Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«28 тысяч вязьняў 5 гадоў таму, цяпер 35 тысяч», — праваабаронцы гавораць пра рост колькасьці зьняволеных і пагаршэньне ўмоваў у турмах


Круглы стол «Утрыманьне ў турмах і ІЧУ: нормы і рэальнасьць»

У Менску праваабаронцы і актывісты ініцыятывы «Наша права» абмеркавалі сытуацыю ў вязьніцах Беларусі. Круглы стол «Утрыманьне ў турмах і ІЧУ: нормы і рэальнасьць» быў арганізаваны на ініцыятыву дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ганны Канапацкай. На яе думку, дзейныя законы дазваляюць палепшыць становішча, але перашкодай ёсьць дрэнная практыка ўжываньня законаў з боку міліцыі і пасіўнасьць грамадзтва.

Мадэратар круглага стала, старшыня Сацыяльна-хрысьціянскага руху Вольга Кавалькова, прыгадала пра падзеі сакавіка, калі сотні людзей аказаліся за кратамі, зьведалі на сабе становішча ў ізалятарах часовага ўтрыманьня. Вольга таксама аказалася сярод вязьняў, адбыўшы 7 сутак у ІЧУ Маладэчна пасьля мітынгу недармаедаў.

Вольга Кавалькова падчас круглага стала
Вольга Кавалькова падчас круглага стала

«Пакуль ты сам там не пабудзеш, гэтага не разумееш да канца. Сытуацыю трэба абавязкова выпраўляць», — перакананая Кавалькова. Актывістка ў жаху ня толькі ад умоваў у турмах, але і ад статыстычных паказчыкаў, якія сьведчаць пра тое, што сытуацыя не выпраўляецца.

«У Беларусі 35 тысяч зьняволеных, гэта адно зь лідэрскіх месцаў у Эўропе па колькасьці асуджаных і 14-е месца ў сьвеце. Прычым 5 гадоў таму, у 2012 годзе, вязьняў было 28 тысяч, цяпер іх на 7 тысяч больш. Куды мы ідзём?»

Паводле маладога палітыка, правы зьняволеных масава парушаюцца; дэкляруецца адно, а на практыцы становішча зусім іншае, значна горшае. Вольга Кавалькова выказалася за распрацоўку мэханізму грамадзкага ўзьдзеяньня на сытуацыю з правамі чалавека ў вязьніцах. Сярод элемэнтаў — маніторынг становішча ў пэўных турмах празь сьведчаньні вязьняў і іхных сваякоў, пэтыцыі і скаргі ва ўрадавыя ўстановы, дэпутацкія запыты, на якія прадстаўнікі ўлады мусяць адрэагаваць.

Але хто на волі будзе змагацца за лепшыя ўмовы ў турмах, калі там пагаджаюцца цярпець?

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ганна Канапацкая мяркуе, што становішча можна выправіць, калі ціск будзе і звонку, і знутры. Узьнікла палеміка. Ліяна Шуба з ініцыятывы «Наша права» расказала пра калёнію № 15. Адна жанчына паскардзілася адміністрацыі калёніі на тое, што яе ўнука незаконна, як яна мяркуе, пазбавілі спатканьня. Пасьля гэтага ўнука пасадзілі ў ШЫЗА — турэмны карцэр. Дык ці варта скардзіцца?

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая настойвае на тым, што варта. З дэпутаткай спрачаецца іншая актывістка «Нашага права» і прыводзіць у якасьці аргумэнту другую гісторыю. Цяпер яна тычыцца асуджанага паводле артыкулу 328 — гэта за распаўсюд наркотыкаў. Вядома, што асуджаныя паводле гэтага артыкулу ў беларускіх вязьніцах у асобнай групе, якую ўсяляк дыскрымінуюць. І вось такі прыклад: у калёніях ёсьць такая форма кантактаў са сваякамі, як «дзень адчыненых дзьвярэй». Гэта калі ў пэўны дзень можна ня проста сустрэцца са сваяком, але і паглядзець на ўмовы, у якіх трымаюць вязьня. Але, паводле актывістаў «Нашага права», такая форма працы чамусьці не распаўсюджваецца на асуджаных паводле 328-га артыкулу. «У мяне сын сядзіць у 10-м атрадзе калёніі № 15. У нас ніколі не было дня адчыненых дзьвярэй», — гаворыць жанчына. «А вы гэта абскарджвалі?» — пытаецца ў яе Ганна Канапацкая і чуе незадаволены адказ: «Каб сына кінулі ў ШЫЗА?» Але дэпутатка не здаецца: «А хто за вас будзе вырашаць вашы праблемы? Цудаў не бывае».

Паводле Ганны Канапацкай, парушэньні правоў вязьняў — праблема ня толькі саміх вязьняў ды іх сваякоў, але ўсяго грамадзтва. Большасьць асуджаных, на думку дэпутаткі, у вязьніцах насамрэч не выпраўляюцца і па вызваленьні прыносяць на волю свае праблемы — азлобленасьць, расчараваньне ў жыцьці, грамадзкую пасіўнасьць ды агрэсію да іншых. І, што таксама здараецца часта, новыя злачынствы.

Законы таксама вінаватыя

Валер Шчукін мае досьвед як праваабаронцы, так і палітвязьня. У ізалятары на Акрэсьціна, у Жодзінскім СІЗА — дзе б ні сядзеў, не скараўся, паўсюль дамагаўся паляпшэньня ўмоваў, у тым ліку праз добрае веданьне нормаў і законаў. Але Валер Шчукін спадзяецца ня толькі на ўпартасьць тых, хто абараняе свае правы. На думку былога дэпутату Вярхоўнага Савету, трэба паляпшаць і законы, рабіць іх больш гуманнымі.

Валер Шчукін
Валер Шчукін

«Сёньня паводле закону сьледчы можа ўзяць падазраванага пад варту, калі артыкул, які яму інкрымінуюць, прадугледжвае 2 і больш гадоў зьняволеньня. Але такіх артыкулаў у Крымінальным кодэксе 90%, вось і арыштоўваюць амаль усіх запар. А потым кажам пра перанаселенасьць сьледчых ізалятараў, пра тое, што людзі там сядзяць да суду гадамі», — абураецца праваабаронца і настойвае на тым, што заканадаўцам трэба таксама варушыцца. На гэта ад мадэратара гучыць контраргумэнт. Што беларускі парлямэнт «ручны» і мала прыдатны да сапраўднай працы, што ў суседняй Літве за год прымаюць больш за тысячы паправак у розныя законы, а ў нас лік ідзе на дзясяткі.

Праблема 328

Ліяна Шуба з «Нашага права» зноў кажа пра дыскрымінацыю паводле артыкулу 328 аб распаўсюдзе наркотыкаў. Паводле жанчыны, апэратыўнікам дадзеная неабмежаваная ўлада, яны могуць завесьці справу апэратыўнага ўліку, паставіць чалавека ў распрацоўку нават без санкцыі пракурора і потым лёгка падвесьці чалавека, які адзін раз спатыкнуўся, да прысуду ў 10 гадоў.

«Прысуды „наркаманам“ — самыя жорсткія, і ў вязьніцах дыскрымінацыя працягваецца. Зялёныя біркі, самая цяжкая праца без уліку адукацыі, не ўжываюць умоўна-датэрміновага вызваленьня (не чакай амністыі), ды і па выхадзе на волю, праз 10 гадоў, ужо ніякіх жыцьцёвых пэрспэктыў. Як быць? Што зьмяніць?»

Паводле актывістак з «Нашага права», прыйшоў час прааналізаваць, як працуе дэкрэт № 6 Аляксандра Лукашэнкі, які санкцыянаваў больш жорсткае стаўленьне да парушальнікаў «наркатычных» артыкулаў. «Ужо мінулі 4 гады, а колькасьць асуджаных паводле 328 артыкулу не скарачаецца, ужо да 40 % такіх асуджаных; дзьвюх калёній, як плянавалася, ужо не хапае, іх цяпер паўсюль трымаюць у своеасаблівых гета. Дэкрэт прымаўся як часовы захад і сябе яўны зжыў. Можа, сасьпеў час перагледзець і закон аб адказнасьці за наркотыкі, унесьці ў яго папраўкі, якія разьмяжуюць адказнасьць спажыўца і дылера? Нарэшце, трэба прадугледзіць і адміністрацыйную адказнасьць, ня толькі крымінальную», — мяркуюць актывісткі.

Вада. Ежа. Жылплошча

Ілюстрацыйнае фота. Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску
Ілюстрацыйнае фота. Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску

​На круглым стале шмат казалі пра дрэнныя бытавыя ўмовы ў вязьніцах. Пасыпаліся прыклады. У Баранавічах СІЗА, дзе баракі непрыдатныя для жыцьця, лічаць сьведкі. У 13-й калёніі дрэнная вада, немагчыма піць. У папраўчай калёніі № 3 праблема скучанасьці. Тое самае, паводле актывісткі Ларысы Кацінскай, у калёніі № 22 «Воўчыя норы», што пад Івацэвічамі. Там сядзяць 1350 чалавек, а мусяць па нормах толькі 950. «Адсюль безьліч дысцыплінарных спагнаньняў: раніцай не пасьпеў памыцца, гузік у сьпешцы не зашпіліў — ШЫЗА. Калёнію трэба разгружаць праз УДВ (умоўна-датэрміновае вызваленьне), але гэтага ня робяць, бо там большасьць вязьняў — 328-ы артыкул, „наркаманы“, а іх датэрмінова не выпускаюць».

Аціка Каралюк распавяла аб праблеме, якую цяжка ўявіць у дэмакратычным грамадзтве. Паводле яе, адміністрацыі некаторых калёній адмаўляюцца ад дапамогі, якую прапануюць актывісткі. «У калёніях № 22 і 13 мы прапаноўвалі ўсталяваць фільтры, бо там вада дрэнная, дык адмовіліся, ня хочуць нашай дапамогі. Ня ведаем нават, чаму».

Забалелі ў турме зубы — чакай выхаду на волю

Ілюстрацыйнае фота. Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску. Вязьні на прагулцы
Ілюстрацыйнае фота. Папраўчая калёнія № 3 у Віцебску. Вязьні на прагулцы

​Маці вязьня-інваліда Алена Яцкевіч паскардзілася на тое, што Міністэрства аховы здароўя фактычна ўхілілася ад дапамогі вязьням.

«Міністар адказвае, што гэта не ўваходзіць у іхнюю кампэтэнцыю — абарона здароўя вязьняў. Усё аддадзена ў рукі Міністэрства ўнутраных спраў, а там да хворых ставяцца найперш як да злачынцаў, якіх трэба пільнаваць».

Паводле актывістаў «Нашага права», самая запатрабаваная паслуга ў беларускіх вязьніцах — гэта лячэньне зубоў, але забясьпечанасьць лекарамі і абсталяваньнем такая, што нават тэрміновую дапамогу атрымаць цяжка, ня тое што прайсьці плянавае лячэньне.

«Таксама цяжка атрымаць даведку з паліклінікі пра захворваньне вязьня. Для гэтага патрэбна даверанасьць ад асуджанага, бо ягонае здароўе — мэдыцынская тайна, у выніку хвароба запускаецца і ня лечыцца».

Іншая актывістка: «Яшчэ жахлівай праблемай ёсьць атрыманьне вязьнем ад сваякоў мэдычнай бандэролі. У калёніі кажуць, што ў іх усё ёсьць, яны ўсім забясьпечаныя, а насамрэч у іх амаль няма добрых лекаў і людзей рэальна ня лечаць. Альбо такі прыклад: асуджаным паводле 328-га артыкулу вітаміны атрымліваць нельга. Аказваецца, паводле афіцыйных адказаў, вітаміны — гэта дабаўкі да ежы, а значыць, „не паложана“. Бывае, што бандэролі тыднямі ляжаць і не даходзяць да вязьняў. Быў выпадак у 13-й калёніі, вязень Сяргей Ішчук памёр, а бандэроль зь лекамі ад сваякоў тыдзень ляжала, засталася нераскрытая. Не дачакаўся».

Адкрыцьцём для звычайнага чалавека ёсьць тое, што кожнага, хто трапляе ў ізалятар часовага ўтрыманьня альбо турму, мусіць агледзіць лекар. Гэта закон. Але аказваецца, яго чамусьці ня ведаюць ня толькі звычайныя грамадзяне, але і міліцыянты, якія служаць у вязьніцах. Вось доказ. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», які дасьледаваў больш за 150 анкет арыштаваных на Дзень Волі, амаль палову мэдыкі не аглядалі.

«Ніколі ня ўбачыш таго, што табе ня хочуць паказаць»

Кароткая аказалася размова пра турэмную ежу. Але не таму, што якасьць турэмнага харчаваньня палепшала. Проста, паводле ўдзельнікаў круглага стала, гэтая тэма заслугоўвае асобнага абмеркаваньня. Адзін невялікі штрых.

Вязень з ПК-13 напісаў маці: «Як добра, што ёсьць праверкі, бо калі праверкі прыходзяць, нам даюць нармальную бульбу, а не як звычайна, гнілую. І рыба нармальная, кавалкамі, а ня вочкі».

Жанчыны з «Нашага права» ў адзін голас падсумавалі: калі б не дапамога з волі, іх сыны б галадавалі. Але тут праблема ня толькі ў якасьці прыгатаваньня, малым наборы дазволеных прадуктаў альбо колькасьці перадач. Празрыстасьць турэмных бюджэтаў — таксама вялікая бяда, бо і тут крадуць, як і на волі.

Што па сілах зрабіць?

Праваабаронца Алег Воўчак прапануе больш складаць зваротаў, у тым ліку зьвярнуцца ў АБСЭ.

Паводле былога адваката, праваабаронцы «Вясны» Паўла Сапелкі, магчымасьці грамадзтва ўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў турмах Беларусі вельмі абмежаваныя.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

«У Беларусі няма інстытуту амбудсмэна; грамадзкія назіральныя камісіі пры выканкамах, якія нібыта мусяць сачыць за становішчам, на справе рэальна працаваць ня здольныя, бо іх нават не пускаюць у калёніі з фотаапаратамі, каб зафіксаваць парушэньні і потым дамагацца іх выпраўленьня. Увогуле візыты — гэта слабая мера, бо дзейнічае правіла: ніколі ня ўбачыш таго, што табе ня хочуць паказаць. Але мы ў „Вясьне“ выбралі іншы шлях — выкарыстаньне нацыянальных мэханізмаў. Трэба падключаць незалежныя мэдыя, каб як мага часьцей зьяўлялася інфармацыя пра становішча ў вязьніцах, пра здарэньні за калючым дротам. Пры гэтым такая парада: ня трэба зьмешваць у адно пытаньні справядлівасьці прысуду і ўмоваў утрыманьня. І яшчэ вельмі важна дамагацца таго, каб была ўвага на міжнародным узроўні. Пакуль станоўчыя вынікі часьцей за ўсё адбываліся пасьля вонкавага ціску».

Вольга Кавалькова падвяла вынікі размовы. Паводле яе, будзе падрыхтаваны калектыўны зварот наконт непрыдатных умоваў утрыманьня ў пэўных установах, са сьведчаньнямі і фактамі. Пасьля збору подпісаў пад зваротам яго накіруюць у МУС, пракуратуру Беларусі, Савет Міністраў і ў міжнародныя структуры. На падставе гэтага дакумэнту дэпутатка Ганна Канапацкая мяркуе зрабіць шэраг дэпутацкіх запытаў.

«Яшчэ прагучала ідэя прапанаваць Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, які ў асноўным ігнаруе такія мерапрыемствы, як наш круглы стол, самому правесьці грамадзкае абмеркаваньне становішча ў вязьніцах. Пакуль паводле ўмоваў утрыманьня і сытуацыі з правамі чалавека ў месцах зьняволеньня Беларусь далёкая ня тое што ад эўрапейскіх стандартаў, але і ад уласнага заканадаўства», — мяркуе Вольга Кавалькова.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG