Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мала і дорага. Экспэрт пра пастаўку расейскіх зьнішчальнікаў Су-30СМ


Паказальны выступ Су-30СМ
Паказальны выступ Су-30СМ

Расея пачала выконваць падпісаны два гады таму кантракт на пастаўку ў Беларусь 12 зьнішчальнікаў Су-30СМ, якія экспэртамі ацэньваюцца як самалёты пакаленьня 4+. (Яны слабейшыя за самалёты апошняга, 5-га пакаленьня, але лепшыя за 4-е, якому адпавядаюць зьнішчальнікі большасьці эўрапейскіх краін). Днямі ў Баранавічы з Іркуцку, дзе вырабляюць гэтыя самалёты, прыбылі два першыя Су-30СМ. Усяго за тры гады паступяць 12 такіх зьнішчальнікаў.

Ці выгадны гэты кантракт Беларусі і якіх мэтаў хочуцуь дасягнуць Беларусь і Расея? Карэспандэнт Свабоды пагутарыў пра гэта зь незалежным вайсковым экспэртам Аляксандрам Алесіным.

— Дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась ужо назваў першую пастаўку зьнішчальнікаў Су-30СМ гістарычнай падзеяй. Ці згодныя вы з такой ацэнкай?

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

— Можна пагадзіцца з тым, што гэта значная падзея ў пераўзбраеньні беларускіх вайскова-паветраных сілаў. Упершыню з 90-х гадоў мы атрымліваем сапраўды сучасную зброю, якая нам вельмі патрэбная, бо авіяцыйны парк беларускага войска значна састарэў. Калі пасьля развалу СССР у нас было недзе 200 дзейных сучасных вайсковых самалётаў, дык цяпер іх меней за 70, ды яшчэ частка зь іх на захоўваньні. Адмыслоўцы прызнаюць, што праз 2-3 гады лятаць ня будзе на чым, а трэба ня проста лятаць, а быць гатовым да абароны ў сучаснай вайне. То бок я б параўнаў пастаўкі Су-30СМ з тым, як бы нам паставілі «Іскандэры» ці комплексы С-400, якія Лукашэнка даўно выпрошвае ў Пуціна, але той не дае. Гэтак жа даўно ён казаў і пра сучасныя зьнішчальнікі, і вось нарэшце справа зрушылася. Але і тут ня ўсё адназначна.

50 мільёнаў за самалёт — гэта вельмі дорага

— Што вядома пра кошт кантракту? Гучыць лічба ў 600 мільёнаў даляраў за 12 зьнішчальнікаў — то бок кожны абыдзецца ў 50 мільёнаў. Гэта Беларусі выгадна?

— Насамрэч афіцыйная цана кантракту не названая, 600 мільёнаў — гэта зьвесткі крыніцы з абаронных структур Расеі, якая сябе не назвала. І калі гэта дакладны кошт, дык па 50 мільёнаў за самалёт — гэта вельмі дорага, столькі Су-30СМ каштуе на ўсясьветным рынку, але не ў стасунках найбліжэйшых саюзьнікаў. Аляксандар Лукашэнка даўно наракаў, што нам хочуць прадаць гэтыя самалёты дорага, параўноўваў з сытуацыяй, калі некага абараняеш, а той табе ж дае аўтамат за грошы. Мяркуючы па тым, які Лукашэнка быў раззлаваны на нядаўняй нарадзе адносна аховы мяжы з Расеяй, торг вакол кошту расейскіх паставак пакуль ідзе не на нашу карысьць. Але, мяркую, кропка не пастаўленая.

Дзеці вывучаюць кабіну Су-30СМ на авіябазе ў Крыме
Дзеці вывучаюць кабіну Су-30СМ на авіябазе ў Крыме

— Вы казалі, што лётны парк састарэў. Але хіба ў апошнія гады не праводзілася пераўзбраеньне вайсковай авіяцыі з дапамогай Расеі?

— Так, праводзілася. Былі набытыя Як-130, але гэта вучэбны самалёт. Дарэчы, ён якраз і прызначаны для засваеньня Су-30СМ. А ў якасьці баявых Які-130 можна выкарыстоўваць вельмі абмежавана — у апэрацыях хіба што з партызанамі ды ў змаганьні з дронамі, бесьпілётнікамі. А каб набыць хоць некалькі дзясяткаў сучасных баявых шматфункцыянальных самалётаў, патрэбныя вялікія грошы, якіх у вайсковага бюджэту проста няма. 600 мільёнаў даляраў, якія меркавана прыйдзецца аддаць за 12 Су-30СМ — гэта амаль гадавы вайсковы бюджэт, зь якога трэба плаціць вайскоўцам за службу, набываць узбраеньне і боепрыпасы, будаваць дамы. Да таго ж Су-30СМ вельмі дарагія ў абслугоўваньні, і калі мы зробім на іх стаўку, дык у вайсковым бюджэце будзе велізарная дзірка. Давядзецца зноў пазычаць у той жа Расеі.

— Раней ужо гучала думка, што Су-30СМ — для Беларусі ня вельмі ўдалы выбар: МІГ-29 таньнейшы і сам па сабе, і ў абслугоўваньні, яго мадэрнізаваная вэрсія магла б Беларусь задаволіць. Ці так гэта?

— Ёсьць такая ацэнка, што Су-30СМ для нас ня толькі занадта дарагі, але і не зусім адпавядае нашай тэрыторыі. Маўляў, ён такі спрытны, што толькі разгоніцца, дык ужо і Беларусь закончыцца. Вядома, зь нечым тут можна пагадзіцца. Прычыны менавіта такога нашага выбару, магчыма, таксама ў тым, што была ўлічаная пазыцыя расейскага боку, якому такі самалёт у нас на ўзбраеньні патрэбны для павелічэньня ўласных сілаў на выпадак канфлікту з NATO. Але і для нас ёсьць уласная карысьць, бо гэта шматфункцыянальны вайсковы самалёт. Ён можа быць і зьнішчальнікам, і ўдарным самалётам. Можа несьці 8 тон боепрыпасаў, як ракет, гэтак і бомбаў, у яго 12 пунктаў для навешваньня сродкаў паражэньня праціўніка. Дадайце сюды выдатны рухавік, які забясьпечвае высокую манэўранасьць, плюс у яго гэтак званая адкрытая архітэктура борта — то бок можна яго абсталёўваць самай рознай сучаснай электронікай, аднаўляць яе. Праўда, ёсьць і мінус — тое, што ён добра бачны на радарах. Але ў іншым не саступае самалётам, якія стаяць на ўзбраеньні вядучых краін NATO. А самае галоўнае для нас, што за кошт яго шматфункцыянальнасьці можна кампэнсаваць недахоп ударных самалётаў. Аднак усе такія плюсы, на маю думку, амаль абнуляюцца малой колькасьцю гэтых навічкоў — усяго 12. Хаця б мець авіяцыйны полк, укамплектаваны такімі машынамі — 24 самалёты, гэта ўжо нешта. Але такія аб’ёмы аплаты — больш за мільярд даляраў — нам наўрад ці па сілах.

Су-30СМ
Су-30СМ

Насамрэч нас хочуць не ўзмацніць, а аслабіць

— Калі мы з Расеяй саюзьнікі, дык хіба ня варта разьлічваць на тое, што з часам пастаўкі павялічацца і беларускія вайскова-паветраныя сілы будуць укамплектаваныя як мае быць?

— Не бяруся загадваць, але мая думка такая, што Расея ў гэтым не зацікаўленая. Гэтаксама як з пастаўкамі «Іскандэраў», С-400 ды іншым высокасучасным узбраеньнем. Чаму прадаюць гэтыя комплексы Індыі, Турэччыне, Кітаю, але не прадаюць на льготных умовах сваёй найбліжэйшай саюзьніцы Беларусі? Не відаць, каб Расея была схільная ісьці на саступкі, і таму атрымлівацца, што там больш зацікаўленыя, каб абарончы патэнцыял Беларусі зьнізіўся. Выглядае, насамрэч нас хочуць не ўзмацніць, а аслабіць, каб потым дыктаваць сваю пазыцыю ў разьмяшчэньні базаў, у іншых балючых для нас пытаньнях. Каб мы больш не маглі сказаць, што баронім вас з захаду, а ўжо самі прасілі нас абараніць. То бок каб быў выбіты адзін з нашых асноўных козыраў — дзеля гэтага, магчыма, і вядзецца такая палітыка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG