Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вышпурнулі, і ўсё». Сям’і салдата, які памёр ад раку, ня хочуць плаціць кампэнсацыю


Міхал Рыштоўскі

Сям’я нябожчыка Міхала Рыштоўскага, якога камісавалі з войска з чацьвёртай стадыяй анкалёгіі, спрабуе атрымаць кампэнсацыю за сьмерць сваяка. Аднак страхавая кампанія адмаўляе, бо хлопец памёр дома, а ня ў войску.

Белдзяржстрах: «Сьмерць не зьвязаная з выкананьнем вайсковай службы»

Міхал Рыштоўскі зь вёскі Трашчы́чы Карэліцкага раёну на Горадзеншчыне служыў у Слоніме каля году. Яго камісавалі сёлета ў траўні з 4-й стадыяй раку страўніка. У ліпені ён памёр. Пасьля сьмерці важыў 45 кіляграмаў.

У войску Міхаіл ня раз скардзіўся на болі, ня мог есьці. Аднак, па словах ягонай сястры Марыі Грыцкевіч, яго падазравалі ў тым, што ён «косіць», і давалі таблеткі ад болю страўніка, замест таго каб абсьледаваць.

Страхавая кампанія адмовіла сям’і Рыштоўскага ў кампэнсацыі. Спачатку казалі, што чакаюць вынікаў экспэртызы, якая павінна высьветліць калі і ад чаго захварэў Рыштоўскі. Аднак потым, не дачакаўшыся іх, прыслалі адмову ў кампэнсацыі.

Адказ зь Белдзяржстраху
Адказ зь Белдзяржстраху

У адказе гаворыцца, што страхавым выпадкам зьяўляецца, сярод іншага, «сьмерць застрахаванай асобы, якая наступіла ў выніку прычыненьня шкоды яе жыцьцю або здароўю ў сувязі з выкананьнем ёю абавязкаў вайсковай службы, ...якая наступіла цягам аднаго году пасьля звальненьня яе з вайсковай службы».

Да таго ж ліст пацьвярджае, што хвароба была атрыманая падчас вайсковай службы. Аднак, як значыцца ў адказе, «сьмерць Рыштоўскага не зьвязаная з выкананьнем вайсковай службы».

Марыя Грыцкевіч мела тэлефонную гутарку з вайскова-лекарскай камісіяй. Там прычынай адмовы назвалі тое, што Рыштоўскі памёр дома, а ня ў войску.

Сястра: «Тое, што цэлы год паміраў, гэта ня лічыцца»

«Тады ніхто па такой схеме не атрымае выплат. Даведаліся аб хваробе, вышпурнулі — і ўсё. Яны ж бы яго не пакінулі, каб ён там паміраў... Цэлы год зьвяртаўся [да лекараў]. Чаму было не зрэагаваць загадзя? Ці ж гэта не падазрона, калі чалавек цэлы год зьвяртаецца штотыдзень са скаргамі? Калі б ён атрымаў нейкую траўму, то гэта падыходзіць, а тое, што цэлы год мучыўся, ня еў нічога, паміраў цэлымі днямі, гэта ня лічыцца», — абураецца Марыя Грыцкевіч.

Страхавая выплата — гэта мінімум, што для сям’і можа зрабіць дзяржава, мяркуе жанчына.

«У нас чалавека забралі. Чаму дзяржава ня можа выдаць гэтыя грошы, калі па законе яны належацца?» — пытаецца яна.

Сям’я будзе абскарджваць рашэньне страхавой кампаніі ў цэнтральны апарат Белдзяржстраху, а потым у Адміністрацыю прэзыдэнта.

Вынікаў экспэртызы дагэтуль няма.

Крымінальную справу ў зьвязку са сьмерцю Міхала Рыштоўскага не заводзілі. Адпаведна, сваякі не прызнаныя пацярпелымі і ня могуць ведаць, як ідзе дасьледчая праверка.

Адказ Сьледчага камітэту
Адказ Сьледчага камітэту

Спэцыяліст ваенкамату па Карэліцкім раёне Канстанцін Зарубайка, якога сям’я вінаваціць у тым, што ён прымусіў хворага хлопца ісьці ў армію, пайшоў на пэнсію.

Юрыст: адказ страхавой кампаніі расплывісты і супярэчлівы

Алег Воўчак
Алег Воўчак

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак таксама сьцьвярджае, што сям’і Рыштоўскага належыцца выплата згодна з законам «Аб статусе ваеннаслужачага» і Палажэньнем аб парадку і ўмовах выплаты страхавых сум па абавязковым дзяржаўным страхаваньні ваеннаслужачым.

На ягоную думку, фармулёўка адказу са страхавой кампаніі расплывістая, першы аркуш супярэчыць другому.

«Для нас адназначна, што чалавек атрымаў хваробу ў войску. Ёсьць вайскова-лекарская камісія, якая знайшла гэтую хваробу, прызнала і сьцьвердзіла, што ён ня можа служыць з гэтым. Яны напісалі: „Тэрмінова камісаваць“. Тое, што не пры выкананьні службовых абавязкаў — а што ён у войску рабіў? На страявую хадзіў, у вайсковай частцы служыў», — разважае Воўчак.

Ён мяркуе, што такі выпадак, калі салдат памёр, а сям’я ня можа атрымаць нават кампэнсацыю, стварае адмоўны імідж беларускаму войску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG