Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бацюшка са свастыкай»: Пісталеты падарылі з РНЕ, а патроны знайшоў сын


Канстанцін Бурыкін

29 чэрвеня ў Заводзкім судзе Менску пачаўся працэс над Канстанцінам Бурыкіным, былым настаяцелем праваслаўнага прыходу ў Гатаве пад Менскам, вядомым у мэдыях як «бацюшка са свастыкай». Канстанціна Бурыкіна абвінавачваюць у набыцьці і захоўваньні зброі і боепрыпасаў. Падчас ператрусу ў доме сьвятара міліцыянты знайшлі два пісталеты — браўнінг і рэвальвэр сыстэмы наган, а таксама патроны для розных відаў зброі.

Ужо на першым судовым паседжаньні Канстанцін Бурыкін прызнаў сваю віну ў захоўваньні пісталетаў. Паводле абвінавачанага, браўнінг і наган яму падаравалі на знак удзячнасьці прадстаўнікі РНЕ («Руское национальное единство»), зь якімі ён падтрымліваў адносіны на пачатку 2000-х гадоў. Паводле Бурыкіна, з актывістамі РНЕ ў яго было 4-5 сустрэч, у тым ліку ён як сьвятар праводзіў малебны, духоўныя гутаркі і выконваў некаторыя абрады для сяброў арганізацыі.

Пра тое, што РНЕ ў Расеі была прызнаная экстрэмісцкай арганізацыяй, а ў Беларусі не была зарэгістраваная, Бурыкін, па ягоных словах, ведаў, але спачатку ня бачыў у кантактах нічога дрэннага. Падсудны заявіў суду, што пазьней «адчуваў дэструктыўнасьць» РНЕ. Пра знойдзеныя ў ягоным доме патроны Канстанцін Бурыкін патлумачыў, што адмыслова іх не захоўваў. Паводле былога сьвятара, патроны знайшоў на будоўлі ягоны сын, а ён іх у хлопца забраў і паклаў у сэйф, пра што забыўся.

Канстанцін Бурыкін ня мае рэлігійнай адукацыі, ён вядомы таксама актыўнымі заняткамі паўэрліфтынгам і тым, што мае на целе тату з выявай фашыстоўскай свастыкі, за што і атрымаў у інтэрнэце мянушку «бацюшка са свастыкай».

Канстанцін Барыкін быў арыштаваны ў канцы 2016 году, і з таго часу яго трымаюць пад вартай. За незаконныя дзеяньні са зброяй «бацюшку са свастыкай» пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG