Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рашэньне мусяць уручыць асабіста ў рукі». Як «ухілістам» ад арміі будуць абмяжоўваць выезд за мяжу


Ілюстрацыйнае фота. Памежны кантроль на беларуска-польскай мяжы

У Беларусі прапануецца часова абмежаваць права на выезд з краіны для тых, хто ўхіляецца ад войска, паведамляе БЕЛТА.

Гэта прадугледжана папраўкамі ў законы па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы, якія разгледзіць 26 чэрвеня ў першым чытаньні Палата прадстаўнікоў.

Праект закону прадугледжвае ўвядзеньне часовага абмежаваньня на выезд зь Беларусі для грамадзян да 27 гадоў, якія не зьяўляюцца на мерапрыемствы па прызыву на вайсковую службу, службу ў рэзэрве або не выконваюць абавязкі па воінскім уліку.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Мартынаў растлумачыў, што забарона на выезд будзе дзейнічаць, «калі грамадзяніну належным чынам паведамілі пра яўку ў вайсковы камісарыят, і ён не прыбыў без уважлівых прычын».

«Ухіліста» павінны апавясьціць, што яму часова забаронены выезд за мяжу, прычым рашэньне павінны ўручыць яму ў рукі. Забарона ня будзе дзейнічаць, пакуль малады чалавек не атрымае яе асабіста, падкрэсьліў дэпутат. Пасьля ўручэньня рашэньня прызыўной камісіі яго можна на працягу тыдня абскардзіць.

Пасьля таго, як маладому чалавеку споўніцца 27 гадоў, забарона будзе зьнятая.

Таксама за непраходжаньне вайсковай службы без законнай падставы зьбіраюцца адмаўляць у прыёме на дзяржаўную службу, у органы ўнутраных справаў, фінансавых расьсьледаваньняў і надзвычайных сытуацыяў.

Акрамя гэтага, праект зьменаў у правілы прызыву на тэрміновую вайсковую службу прадугледжвае, што адтэрміноўку ад вайсковай службы будуць даваць толькі адзін раз для тых, хто вучыцца на вочнай форме адукацыі: сярэдняй спэцыяльнай, прафэсійна-тэхнічнай і першай ступені вышэйшай (бакаляўрыят). Адтэрміноўкі ня будзе для навучаньня ў магістратуры або асьпірантуры (выключэньне — калі на навучаньне накіроўваюць дзяржаўныя органы).

Супраць законапраекту, які забараняе браць другую адтэрміноўку ад войска на час вучобы, на сайце petitions.by сабралі 10 тысяч подпісаў. Петыцыю ўжо накіравалі дэпутатам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG