Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым адрозьніваюцца афіцыйны і праваабарончы даклады пра катаваньні ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый прэзэнтавалі грамадзкасьці альтэрнатыўную справаздачу аб выкананьні Беларусьсю Канвэнцыі супроць катаваньняў (PDF)​. Даклад праваабаронцаў разгледзяць разам з адпаведным дзяржаўным дакладам на сэсіі Камітэту супроць катаваньняў ААН, якая адбудзецца ў канцы красавіка ў Жэнэве. Праваабаронцы не выключаюць палкай дыскусіі, бо іх погляд на сытуацыю з катаваньнямі ў Беларусі значна адрозьніваецца ад таго, што рапартуюць з МЗС і сілавых установаў, якія рыхтавалі дзяржаўны даклад.

Ці прадугледжвае беларускі закон адказнасьць за катаваньні?

Праваабаронцы прызнаюць, што беларуская дзяржава зрабіла «крок наперад» у параўнаньні з 2011 годам, але гэты крок вельмі малы і выявіўся толькі ў тым, што справаздача зроблена. Што ж да сутнасьці, мяркуюць недзяржаўныя абаронцы правоў чалавека, зьменаў амаль ніякіх. Тычыцца гэта і заканадаўчага афармленьня барацьбы з катаваньнямі. Ці замацаваная гэтая барацьба ў законе?

Дзяржаўны даклад

Аўтары дзяржаўнага дакладу сьцьвярджаюць, што такая норма ў законе наўпрост прапісаная:

«У дадзены час крымінальная адказнасьць за злачынствы, зьвязаныя з ужываньнем катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасьці відаў абыходжаньня альбо пакараньня, прадугледжаная артыкуламі 128 „Злачынствы супроць бясьпекі чалавецтва“ і 394 „Прымус да даваньня паказаньняў“ Крымінальнага кодэксу».

Сярод пакараньняў за катаваньні, паводле дзяржаўнага дакладу, ёсьць зьняволеньне на розныя тэрміны і нават сьмяротная кара. Для службовых асобаў закон прадугледжвае пазбаўленьне волі да 10 год і пазбаўленьне права займаць службовыя пасады на розныя тэрміны.

Даклад праваабаронцаў

Праваабаронцы кажуць, што гэтыя заявы беларускіх чыноўнікаў — спроба падмануць ААН, а насамрэч адказнасьць за катаваньні наўпрост у беларускім законе не прапісаная.

На такой выснове настойвае адзін з аўтараў альтэрнатыўнага дакладу Сяргей Усьцінаў з ініцыятывы «Праваабаронцы супроць катаваньняў». Ён зьвяртае ўвагу на тое, што 394 артыкул, на які спасылаюцца чыноўнікі, тычыцца толькі службовых асобаў ці сьледчых, а катаваць чалавека могуць і простыя міліцыянты ці таварышы па вайсковай службе.

Што да 128 артыкула, дык у ім гаворыцца пра катаваньне, зьвязанае зь незаконным утрыманьнем ці выкраданьнем, якое яшчэ абумоўлена і пэўнай варожасьцю, прыкладам, на нацыянальнай ці рэлігійнай глебе.

«У выніку вядомыя ўсім выпадкі катаваньняў проста не падпадаюць пад гэтыя артыкулы, і на гэтай падставе ўлады заяўляюць, што катаваньняў у нас няма», — абураецца праваабаронца.

Праваабаронца прывёў у якасьці прыкладу гісторыю, якая здарылася тры месяцы таму ў апорным пункце міліцыі ў Магілёве. Жыхар гораду, якога затрымалі, распавёў, што міліцыянты згвалцілі яго міліцэйскай дубінкай, але на артыкул аб катаваньнях гэта «не пацягнула», і справу дагэтуль не завялі.

«Па 394-м артыкуле злачынства ўчыняе сьледчы, а тут шараговыя міліцыянты, па 128 таксама іншыя акалічнасьці — зноў не падыходзіць. У выніку праверку цягнуць ужо 3 месяцы, пацярпелага не апытваюць, справу не заводзяць», — кажа праваабаронца Сяргей Усьцінаў.

Ён таксама адзначыў, што ніхто з высокапастаўленых прадстаўнікоў сілавых структураў не асудзіў ужываньне катаваньняў да затрыманых і вязьняў. Словы Аляксандра Лукашэнкі пра выдзяленьне асобных месцаў зьняволеньня для асуджаных за наркотыкі Сяргей Усьцінаў увогуле лічыць дазволам на катаваньні. «...Усталюем ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў той калёніі, наўпрост скажу: сьмерці прасілі. Тое самае і для распаўсюднікаў», — сказаў некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка, і пасьля гэтага асуджаных па 328 артыкуле пачалі зьмяшаць у асобныя калёніі, а на турэмную форму ім начапілі зялёныя таблічкі.

Ці сапраўды ўсе заявы і скаргі на катаваньні пільна правяраюцца?

Дзяржаўны даклад

Дзяржаўны даклад катэгарычна сьцьвярджае:

«Усе заявы і скаргі на неправамерныя дзеяньні, якія былі ўчыненыя адносна грамадзян, пільна разглядаюцца і расьсьледуюцца».

Паводле аўтараў дакладу, вязьням, якія зьвяртаюцца са скаргамі, прадстаўляецца неабходная дапамога, скаргі вывучаюцца ва ўмовах канфідэнцыйнасьці.

Прыводзіцца статыстыка, зь якой сапраўды відаць, што скаргаў разгледжана нямала. Але які вынік?

Гэтак, з 2011 па 2014 год пракуроры праверылі 158 скаргаў вязьняў на адміністрацыю вязьніц, аднак ніводная скарга не была задаволеная. За той жа час суды разгледзелі 15 спраў па скаргах зьняволеных — вынік той самы. Ніводнага выйгранага скаржнікам працэсу, прызнае дзяржаўны даклад аб сытуацыі з катаваньнямі ў Беларусі.

Даклад праваабаронцаў

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Праваабаронца зь «Вясны» Павал Сапелка заўважае, што бесчалавечнасьць у месцах зьняволеньня — ня толькі беларуская праблема, гэта ўласьціва і шмат якім іншым краінам. Розьніца — у тым, як улада рэагуе на гэтую праблему.

«Мы канстатуем, што беларуская дзяржава не асэнсавала неабходнасьць рэагаваць на кожны выпадак катаваньняў у вязьніцах. Мы найперш патрабуем расьсьледаваньняў, тым больш калі гаворка пра выпадкі сьмерці ў месцах зьняволеньня», — кажа Павал Сапелка.

Праваабаронца пералічыў выпадкі, калі, на думку назіральнікаў, сьмерці вязьняў засталіся не расьсьледаваныя. Гэта сьмерці ў турме № 8 Алега Багданава, Ігара Барбашынскага, Сяргея Ішчука ў калёніі ў Глыбокім ды іншыя выпадкі.

Іван Барбашынскі: «Я лічу свой вырак палітычным, брата забілі ў СІЗА». ВІДЭА

Вось апошні зь іх, які здарыўся год таму ў Глыбокім.

«У студзені 2017 году ў калёніі № 13 у Глыбокім сканаў вязень Валянцін Пішчалаў. На пададзеныя сваякамі скаргі адносна падазрэньняў аб неаказаньні мэдычнай дапамогі былі атрыманыя адмовы», — паведамляюць праваабаронцы і падрабязна пераказваюць гісторыю хваробы вязьня. Высьвятляецца, што Валянцін Пішчалаў паскардзіўся на дрэнны стан яшчэ 19 сьнежня 2016 году: што ўжо тыдзень хварэе, кашляе, яго калоціць, тэмпэратура 39,2. Аднак фэльчар, агледзеўшы вязьня, палічыў, што ягоны стан здавальняючы, і паставіў дыягназ — прастуда, хоць у мэдычнай картцы ў вязьня быў запіс пра тое, што ў яго былі падазрэньні на сухоты. Да 3 студзеня дадаткова мэдычнай дапамогі Валянціну Пішчалаву не аказвалі, а калі празь дзень спахапіліся і павезьлі ў шпіталь, па дарозе ён памёр.

Паводле Канвэнцыі аб катаваньнях, якую падпісала Беларусь, неаказаньне неабходнай мэдычнай дапамогі — форма катаваньня, зазначаюць праваабаронцы.

Ці рэагуюць суды на заявы пра катаваньні падсьледных?

Паводле праваабаронцаў, сытуацыя з катаваньнямі ў месцах зьняволеньня і часовага ўтрыманьня магла б зьмяніцца, калі б на падобныя заявы адпаведна рэагавалі суды. Як стаяць тут справы?

Дзяржаўны даклад

Паводле аўтараў дзяржаўнага дакладу, «незалежнасьць судзьдзяў забясьпечаная вызначаным заканадаўчымі актамі парадкам іх прызначэньня, прыпыненьня і спыненьня паўнамоцтваў, недатыкальнасьцю, працэдурай разгляду спраў, таямніцай нарады пры вынясеньні прысудаў» ды іншымі фактарамі. Умяшаньне ў працу судзьдзяў караецца законам, нагадваюць аўтары дакладу.

Судзьдзі ў Беларусі — дзяржаўныя чыноўнікі, памеры іхніх заробкаў вызначаюцца законам, згадваецца ў дакладзе. Пра тое, хто прызначае судзьдзяў, аўтары дакладу ня кажуць. «Прызначаюцца на пасаду тэрмінам на 5 год і могуць быць прызначаныя на новы тэрмін ці бестэрмінова».

«Былі гісторыі, пасьля якіх мне рабілася дрэнна». Ілюстратарка дзіцячых кніг зрабіла праект пра катаваньні

Даклад праваабаронцаў

Яшчэ адну прычыну захаваньня практыкі катаваньняў у Беларусі аўтары альтэрнатыўнага дакладу для Камітэту ААН супроць катаваньняў бачаць у дзейнасьці судзьдзяў. «Права на справядлівы суд — асноўнае права чалавека», — нагадвае праваабаронца Дзьмітры Чарных і заўважае, што ў Беларусі судзьдзі, як правіла, ігнаруюць заявы падсудных пра катаваньні падчас сьледзтва.

«Ці можна было хворага саджаць у „стакан“?» — маці вязьня Багданава, які памёр у Жодзінскім СІЗА

Паводле падпісаных Беларусьсю канвэнцый у такім выпадку суд мусіць прыпыніць разгляд справы і праверыць заяву. Але ў Беларусі такога не адбываецца, і паказаньні, узятыя з парушэньнем закону, найчасьцей усё роўна кладуцца ў падмурак прысуду, мяркуе Дзьмітры Чарных. Праваабаронца кажа пра залежнасьць судзьдзяў ад выканаўчай улады і пра тое, што найбольшыя магчымасьці ўмяшаньня ў працу судзьдзяў — у кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

«Ён прызначае судзьдзяў, павышае ці паніжае іх кляс, можа прыцягнуць да адказнасьці і звольніць, прычым абскардзіць гэтае рашэньне судзьдзя ня можа. Памеры заробкаў судзьдзяў ні ў якім законе не прапісаныя і застаюцца закрытымі ад грамадзкасьці».

«Суд прызнаў пабоі падзеньнем з вышыні ўласнага росту»

Пра «ўдзел» судзьдзяў у практыцы катаваньняў, якая склалася ў Беларусі, можа сьведчыць наступны факт, пра які распавядаецца ў альтэрнатыўным дакладзе.

«Артур Яўглеўскі, 1988 году нараджэньня, быў затрыманы ў лютым 2014 году. Пры затрыманьні быў моцна зьбіты, у РУУС Ленінскага раёну зламана 2 пальцы на назе. У РУУС Фрунзенскага раёну г. Менску яго катавалі, каб падпісаў прызнальныя паказаньні. Пабоі былі зафіксаваныя, на катаваньні былі пададзеныя скаргі. У турме г. Жодзіна за ўсе скаргі яго зноў зьбілі. Суд не прыняў заяву аб катаваньнях і прызнаў пабоі „падзеньнем з вышыні ўласнага росту“».

Залежная адвакатура ды іншыя фактары

Яшчэ адным з фактараў, якія ўплываюць на сытуацыю з катаваньнямі ў Беларусі, аўтары альтэрнатыўнага дакладу назвалі залежнасьць адвакатаў ад Міністэрства юстыцыі, што зьніжае эфэктыўнасьць абароны грамадзян.

Асобнае месца ў дакладзе праваабаронцаў таксама адведзена правам інвалідаў і людзей з асаблівасьцямі. Утрымліваньне іх у месцах зьняволеньня аўтары прыроўніваюць да катаваньня. Паводле праваабаронцаў, у Беларусі супроць актыўных грамадзянаў працягваюць выкарыстоўваць карную псыхіятрыю, што таксама лічыцца катаваньнем.

На якія саступкі згодная пайсьці дзяржава?

Вікторыя Фёдарава
Вікторыя Фёдарава

Старшыня «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава зазначыла, што пакуль толькі па трох пунктах беларуская дзяржава прызнала пэўныя праблемы ў «кейсе» аб катаваньнях і згодная нешта прадпрыняць. Што менавіта?

«Ёсьць ведамасны плян, у якім запісаныя пэўныя карысныя мерапрыемствы.

Першае — па вывучэньні неабходнасьці ўвядзеньня аўдыё- і відэазапісу допыту падсьледных.

Другое — па вывучэньні нормы аб спыненьні разгляду справы ў судзе пры заяве падсуднага аб катаваньнях падчас сьледзтва з праверкай гэтых заяваў.

Таксама ёсьць плян да 2020 году пабудаваць і рэканструяваць ізалятары і будынкі МУС, каб зьменшыць пагрозу катаваньняў у іх.

Але гэта толькі пляны, і пакуль няма гарантыі, што яны будуць рэалізаваныя, а грошы на ўсе праекты знойдуцца. Між тым праблема катаваньняў ужо не цярпіць адкладу», — мяркуе Вікторыя Фёдарава з «Прававой ініцыятывы».

Альтэрнатыўны даклад аб выкананьні Канвэнцыі супроць катаваньняў падрыхтавалі «Праваабаронцы супроць катаваньняў», «Прававая ініцыятыва», «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Офіс па правах людзей з інваліднасьцю, «Вясна» пры падтрымцы Freedom House і Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH).

«28 тысяч вязьняў 5 гадоў таму, цяпер 35 тысяч», — праваабаронцы гавораць пра рост колькасьці зьняволеных і пагаршэньне ўмоваў у турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG