Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На пешаходнай інфраструктуры эканомілі». Экспэрт аб прычынах трагедыі ў Ружанах


Жанчыны плачуць на месцы трагедыі ў Ружанах, 18 лютага 2019
Жанчыны плачуць на месцы трагедыі ў Ружанах, 18 лютага 2019

Старшыня праўленьня Беларускай асацыяцыі экспэртаў і сурвэераў на транспарце Юры Важнік пракамэнтаваў Свабодзе акалічнасьці нядаўняй трагедыі ў Ружанах (Пружанскі раён Берасьцейскай вобласьці).

Што здарылася

17 лютага прычэп з дровамі да грузавіка «МАЗ» перакуліўся і забіў шасьцімесячную дзяўчынку і яе 45-гадовую бабулю зусім блізка ад палаца Сапегаў. Раней жыхары трохтысячнага мястэчка неаднаразова прасілі мясцовыя ўлады зрабіць ходнікі і пешаходны пераход на той самай вуліцы Косаўскай, дзе здарылася трагедыя. Экспэртыза паказала, што кіроўца быў цьвярозы. Цяпер яму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Два фактары гэтага ДТЗ характэрныя для ўсёй краіны

— Якія высновы можна зрабіць гэтага здарэньня?

— Тут два значныя фактары. Гэта пешаходная інфраструктура і перавозка грузаў. У нас у краіне прыкладна 50% загінулых людзей — пешаходы. Гэта вельмі шмат. Гэта азначае, што трэба максымальна разьдзяляць транспарт і пешаходаў, а таксама неабароненых удзельнікаў руху — раварыстаў, пажылых людзей, дзяцей. Чым больш мы іх аддалім ад транспарту, тым больш бясьпечна будзе.

На месцы трагедыі ў Ружанах
На месцы трагедыі ў Ружанах

Па-другое, у нас перавозцы грузаў удзяляецца недастатковая ўвага. Значная частка ДТП зьвязаная з тым, што груз дрэнна замацаваны. У гэтым выпадку бярвёны проста рассыпаліся. А бывае, што машына з грузам перакульваюцца.

Шкада, што ў нас мала ўдзельнічаюць у гэтым страхавыя кампаніі, бо дрэннае ўмацаваньне грузу —​ гэта падстава адмовіць у выплаце. Але ў нас мала страхуецца адказнасьць перавозчыка. Выглядае, ён схалтурыў на замацаваньні грузу, думаў, што давязе і так.

Гэта два сур’ёзныя фактары гэтага ДТЗ, і яны характэрныя для краіны ў цэлым.

— Чаго, на ваш погляд, не хапае на гэтай дарозе ў Ружанах?

— Пешаходная інфраструктура ў Ружанах, як і ў многіх іншых месцах, няправільна зробленая, на ёй зэканомілі. Адзіны сродак — аддзяляць пешаходныя шляхі ад транспарту. У гарадах з гэтым больш-менш добра, а за гародам, у малых гарадах — гэта актуальная праблема.

Кветкі, лямпадкі і цацкі, якія прыносяць людзі
Кветкі, лямпадкі і цацкі, якія прыносяць людзі

— Ці пакараньне вінаватага ў такіх выпадках паўплывае на выпраўленьне сытуацыі агулам, прадухіліць іх паўтарэньне?

— Ад таго, што вінаватых пасадзілі, аварыйнасьць не паменшыцца. Прынцыпова важна зьмяніць інфраструктуру.

Цяпер у Беларусі зацьвердзілі комплекс захадаў«Добрая дарога», і асноўны фактар — гэта пешаходы. У Нямеччыне каля 15% загінулых на дарогах — пешаходы, а ў нас каля 50%. Таму ўся пешаходная інфраструктура падлягае вельмі сур’ёзнай дапрацоўцы, рэканструкцыі і паляпшэньню. Толькі тады колькасьць ахвяраў будзе памяншацца.

У нас ёсьць памылковае ўяўленьне, што ў гэтым вінаватыя толькі людзі — і іх трэба вучыць, караць, і тады ўсё будзе добра. Але гэта супярэчыць тэорыі дарожнага руху.

ДТП у Ружанах жахлівае. А ў Беларусі штогод адбываецца каля 500 ДТЗ, у якіх гінуць людзі. Гэта 500 трагедый!

За апошнія дзесяць гадоў у краіне ўтрая паменшылася аварыйнасьць

— Зыходзячы зь бюджэту Ружанскага сельсавету, на добраўпарадкаваньне выдзяляецца мізэрная колькасьць грошай, і яна паменшылася ў 2018 годзе параўнальна з 2017-м. Чаму эканомяць на пешаходах?

— Грошай мала, краіна небагатая. Узровень аварыйнасьці цесна зьвязаны з узроўнем ВУП. І гэтак жа кошт чалавечага жыцьця зьвязаны з узроўнем ВУП. Але аналягічная інфраструктура ў Расеі дае прыкладна ў 2,5 раза большую аварыйнасьць. У нас сытуацыя супастаўная з заходнімі суседзямі — Польшчай, Літвой і Латвіяй. А Менск ёсьць на ўзроўні Стакгольма, у нас аднолькавыя паказьнікі аварыйнасьці і колькасьці загінулых на мільён жыхароў.

Але можна рабіць гэта, маючы і малыя сродкі. У гэтым палягае мастацтва — як з рэальных рэсурсаў зрабіць максымальны эфэкт. І паступова гэта робіцца. За апошнія дзесяць гадоў у краіне ў тры разы паменшылася аварыйнасьць, а ў Менску — у 4,5 раза. Беларусь — чэмпіён Эўропы ў зьмяншэньні аварыйнасьці.

— Ружаны — гэта адзін з пунктаў для турыстычных падарожжаў...

— Але апроч Ружанаў ёсьць Пружаны і любы іншы населены пункт. І там сытуацыя практычна такая ж. Павінна быць асобная пешаходная дарожка, максымальна аддзеленая ад транспарту. Гэта ключавая схема. І чым менш перасякаюцца ці судакранаюцца шляхі, тым лепш.

Загружаны лесавоз едзе ў Івацэвічы побач зь месцам трагедыі
Загружаны лесавоз едзе ў Івацэвічы побач зь месцам трагедыі

— А вось дарожнікі кажуць, што там цесна. Дамы зусім блізка ля дарогі, каб стварыць ходнікі.

— Усё можна зрабіць, калі толькі захацець. Калі ня ўмеем самі, трэба паклікаць тых, хто ўмее, са Швэцыі ці Нямеччыны. Альбо зьезьдзіць туды павучыцца. Там вуліцы яшчэ вузейшыя, чым у нас. І ў самых прасунутых краінах узровень аварыйнасьці ў два разы ніжэйшы.

Дарожны рух — гэта адлюстраваньне ўсяго астатняга жыцьця. Эканоміка, сыстэма адносін — усё гэта чапляецца адно за другое.

— Ці варта накіроўваць лесавозы ды іншыя цяжкагрузы праз населены пункт?

— Гэта таксама сур’ёзнае пытаньне. Я ня ведаю, адкуль і куды ён ехаў і чаму менавіта праз населены пункт. Але наогул гэтага не павінна быць. Гэта ж адзін з варыянтаў разьдзяленьня пешаходаў і транспарту — пусьціць вялікагрузы ў абыход населенага пункту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG