюатацыі транспарту, што пацягнула празь неасьцярожнасьць сьмерць двух чалавек (ч. 3 арт. 317 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіраваньня ў суд.

У часе сьледства мужчына знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Віну ён прызнаў цалкам, раскаяўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG