Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для Міністэрства абароны грамадзяне — гэта «прызыўны рэсурс», — Паротнікаў


Рэпэтыцыя параду ў Менску

Госьць «Інтэрвію тыдня» — беларускі палітоляг, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў адказвае на пытаньне, чаму ўладзе спатрэбіліся зьмены ў закон аб прызыве ў войска, заяўляе, што з гэтым кіраўніцтвам Міністэрства абароны ня варта чакаць ніякага паляпшэньня сытуацыі, і тлумачыць, чаму для Беларусі цалкам кантрактнае войска немагчымае ў бліжэйшыя гадоў 30.

​Сьцісла

  • Бацькі ня рады, што іхнім дзецям давядзецца ісьці служыць у месца, дзе маладыя хлопцы вельмі дзіўным чынам паміраюць.
  • З гэтым кіраўніцтвам Міністэрства абароны ніякага дыялёгу ня будзе.
  • Увесь час падвышаецца колькасьць тых, хто сапраўды ўхіляецца ад службы ў войску.
  • Нават ва ўладзе далёка ня ўсе з захапленьнем успрымаюць пэрспэктывы, прапісаныя ў праекце закону аб тэрміновай вайсковай службе.

Паміж умоўнай турмой і ўмоўнай казармай яны выбіраюць турму

— Як вы ацэніце законапраект аб зьмене ўмоваў адтэрміноўкі ў войска, прапанаваны Міністэрствам абароны, які ўжо прыняты ў першым чытаньні — і можна не сумнявацца, што будзе прыняты ў другім? Ці няма ўражаньня, што ведамасны інтарэс не супадае з інтарэсамі ўсяго грамадзтва?

— Тут некалькі важных момантаў. Па-першае, зьмены заканадаўства аб тэрміновай вайсковай службе былі непазьбежныя. Бо сапраўды ёсьць нэгатыўныя тэндэнцыі, якія ўскладняюць арганізацыю прызыву ў войска.

Аднак вялікае значэньне мае ня толькі тое, што робіцца, але і тое, як гэта робіцца. Адразу было зразумела, што з боку грамадзтва гэтыя зьмены выклічуць вялікі нэгатыўны рэзананс. Але Міністэрствам абароны нічога не было зроблена ў пляне працы з грамадзкай думкай. Грамадзян проста паставілі перад фактам.

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Другі момант. Гэты закон мае «бізун», але ня мае «перніка». Абмежаваньне для «ўхілістаў» для паступленьня на дзяржаўную службу — гэта трохі дзіўнае абмежаваньне. Бо тыя людзі, якія хаваюцца ад войска — у прынцыпе хаваюцца ад дзяржавы і наўрад ці маюць пляны зьвязваць сваю будучыню зь дзяржаўнай службай і сілавымі ведамствамі.

Таму, у прынцыпе, гэты закон тэхнічна, можа, і патрэбны. Але з улікам ягонай непадрыхтаванасьці, палавіністасьці, адсутнасьці падрыхтоўчай працы з грамадзтвам — ён будзе шкодны для самога войска ў пляне падрыву аўтарытэту арміі.

— Вы гаворыце, нібыта калі б гэты закон быў больш падрыхтаваны, была б праведзеная праца з грамадзкай думкай — то палажэньні гэтага закону грамадзтва магло б прыняць. Але мне падаецца, як ні крычы «халва» — гэтыя зьмены ня выклічуць захапленьня ў патэнцыйных прызыўнікоў.

— Вы маеце рацыю, захапленьня яны ня выклічуць ані ў кога. Але давайце зірнем на праблему зь іншага ракурсу. Тысячы нашых грамадзян хаваюцца ад войска. Паміж умоўнай турмой і ўмоўнай казармай яны выбіраюць турму. Узьнікае пытаньне — чаму? Гэта вынік правалу інфармацыйнай працы Міністэрства абароны з моладзьдзю і з грамадзтвам у цэлым.

Першы чым патрабаваць ад людзей большага — генэралы самі павінны прадэманстраваць, што яны самі даюць больш. Войска павінна быць больш адкрытым, стварыць лепшыя ўмовы праходжаньня тэрміновай службы, павінен быць зусім іншы ўзровень барацьбы з нэгатыўнымі праявамі, якія ў войску ёсьць. Тыя вельмі дзіўныя нібыта суіцыды, якія адбыліся апошнімі гадамі — паказваюць, што сытуацыя ў войску вельмі складаная. І наўрад ці бацькі будуць у захапленьні ад таго, што іхнім дзецям давядзецца ісьці служыць у месца, дзе маладыя хлопцы вельмі дзіўным чынам паміраюць.

— Выглядае, што грамадзтва і прадстаўнікі Міністэрства абароны, увогуле дзяржавы, гавораць на розных мовах. Чыноўнікі лічаць, што нікога ня трэба пераконваць, бо служба ў войску — гэта як падатак плаціць, абавязкова і безь пярэчаньняў. Маўляў, мы не павінны вас угаворваць і прывабліваць, ня хочаце — пакараем. А грамадзтва прапануе нейкі дыялёг, але пакуль дыялёгу не атрымліваецца.

— З гэтым кіраўніцтвам Міністэрства абароны ніякага дыялёгу ня будзе. Іхні асноўны аргумэнт — дайце нам даседзець да пэнсіі, а потым рабіце з гэтым войскам што хочаце, але бяз нас. І гэта сапраўды размова глухога зь нямым.

Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў падчас вайсковай выставы Milex
Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў падчас вайсковай выставы Milex

Мяне заўсёды бянтэжыў гэты выраз — «прызыўны рэсурс». Але гэта не «прызыўны рэсурс», гэта грамадзяне Беларусі. Гэта таксама такая яркая праява стаўленьня з боку генэралітэту да грамадзян, да падаткаплатнікаў, якія іх кормяць. Можна канстатаваць, што з існуючым кіраўніцтвам Міністэрства абароны ня варта чакаць ніякага паляпшэньня сытуацыі — ні ў пляне ўзаемадзеяньня паміж войскам і грамадзтвам, ні ў пляне дыялёгу. Гэтым людзям дыялёг не патрэбны, таму тут сытуацыя патавая.

Для Беларусі цалкам кантрактнае войска немагчымае ў бліжэйшыя гадоў 30

— Яшчэ ў 2010 годзе Аляксандар Лукашэнка заяўляў: «Мы ня можам сёньня ў войска прыняць усіх хлопцаў: у нас чарга па некаторых рэгіёнах, каб у армію трапіць». Што зьмянілася з таго часу? Толькі дэмаграфія — ці за апошняе дзесяцігодзьдзе зьмянілася стаўленьне да войска?

— Комплекс прычын. Па-першае, гэта сапраўды дэмаграфічныя зьмены. Па-другое, беларусы сталі больш рухомыя, пачалі часьцей выяжджаць за мяжу, асабліва маладыя мужчыны. Па-другое, увесь час падвышаецца колькасьць тых, хто сапраўды ўхіляецца ад службы ў войску.

Трэці момант — гэта стан здароўя. Але гэта дыскусійная сытуацыя. У Беларусі, здаецца, 40 працэнтаў прызнаюцца непрыдатнымі да службы, а ў Фінляндыі служыць 70 працэнтаў. Я ня думаю, што фінскія хлопцы настолькі здаравейшыя за нашых.

Ёсьць яшчэ адно пытаньне, пра якое генэралы маўчаць. Гэта тое, што апошнія гады адбываецца падвышэньне колькасьці сілавых структураў, дзе прадугледжана тэрміновая служба. Гэта найперш Памежны камітэт і само войска. То бок вырасла патрэбнасьць у тым самым «прызыўным рэсурсе». Чаму гэтых людзей нельга замяніць на кантрактнікаў? Вельмі проста — кантрактнік абыходзіцца бюджэту мінімум у два разы даражэй за салдата тэрміновай службы.

— Калі вядуцца дыскусіі аб праблемах беларускай арміі, то часам узьнікае пытаньне, чаму Беларусь ня можа перайсьці на кантрактнае войска. Але дыскусія заканчваецца тым, што гэта нібыта пакуль немагчыма. Якая ваша думка?

— Для Беларусі цалкам кантрактнае войска немагчымае ў бліжэйшыя гадоў 30. Бо мы ня маем замежных гарантаў нашай бясьпекі. Беларусь ня сябра NATO, а гарантыі Расеі ня вартыя паперы, на якой яны напісаныя. Сытуацыя ў нашым рэгіёне мае тэндэнцыю да абвастрэньня, час малога кантрактнага войска мінуў, вяртаецца час адносна масавых войскаў. Літва за апошнія 5 гадоў павялічыла колькасьць войска ў паўтара раза, тое самае робяць Латвія і Эстонія.

Другі важны момант — трэба пашыраць колькасьць кантрактнікаў. Бо войска становіцца тэхнічна ўсё больш складаным, і лепш падрыхтаваць аднаго спэцыяліста для абслугоўваньня складанай тэхнікі раз на 20 гадоў — чым рыхтаваць іх кожныя паўтара года. Але трэба памятаць, што кантрактнік — гэта чалавек, якія зарабляе грошы і мае рэжым працоўнага часу. А 18 гадзіне, калі ён не ў нарадзе, — ён ідзе дадому. І гэта праблема ня толькі Беларусі, але і ўсіх краін, якія перайшлі да кантрактнага войска. І гэта таксама ілюзія, што кантрактнае войска заўсёды больш баяздольнае, чым прызыўное.

— У Палаце прадстаўнікоў, дзе адбылося галасаваньне, даволі нечакана для гэтай структуры супраць законапраекту прагаласавала ажно 6 дэпутатаў, а 7 прысутных не галасавалі. Чым можна патлумачыць такую нечуваную «сьмеласьць»?

— Наколькі я разумею, гэты закон не настолькі прынцыповы з палітычнага пункту гледжаньня, каб там забясьпечваць абсалютную аднагалоснасьць. То бок наўрад ці была праведзеная (тымі, каму трэба) адпаведная падрыхтоўчая праца з дэпутатамі.

Другі момант — прыклад Канапацкай паказвае, што нават у гэтым балоце ёсьць пэўная прастора для больш-менш самастойных паводзінаў, і нічога за гэта ня будзе. Я б не сказаў, што тут назіраецца нейкі «бунт на караблі». Але гэта пацьвярджае, што нават ва ўладзе далёка ня ўсе з захапленьнем успрымаюць пэрспэктывы, прапісаныя ў праекце закону аб тэрміновай вайсковай службе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG