Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАІ рыхтуе зьмены ў правілы дарожнага руху. Чаго новага чакаць?


МУС Беларусі плянуе ўвесьці на дарогах сыстэму «мабільнага інспэктара» і зьмяніць некаторыя палажэньні Правілаў дарожнага руху.

Магчымыя зьмены ў ПДР абмяркоўвалі 12 красавіка на круглым стале ў Палаце прадстаўнікоў

1. «Мабільны інспэктар»

«Сыстэма „мабільны інспэктар“ дапаможа зьменшыць колькасьць праверак аўтамабіляў зь іх абавязковым спыненьнем», — заявіў кіраўнік ДАІ Рэспублікі Беларусь Дзьмітры Карзюк.

«Нашы інспэктары атрымаюць магчымасьць сканаваць нумар машыны, не спыняючы яе. Затым па базе правяраецца, каму аўто належыць. І калі высьвятляецца, што яго ўладальнік на гэты момант зьяўляецца „бяспраўнікам“, то машыну могуць спыніць для дадатковай праверкі, каб пераканацца, хто ёй кіруе. Больш за тое, зараз мы наблізіліся да таго, што „мабільны інспэктар“ ня толькі скануе нумар машыны, але і зробіць здымак таго, хто сядзіць за рулём. А гэта яшчэ болей зьменшыць неабходнасьць праверкі», — патлумачыў прысутным Дзьмітры Карзюк.

2. Правіла дзьвюх палос

Прапануецца таксама замацаваць у Правілах дарожнага руху «правіла дзьвюх палос» пры пропуску пешаходаў.

Цяпер лічыцца, што кіроўца саступіў, калі паміж ім і пешаходам ёсьць дзьве паласы руху. Але пакуль гэтая норма дзейнічае на ўзроўні рэкамэндацыі. Вельмі шмат скаргаў зьвязана з тым, што гэтае палажэньне ўспрымаецца абсалютна па-рознаму. Таму «правіла дзьвюх палос» вырашылі замацаваць у правілах дарожнага руху.

3. Правы раварыстаў на пераходзе

Прапануецца дазволіць раварыстам ня сьпешвацца на рэгуляваных пешаходных пераходах.

ДАІ канстатуе, што патрабаваньне да раварыстаў сьпешвацца на пешаходных пераходах часьцяком не працуе. Таму прапануецца пакінуць раварыстам абавязак сьпешвацца толькі на нерэгуляваных пешаходных пераходах — там, дзе няма сьвятлафораў. Пры гэтым яны павінны будуць, пад’яжджаючы да дарогі, загадзя зьніжаць хуткасьць, а празь пераход ехаць не хутчэй за пешаходаў.

4. Урэгуляваць рух гіраскутэраў

Прапануецца вылучыць месцы для руху гіраскутэраў, электраровараў і іншага падобнага транспарту, каб яго ўладальнікі перасоўваліся па роварных дарожках. Калі такой дарожкі няма, то можна ехаць па тратуары, не ствараючы пры гэтым перашкод для пешаходаў.

5. Дадатковае права для электрамабіляў

Цяпер для мапэдаў, матацыклаў, аўтамабіляў з электрарухавікамі дзейнічаюць тыя ж патрабаваньні, што і для звычайнага транспарту.

Прапануецца, каб уладальнікі электрамабіляў атрымалі магчымасьць ехаць па паласе для маршрутных транспартных сродкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG