Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адкрыецца выстава пра знойдзеных на гары Гедзіміна паўстанцаў. На афішы — беларуская мова. ФОТА


Гара Гедзіміна

Пра знойдзеных на Замкавай гары паўстанцаў можна будзе даведацца з экспанатаў новай выставы, арганізаванай Дзяржаўным музэем Літвы ў будынку былой віленскай турмы для палітычных вязьняў.

Выстава называецца «Абуджаныя». Поўная назва: «The Awakened: The History of the Rebels Found on Gedimino Hill / Абуджаныя: гісторыя паўстанцаў, якіх знайшлі на Гары Гедзіміна».

Выстава адкрыецца 21 лістапада і будзе дзейнічаць да 31 траўня 2020 году. Адрас: вуліца Тадэвуша Касьцюшкі (T. Kosciuškos) № 1.

Экспазыцыя выставы раскажа пра вызвольнае паўстаньне 1863-1864 гадоў і яго ўдзельнікаў.

Арганізатары паведамляюць, што выстава будзе працаваць у сераду і чацьвер ад 12.00 да 20.00, а ад пятніцы да нядзелі ад 12.00 да 18.00.

Уваходныя квіткі будуць па 4 эўра, ільготныя — па 2 эўра.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў 22 лістапада на віленскіх могілках Росы. Што вядома на гэты момант.

Раскопкі на Замкавай гары, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў
Раскопкі на Замкавай гары, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG