Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ён памёр, то важыў 45 кіляграмаў пры росьце 184». Салдата камісавалі з войска з 4-й стадыяй раку


Міхал Рыштоўскі, фота з прыняцьця прысягі
Міхал Рыштоўскі, фота з прыняцьця прысягі

26-гадоваму Міхалу Рыштоўскаму з Горадзеншчыны ў войску сёлета паставілі дыягназ — анкалёгія страўніка чацьвёртай стадыі — і камісавалі. Праз чатыры месяцы, 20 ліпеня, ён памёр. Сваякі мяркуюць, што яго прызвалі ўжо хворага, бо прызыўнікоў не хапала.

«Яму казалі: „Ты проста косіш“»

Міхаіл Рыштоўскі (узяў жончына прозьвішча, раней быў Куневіч) нарадзіўся ў вёсцы Трашчы́чы Карэліцкага раёну Горадзенскай вобласьці.

Ягоная сястра Марыя расказала, што брата прызвалі ў войска летась у траўні. Служыў у Слоніме. Пра анкалёгію даведаліся толькі сёлета ў красавіку і адразу камісавалі.

«Ён нічога ня еў, яго ванітавала ад усяго. Ён таблетку ня мог праглынуць. Калі ён памёр, то важыў 45 кіляграмаў пры росьце 184 сантымэтры», — кажа суразмоўніца.

Раней хваробу чамусьці не заўважылі, хоць яшчэ да войска Міхал скардзіўся на здароўе. Яму балеў жывот, быў кепскі апэтыт, ванітавала.

«Усю службу ён праляжаў у шпіталях. Прысягу прымаў у шпіталі. Яму давалі дратавэрын, ношпу, абязбольваючыя. Колькі ён скардзіўся, яму казалі: „Ты проста косіш“», — кажа Марыя.

Пасьля Слоніма ён ляжаў на абсьледаваньні ў барысаўскіх Печах. І толькі калі хлопца забралі ў менскі вайсковы шпіталь, высьветлілі, што ў яго рак.

«У яго пайшлі ўжо мэтастазы па ўсім целе. Якія ў яго пакуты былі, беднага! Усе лекары, якія глядзелі яго, акрамя вайсковых, і на раёне, і ў Менску, казалі, што не магло такое зрабіцца за паўгода», — кажа дзяўчына.

Не здаваў аналізаў і не заходзіў у кабінэты лекараў на агляд

Перад войскам Міхал не хадзіў да лекараў, хоць ужо меў болі. Спадзяваўся, што абсьледуюць на прызыўной камісіі. Аднак, па словах сястры, яму проста падпісалі ўсе паперы безь ягонага ўдзелу, ён не здаваў аналізаў і не заходзіў у кабінэты лекараў на агляд. Яна мяркуе, што гэта арганізаваў спэцыяліст ваенкамата па Наваградзкім і Карэліцкім раёне Канстанцін Зарубайка​.

Перад войскам Міхал ляжаў у шпіталі. Марыя чула, як лябарантка Данута казала пра ягоныя кепскія аналізы. Тры гады ў яго трымаўся высокі паказьнік хуткасьці асяданьня эрытрацытаў. Яна ня можа зразумець, як так выйшла, што потым ён аказаўся прыдатны да войска.

Як расказала лябарантка Данута Хвасько «Нашай Ніве», у Міхала ніколі не было добрых аналізаў.

«Я памятаю, што былі вялікія леўкацыты. Мы тады яшчэ з маёй калегай — нас двое — абмяркоўвалі, ад чаго гэта можа быць. Ну, мы не дактары, мы падумалі, што мо гэта праз ангіны, ці што. А далей як? Вось яны прыйшлі па лініі ваенкамату здаць аналізы, то мы іх ім жа назад і даём, і яны самі ідуць з паперамі ў камісарыят, а там ужо дактары прымаюць рашэньні. Я выключаю, што нейкія аналізы маглі быць падмененыя: я што, у турму хачу? Я сама маці, я ніколі б нейкаму камісару ў такой справе падыгрываць ня стала б, хай бы мяне на каленях малілі. Гэта пытаньні да камісіі», — кажа Данута Хвасько.

Сваякі вінавацяць у сьмерці Міхала былога камісара Зарубайку. Ён паўтараў Міхалу, што той пойдзе служыць у любым выпадку, нават пры кепскім стане здароўя.

«Чаму Зарубайка яшчэ працуе? Празь яго чалавек загінуў. Калі толькі Мішу камісавалі, ён прынёс Зарубайку дакумэнты, а той кажа: „Табе не сюды“, і вусны ў яго затрэсьліся. Чаму ваенкам мае права руйнаваць жыцьці людзей? У іх быў недахоп прызыўнікоў. Яму трэба было свой сьпіс запоўніць. Я хачу, каб ён быў пакараны», — кажа Марыя.

Пасьля таго як брата камісавалі, яна зьвярталася ў пракуратуру з пытаньнем, чаму брату своечасова не паставілі дыягназ. Прыйшоў адказ, што рак у Міхала зьявіўся ўжо падчас службы.

Родныя плянуюць змагацца далей за справядлівасьць і дамагацца, каб вінаватых у сьмерці хлопца пакаралі.

Марыя расказала, што брат працаваў у калгасе, а потым будаўніком. Хацеў стаць вайскоўцам, але не пасьпеў аформіць дакумэнты. У яго засталіся жонка і малое дзіця. На пахаваньне 21 ліпеня прыехала начальства з калгаса, калегі, сябры з усёй Беларусі. Труну несьлі ўвесь шлях на руках.

«Гэта такі чалавек быў, залаты. Ніколі не адмаўляў. Нікога ніколі не пакрыўдзіў, не зачапіў. Залатая душа! Чаму не зрэагавалі, калі ён скардзіўся. Чаму не зьвярнулі ўвагі раней? Магчыма, ён бы цяпер быў з намі», — скардзіцца сястра памерлага.

«Тут трэба камунікаваць з мэдыкамі, а не вайскоўцамі»

Вайсковы камісар Наваградзкага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Бурак сказаў, што пра сьмерць прызыўніка нічога ня зможа патлумачыць, і перанакіраваў да мэдыкаў.

«Зарубайка не прымаў рашэньня. Любы прызыўнік праходзіць мэдычны агляд. Заключэньне робіць лекар, які кіруе працай лекараў-спэцыялістаў. Далей працуе раённая прызыўная камісія, куды ўваходзіць прадстаўнік райвыканкаму. Яна прымае рашэньне на падставе катэгорыі прыдатнасьці, якую вынесьлі лекары. Тут трэба камунікаваць больш з мэдыкамі, чым з вайскоўцамі», — адказаў Сяргей Бурак.

— Вы ведаеце пра гэты выпадак (сьмерць Рыштоўскага)?

— У мяне канец працоўнага дня. Па тым, што вы запыталіся, я ўжо патлумачыў. Мэдыкі могуць патлумачыць, што там ды як.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG