Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны ў царкву схадзілі да прычасьця». Жыхары Ружанаў — пра сьмяротнае здарэньне зь лесавозам


Жанчыны плачуць на месцы трагедыі
Жанчыны плачуць на месцы трагедыі

У Ружанах нясуць кветкі, цацкі, лямпадкі на месца страшнага здарэньня зь лесавозам, у выніку якога загінула 6-месячная Ева і яе бабуля Лідзія К., а маці Вікторыя трапіла ў лякарню. Карэспандэнт Свабоды пабываў на месцы трагедыі.

«Каб жа яны на 30 сэкундаў затрымаліся...»

Карэспандэнт Свабоды засьпеў некалькі жанчын зь дзецьмі і вазочкамі, якія прыйшлі ўскласьці кветкі ды цацкі на месца трагедыі. Жанчыны не хавалі сьлёз, яны сябруюць з гэтай сям’ёй.

«Сябравалі, Новы год адзначалі разам... Учора яны ў царкву схадзілі да прычасьця, прыйшлі дахаты, а потым нечага зноў ішлі назад. Каб жа яны на 30 сэкундаў затрымаліся...» — кажа адна з жанчын.

Прыдарожны крыж каля месца здарэньня
Прыдарожны крыж каля месца здарэньня

Прычэп з дровамі перакуліўся і забіў маленькую дзяўчынку і яе 45-гадовую бабулю 17 лютага на Косаўскай вуліцы ў Ружанах. Гэта зусім блізка ад палаца Сапегаў.

Бярвеньне прыціснула людзей, разбурыла плот і пакацілася ў гарод прыватнага дома, дзе жыве жанчына сталага веку. Перад дваром гэтага дому стаіць вялікі прыдарожны праваслаўны крыж. Ён застаўся цэлы.

«Вельмі станоўчая сям’я, займаліся бізнэсам, Лідзія мела краму ў цэнтры Ружан», — плачучы, казалі жанчыны каля месца здарэньня. Бацька дзяўчынкі, якая загінула, мае бізнэс у галіне грузаперавозак.

У гэтым будынку ў Ружанах — крама, якая належыць сям’і нябожчыцы
У гэтым будынку ў Ружанах — крама, якая належыць сям’і нябожчыцы

На месцы здарэньня дарога віхляе зьмейкай. Вуліца вузкая, зь цеснымі ўзбочынамі ўпрытык да плота. Часта людзі выходзяць на дарогу, каб абыйсьці лужыны ці бруд на ўзбочыне.

Кветкі, лямпадкі і цацкі, якія прыносяць людзі
Кветкі, лямпадкі і цацкі, якія прыносяць людзі

Кіроўца лесавоза «МАЗ» — 55-гадовы працаўнік ААТ «Івацэвічдрэў». Як паведамілі ў Сьледчым камітэце, ён «падчас аб’езду пешаходаў, якія рухаліся па краі праезнай часткі, дапусьціў перакульваньне прычэпа».

Лесавозы едуць па Косаўскай вуліцы некалькі разоў на дзень — вязуць бярвеньне на прадпрыемства «Івацэвічдрэў». Аўтамабіль, зь якім адбылося ДТЗ, амаль новы, 2018 году выпуску.

Загружаны лесавоз едзе ў Івацэвічы побач зь месцам трагедыі
Загружаны лесавоз едзе ў Івацэвічы побач зь месцам трагедыі

«Тут даўно прасілі ходнік»

Жыхары Ружан, якія жывуць побач зь месцам здарэньня, кажуць: прычынай няшчасьця магло быць і тое, што людзі выйшлі на дарогу.

«Тут даўно прасілі ходнік, пісалі, зьвярталіся, каб нешта зрабілі. Я тут 12 гадоў хаджу, жыву непадалёк, але пасьля ўчарашняга мне стала страшна», — кажа мужчына, які праходзіў побач зь месцам здарэньня.

Як паведамляла Свабода, улады ўжо абяцаюць зрабіць тут пешаходную дарожку. Сёлета ў Ружанах заплянаваныя абласныя дажынкі.

На гэтым участку некалькі паваротаў
На гэтым участку некалькі паваротаў

У гэты момант на высокай хуткасьці па дарозе паўзь месца здарэньня праімчаў легкавік.

«Во, глядзіце, як едзе, а тут жа абмежаваньне хуткасьці 40 кілямэтраў. Трэба, каб тут на гэтых паваротах яшчэ і „ляжачых паліцэйскіх“ нарабілі. Думаю, нешта павінны тут перагледзець», — кажа суразмоўца.

Непадалёк ад месца трагедыі — палац Сапегаў
Непадалёк ад месца трагедыі — палац Сапегаў

«Зьбег абставін»

Мужчына, які жыве праз дарогу, кажа, што лічыць гэтае здарэньне жахлівым «зьбегам абставін».

«Вось трэба было якраз у гэты момант тут людзям ісьці... Я тут 65 год жыву, і на маёй памяці менавіта на гэтым скрыжаваньні толькі дзьве аварыі былі сьмяротныя — учорашняя і яшчэ адна, калі я малы яшчэ быў. Тады тут бартавы грузавік перакуліўся зь людзьмі ў кузаве...

А пра пешаходныя дарожкі — так, ужо 20 год пра гэта размовы вядуцца. Але вакол Белавескай пушчы дарогі будуюць, а тут — не. Ёсьць такія недахопы, што паробіш... Тут трэба, каб абмежаваньне хуткасьці зрабілі да мінімуму і паставілі камэру, каб ехалі павольна», — кажа мужчына.

Непадалёк ад месца здарэньня — школа. Падчас нашай размовы школьнікі перабягаюць дарогу.

«Віцька! Вы як ідзяце, слухайце вушамі, дзе якія машыны ідуць, зразумелі?» — крычыць дзецям мужчына.

«Так, мы паглядзелі па баках, ня бойцеся», — адказвае школьнік.

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу

Кіроўца лесавоза затрыманы, паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі. Мужчына быў цьвярозы.

У дачыненьні да яго распачатая крымінальная справа па частцы 3 артыкула 317 Крымінальнага кодэксу — парушэньне правілаў дарожнага руху, якое прывяло да гібелі дзьвюх асобаў.

Санкцыя артыкула прадугледжвае ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG