Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tut.by: «Бацюшка са свастыкай» выйшаў на волю


Канстанцін Бурыкін на судзе, 10 ліпеня 2017 году
Канстанцін Бурыкін на судзе, 10 ліпеня 2017 году

Паводле зьвестак парталу Tut.by, сьвятар Канстанцін Бурыкін, вядомы як «бацюшка са свастыкай», выйшаў на волю пасьля трох гадоў турмы, якія адбыў за захоўваньне зброі. Жонку Бурыкіна «днямі» затрымалі, але праз тры дні вызвалілі.​

Летам супраць Бурыкіна завялі крымінальную справу за згвалтаваньне малалетняй дачкі, але абвінавачаньня яму пакуль ня выставілі.

Сама дачка, Аляксандра, сказала Tut.by, што вызваленьне бацькі для яе было нечаканасьцю. Яна дадала, што спадзяецца, што «жыцьцё пакарае» і яго, і ягоную другую жонку.

Акрамя гэтага, у красавіку на «бацюшку са свастыкай» гэтай вясной завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 211 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Прысваеньне або растрата»), што караецца пазбаўленьнем волі ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Што з гэтай справай, не ўдакладняецца.

Бурыкін быў вядомы сваёй актыўнасьцю ў арганізацыі «Русское национальное единство» (РНЕ). У 2014 годзе стала вядома, што ў сьвятара з тых часоў на плячы застаецца свастыка. Тады Бурыкін у інтэрвію СМІ выракся сваіх былых захапленьняў. Пры гэтым ён надалей падтрымліваў кантакты з прарасейскай арганізацыяй «Румол»; гэтая суполка праводзіла спаборніцтвы на базе ягонага прыходу.

Беларускага грамадзянства Бурыкін ня меў, як ня меў і духоўнай адукацыі. Сьвятарскі сан ён атрымаў разам з абяцаньнем збудаваць храм у Гатаве — рабочым прыгарадзе Менску. Ён быў таксама першым намесьнікам старшыні Беларускай фэдэрацыі паўэрліфтынгу, якою кіраваў Генадзь Калесьнік, старшыня БФСТ «Дынама».

Арыштавалі Бурыкіна ў лістападзе 2016 году. Тады яго часова адлучылі ад прыходу, але паводле інфармацыі ГУБАЗіК МУС, сану не пазбавілі. На судзе віну ў захоўваньні зброі былы сьвятар прызнаў, але папрасіў суд не пазбаўляць яго волі «дзеля чацьвярых дзяцей». Свае дзеяньні Бурыкін патлумачыў легкадумнасьцю і сказаў, што зброю яму перадалі актывісты РНЕ, зь якімі ён падтрымліваў стасункі як сьвятар — праводзіў для іх рэлігійныя абрады.

Бурыкін ня ўтойваў, што раней трымаўся нэанацысцкіх поглядаў, але адмаўляў, што займаўся прапагандай экстрэмізму і фашызму. Наяўнасьць у ягоным доме кніг і кампакт-дыскаў пра нацысцкую Нямеччыну Бурыкін патлумачыў захапленьнем гісторыяй. Пра другую сэнсацыйную знаходку, жырандолю ў выглядзе свастыкі, падсудны сказаў, што для яго свастыка — рэлігійны сымбаль, а ня сымбаль Нямеччыны часоў Гітлера.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG