Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Які б ня быў, усё роўна мой брат». Інтэрвію зь сястрой асуджанага да расстрэлу


Илюстрацыйнае фота
Илюстрацыйнае фота

Беларусь — апошняя краіна Эўропы, дзе па-ранейшаму існуе сьмяротнае пакараньне. Улады краіны не публікуюць афіцыйную статыстыку пра выкананьне вышэйшай меры пакараньня. Дату і месца расстрэлу не паведамляюць сваякам асуджаных, як і месца, дзе пахаваныя целы людзей, якіх расстрэльваюць па рашэньні суду, піша Серж Харытонаў з Настоящего времени.

Па дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», з пачатку 1990-х у Беларусі расстралялі па прысудах судоў каля 400 чалавек. Як мінімум двое зь іх былі расстраляныя ў 2019 годзе, яшчэ тры чалавекі цяпер чакаюць выкананьня сьмяротнага прысуду. Сваякі некаторых асуджаных спрабуюць дамагчыся скасаваньня вышэйшай меры пакараньня для сваіх блізкіх.

Раіса Паўлава — сястра чалавека, які амаль паўгоду чакае расстрэлу ў камэры сьмяротнікаў. Віктара Паўлава прысудзілі да найвышэйшай меры пакараньня ў ліпені 2019 году: суд прызнаў 50-гадовага мужчыну вінаватым у забойстве дзьвюх пэнсіянэрак 76 і 78 гадоў, якім ён пэрыядычна дапамагаў па гаспадарцы. Паводле сьледзтва, 30 сьнежня 2018 году Віктар прыйшоў да іх у хату і моцна зьбіў жанчын, а таксама скраў грошы і некалькі бутэлек віна (усяго сума ў эквіваленце склала каля $ 80). Целы пэнсіянэрак выявілі празь некалькі дзён.

На судзе пракурор зьвярнуў увагу, што абвінавачаны ў 2005 годзе ўжо быў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня за забойства мужчыны. Улічваючы ўсе абставіны, абвінавачанаму прысудзілі выключную меру пакараньня — расстрэл.

«Ён сядзіць у адзіночнай камэры, зь людзьмі не кантактуе. Заўсёды кайданкі — адводзяць, прыводзяць. І форма ў яго цаглянага колеру, і бэрэт, — распавядае Раіса. — У любы час могуць прыйсьці і сказаць: «Вы ж разумееце, што вам прысудзілі. Справа — расстрэл».

Яна — адзіная сваячка асуджанага. Пасьля таго, як Віктару вынесьлі сьмяротны прысуд, Раіса бачыла свайго брата на спатканьні ў СІЗА ўсяго аднойчы.

«Часта бачу яго ў сьне, плачу. Пакутую, вядома, што я яго забраць не магу. Прыйсьці і проста забраць за ручку, як малое дзіця. Натуральна, мне цяжка, — кажа жанчына. — Усё роўна родны брат. Тым больш я яго выхавала, я яго глядзела. Я старэйшая сястра і зь ім сядзела. Натуральна, маё дзяцінства прайшлі зь ім. Вядома, шкада».

«Мама не дажыла да гэтага, але я думаю, што мама бы і з глузду зьехала, калі даведалася б. І добра, што яна не дажыла», — кажа Раіса.

Вярхоўны суд Беларусі 12 лістапада разгледзеў апэляцыю па справе Віктара, але адмовіў яму ў зьмене пакараньня. Упершыню за шмат месяцаў Раіса атрымала магчымасьць убачыць свайго брата — на судовым пасяджэньні.

«У нас ніколі нікога ў сям’і не было забойцаў і такіх, каб сядзелі, — распавядае Раіса Паўлава. — Натуральна, мне няёмка, калі я бачу людзей. І непрыемна. І страшна нават часам, што вось брат зрабіў, а на мяне пальцам могуць паказаць».

Жанчына распавядае, што ў яе нікога не засталося: бацькі і муж памерлі. Зараз, думаючы пра сьмерць брата, яна адчувае страх: «Страшна вельмі. Ня ведаю, што будзе, не магу сказаць. Але дрэнна будзе, дрэнна».

«Я фатаграфіі яго гляджу, лісты яго кладу. Буду прачытваць лісты, успамінаць яго словы — адзінае, што мне застаецца ў жыцьці рабіць... Твар яго, напэўна, на ўсё жыцьцё застанецца — як я яго бачыла на спатканьні: з гэтым бэрэтам...».

Раіса спадзяецца, што рана ці позна Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня. Яна кажа, што лепш бы ў выглядзе максымальнага пакараньня давалі пажыцьцёвае зьняволеньне.

«Для чалавека 25 гадоў — гэта ўсё роўна вялікі тэрмін адседзець. Мне хочацца, каб расстрэлы адмянілі. Неяк жорсткасьць раней была, памятаеце: фашысты-немцы забівалі... Гэта нават страшна », — кажа Раіса.

Зараз зьмяніць прысуд Віктару Паўлаву можа толькі асабіста Аляксандр Лукашэнка. Але за ўсе гады свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка памілаваў толькі аднаго асуджанага да сьмяротнага пакараньня. Рашэньне Вярхоўны суд Беларусі прыняў на фоне першага за 3,5 года візыту беларускага прэзыдэнта ў ЭЗ. На сустрэчы Лукашэнка сказаў, што меркаваньне беларусаў пра сьмяротнае пакараньне не зьмянілася.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, спадзяваўся, што візыт Лукашэнкі ў Аўстрыю паспрыяе іншым рашэньням Вярхоўнага суду. «На жаль, цудаў не бывае. Як сказаў пракурор, абвінавачаны прадэманстраваў „грэбаваньне да жыцьця “. І вось зараз усім нам прадастаўленая магчымасьць гэтае грэбаваньне да жыцьця прадэманстраваць, таму што прысуды выносяцца ад імя ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, ад імя Рэспублікі Беларусь, ад усіх нас», — лічыць Стэфановіч.

Эўрапейскія краіны і праваабарончыя арганізацыі рэгулярна зьвяртаюцца да беларускага кіраўніцтва з патрабаваньнем адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня. Але ўлады Беларусі ў адказ спасылаюцца на «волю народу» — так называюць вынікі рэфэрэндуму 1996 году. Паводле меркаваньня апанэнтаў улады і міжнароднай супольнасьці, рэфэрэндум быў праведзены з істотнымі парушэньнямі заканадаўства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG