Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ігнаравалі звароты ружанцаў пра дарогу, дзе пад дровамі з «МАЗу» загінулі бабуля зь дзіцем


На месцы трагедыі ў Ружанах
На месцы трагедыі ў Ружанах

Жыхары трохтысячнага мястэчка Ружаны (Пружанскі раён Берасьцейскай вобласьці) прасілі мясцовыя ўлады зрабіць ходнікі і пешаходны пераход на вуліцы Косаўскай, дзе 17 лютага здарылася трагедыя.

Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца аўтамабіля «МАЗ», які перавозіў у прычэпе лесаматэрыял, спрабаваў аб’ехаць пешаходаў. Тыя ішлі насустрач па краі праезнай часткі (ходнікаў там няма). Прычэп перакуліўся, бярвёны ўпалі на жанчын і на дзіця ў вазочку. Паўгадавое дзіця і ягоная 44-гадовая бабуля загінулі. 25-гадовую маці дзіцяці шпіталізавалі. Кіроўцу пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.


​Як сказала Свабодзе мясцовая жыхарка Сьвятлана, зварот да Пружанскага райвыканкаму з просьбай пабудаваць ходнікі і пешаходны пераход на вуліцы Косаўскай быў накіраваны яшчэ ў 2015 годзе.

Тагачасны намесьнік старшыні райвыканкаму Мікалай Кудравец адказаў, што «ўладкаваць пешаходную дарожку не ўяўляецца магчымым», бо «ня будуць забясьпечаныя патрабаваньні бачнасьці паверхні праезнай часткі і бакавой бачнасьці». Ён спаслаўся

  • на тое, што ўчастак аўтамабільнай дарогі Р-44 Горадня — Ружаны — Івацэвічы знаходзіцца на крывой у пляне з абмежаванай бачнасьцю з двух бакоў блізкаразьмешчанымі збудаваньнямі;
  • на п. 5.4.16 ТКП 45-3.03 — 227- 2010 «Вуліцы населеных пунктаў, будаўнічыя нормы і праектаваньне».

Пытаньне адносна ўладкаваньня пешаходнага пераходу ўлады абяцалі «дэталёва прапрацаваць у жніўні 2015 году з прадстаўнікамі ДАІ Берасьцейскага УУС».

У жніўні 2015 году прыйшоў чарговы ліст за подпісам Мікалая Кудраўца, кажа Сьвятлана. У ім гаварылася, што пытаньне наконт пераходу знаходзіцца «на кантролі ў райвыканкаме». Пасьля быў яшчэ адзін адказ, у якім гаварылася, што «згодна з праектам арганізацыі дарожнага руху на аўтадарозе Р-44 уладкаваньне пешаходнага пераходу на дадзеным участку не прадугледжваецца».

Жыхары Ружанаў лічаць, што даўно паўстала пытаньне пра будаўніцтва аб’язной дарогі. «Калі ўвосень і летам ідзе сельгастэхніка, камбайны, асабліва на вуліцы Леніна зусім дурдом, там зусім не праехаць», — кажа Свабодзе Сьвятлана.

Жанчына, якая загінула, патрабавала ўладкаваць ходнік і пераход

Сьвятлана жыве на той самай вуліцы Косаўскай, дзе здарылася страшнае ДТП. Пад бярвёнамі, якія зваліліся з «МАЗа», загінулі яе суседка Лідзія са сваёй унучкай Евай.

«Мы разам займаліся гэтымі пытаньнямі, і па іроніі лёсу менавіта яна загінула на гэтай дарозе. Я была там учора, калі яны ўжо ляжалі. А дачку яе Віку забралі ў раённую бальніцу. Выпішацца Віка — яна ўсё раскажа, бо была ў прытомнасьці.

У лесавозе не былі зашпіленыя тросы. Толькі адзін трос быў перакінуты, і дровы былі прыціснутыя маніпулятарам. А ў прычэпе былі два тросы, хоць на машыне і на прычэпе па шэсьць гэтых тросаў. Іх парвала, калі стаў завальвацца прычэп. І дровы пакаціліся ці зьверху на людзей упалі».

Але Ліду зь дзіцем выпілоўвалі з-пад гэтых дроў. Бо іх нельга было дастаць, яны былі поўнасьцю пад бярвёнамі. Бэтонны слуп як зрэзала, ён ляжаў зьверху на бярвеньні», — кажа Сьвятлана.

Паводле Сьвятланы, траса заўсёды была ажыўленая, бо міжгародняя.

«А цяпер яшчэ горш, бо фуры едуць па нашай вуліцы, каб не плаціць падатак „БелТОЛ“. А нам адно выйсьце — ісьці ў краму толькі па ёй, як зайцы. У сьнежні я зьвярталася ў наш сельсавет, бо выпаў сьнег і дарожнікі ДЭУ-25 прыбіралі толькі з асфальту, узбочыну ня чысьцілі».

Сьвятлана кажа, што гэта ня першая трагедыя на Косаўскай. Гадоў 10 таму машына зьбіла тут мужчыну.

«У нас жа сёлета будуць абласныя „Дажынкі“. Я спытала ва ўладаў, што будуць рабіць на нашай вуліцы. Яны сказалі, што працягнуць роварную дарожку. Цывілізацыя ў нас канчаецца ля палаца. Па гэтай жа вуліцы за намі будуюцца новыя дамы. Дзеткі ідуць па гэтай дарозе ў школу, без бацькоў. А тут, дзе яны загінулі, скрыжаваньне пяці вуліц, яны сыходзяцца ў адну кропку. І там няма ніякіх знакаў, ні пешаходнага пераходу».

Старшыня Ружанскага сельвыканкаму: на месцы трагедыі зробяць дарожку

Старшыня Ружанскага сельвыканкаму Аксана Манчык сказала карэспандэнту Свабоды, што сёлета ў пасёлку па вуліцы Косаўскай будзе зроблена роварна-пешаходная дарожка.

«Яна будзе праходзіць якраз у тым месцы, па тым баку праезнай часткі, дзе гэта здарылася. Гэта ў нас ёсьць у плянах. Там ёсьць знак абмежаваньня хуткасьці руху. Там разьвілка дзьвюх дарог. У кірунку Варанілавічы ёсьць знак „Рух без прыпынку забаронены“. Будзем разглядаць пытаньне, каб там яшчэ нешта ўсталяваць: магчыма знакі, магчыма пешаходны пераход ці сьвятлафор. Будзем выходзіць на ДАІ».

Паводле Аксаны Манчык, зрабіць ходнікі з двух бакоў няма як, бо там вузкая вуліца. Таксама яна сказала, што размовы пра аб’язную дарогу не вядзецца.

«Каб зрабіць абʼязную, таксама патрэбныя ўмовы. У плянах пакуль гэтага няма».

Аксана Манчык сказала, што маці загінулай дзяўчынкі зьбіраюцца пераводзіць з рэанімацыі.

«У яе чэрапна-мазгавая траўма, ідзе на папраўку. Але ёй пакуль не казалі, што здарылася. Сёньня павінны былі сказаць. Здарэньне вельмі жахлівае. Увесь пасёлак узбударажаны гэтым здарэньнем. Проста жах».

На месцы аварыі ў Ружанах
На месцы аварыі ў Ружанах

«Брэстаўтадар»: «Усё завязана на фінансы»

Гендырэктар РУП «Брэстаўтадар» Міхаіл Непачаловіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што на дарозе ходніка не было, «з-за сьціснутых умоваў».

«Сёлета плянавалася па „Дажынках“ рабіць ходнікі амаль да самага Паўлава. Хаця там ёсьць знак абмежаваньня хуткасьці, відаць, кіроўца парушыў правілы. Але калі б там былі ходнікі, то ўсё роўна бярвёны паляцелі б».

Паводле яго, рабіць аб’язную дарогу ў Ружанах пакуль не плянуецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG