Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку прымаў палітык, які мае мізэрныя паўнамоцтвы». Пра нюансы візыту ў Аўстрыю


Аляксандар Лукашэнка ў Вене
Аляксандар Лукашэнка ў Вене

Галоўны сэнс візыту Лукашэнкі ў Аўстрыю — сымбалічны. Гэта важней за канкрэтныя вынікі, якія, як выявілася, — мінімальныя.

Сьцісла

  • Гэта першы афіцыйны візыт кіраўніка дзяржавы ў краіну ЭЗ за 23 гады.
  • У пэўным сэнсе цяперашні прыезд Лукашэнкі ў Вену можна лічыць дыпляматычнай хібай. Бо ў Аўстрыі цяпер няма сталага ўраду. Таму замест зьмястоўных перамоваў і дамоваў застаюцца пераважна пратакольныя сустрэчы.
  • Тым ня менш Лукашэнка, ладзячы візыт у Аўстрыю, лічыць сябе пераможцам. Бо ЭЗ вымушаны будаваць адносіны з афіцыйным Менскам, хоць аўтарытарны рэжым у Беларусі захаваўся.
  • Лукашэнка выбраў Аўстрыю для наведваньня таму, што больш ніхто з краін ЭЗ (акрамя Латвіі) не запрашае беларускага лідэра прыехаць з афіцыйным візытам.
  • Цяперашні візыт не выклікае нейкіх падазрэньняў з боку Расеі.
  • Двухгадовае ігнараваньне ўсіх запрашэньняў у краіны ЭЗ тлумачыцца і пэўнымі псыхалягічнымі чыньнікамі. Лукашэнка моцна траўмаваны і заходнімі санкцыямі, і падтрымкай беларускай апазыцыі Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам.

Цяперашняе наведваньне Аляксандрам Лукашэнкам Аўстрыі — сапраўды знакавая падзея для замежнай палітыкі Беларусі. Бо гэта першы афіцыйны візыт кіраўніка дзяржавы ў краіну ЭЗ за 23 гады. Апошні раз падобнае адбылося ў 1996 годзе, тады Лукашэнка наведаў Францыю. Падкрэсьліваю слова «афіцыйны», бо рабочыя паездкі беларускага лідэра ў Эўропу адбываліся.

Як вядома, два гады кіраўнік Беларусі ігнараваў усе запрашэньні ў краіны ЭЗ. Міністар замежных спраў Уладзімер Макей тлумачыў гэта тым, што, маўляў, візыт прэзыдэнта павінен мець вынікі, прэзыдэнт ня можа езьдзіць проста дзеля пратаколу.

Дык вось, калі з такога гледзішча разглядаць цяперашні прыезд Лукашэнкі ў Вену, то гэта адчувальная дыпляматычная хіба. Бо ў Аўстрыі цяпер няма сталага ўраду. У аўстрыйскай палітычнай сыстэме галоўная ўладная фігура — гэта фэдэральны канцлер. Але ўрад атрымаў вотум недаверу, у верасьні там адбыліся парлямэнцкія выбары, на якіх перамагла Аўстрыйская народная партыя на чале з Сэбастыянам Курцам. Цяпер ідуць перамовы аб стварэньні кааліцыі. Таму функцыі канцлера часова выконвае старшыня Канстытуцыйнага суду Брыгіта Бірляйн. Але дзейны часовы ўрад і выканаўца абавязкаў канцлера ня маюць паўнамоцтваў прымаць нейкія важныя рашэньні. Прэзыдэнт у Аўстрыі адыгрывае невялікую ролю і мае мізэрныя паўнамоцтвы. Таму весьці перамовы і дамаўляцца пра нейкія важныя рэчы Лукашэнку фактычна няма з кім.

Цікава, што кіраўнік Беларусі мог наведаць Аўстрыю яшчэ год таму. Было адпаведнае запрашэньне. Тады там існаваў сталы ўрад. Але ён цягнуў час, нешта выгадваў.

Дарэчы, гандлёвыя стасункі Беларусі з Аўстрыяй ня вельмі вялікія. У 2018 годзе аб’ём двухбаковага гандлю склаў 171,5 млн даляраў, прычым беларускі экспарт — усяго 28 млн.

Таму галоўны сэнс цяперашняга візыту — сымбалічны. Гэта новая спроба «прабіць акно ў Эўропу».

Тым ня менш Лукашэнка, ладзячы візыт у Аўстрыю, лічыць сябе пераможцам. ЭЗ абвяшчаў санкцыі, падтрымліваў «каляровыя рэвалюцыі», выстаўляў жорсткія патрабаваньні. І які вынік? Палітычная сыстэма Беларусі фактычна не зьмянілася, аўтарытарны рэжым захаваўся, сытуацыя з правамі чалавека калі і палепшылася, то мінімальна. А санкцыі адмененыя, Захад актыўна ідзе на супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам, самога Лукашэнку запрашаюць у эўрапейскія сталіцы. Дык хто перамог у зацятым супрацьстаяньні, хто меў рацыю, хто прызнаў сваю паразу, дзе цяпер тыя заходнія палітыкі, якія пагражалі і ўводзілі санкцыі? З гледзішча Лукашэнкі, адказ відавочны.

Таму такія дзёрзкія былі адказы Лукашэнкі на пытаньні журналістаў пра Беларусь як больш «адкрытую краіну», чым, як можна зразумець з кантэксту, Аўстрыя. І захаваньне сьмяротнага пакараньня, паводле беларускага лідэра, — прыкмета дэмакратыі, бо так лічыць народ.

Чаму дзеля эўрапейскага «прарыву» выбрана менавіта Аўстрыя? Найперш таму, што акрамя Латвіі, больш ніхто з краін ЭЗ Лукашэнку не запрашае з афіцыйным візытам. Запрашалі на ўрачыстасьці з нагоды нейкіх юбілеяў (у Брусэль, Парыж, Варшаву), на Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы. Але гэта — іншы фармат. На самітах ці канфэрэнцыях Лукашэнка згубіўся б сярод лідэраў іншых краін. А тут ён — у цэнтры ўвагі.

Апроч таго, Аўстрыя ў вачох Лукашэнкі — гэта сапраўдная Эўропа, Заходняя Эўропа. Бо, мяркую, Латвію ці Польшчу паўнавартаснай Эўропай афіцыйны Менск ня лічыць. І гэта важна з сымбалічнага гледзішча.

Зь іншага боку, цяперашні візыт не выклікае нейкіх падазрэньняў з боку Расеі. Бо Аўстрыя — не чалец НАТО, яна мае статус нэўтральнай краіны. Да таго ж паміж Венай і Масквой існуюць добрыя адносіны, усе памятаюць кадры, як Пуцін танцаваў на вясельлі аўстрыйскага міністра замежных спраў Карын Кнайсьль.

Акрамя таго, на мой погляд, двухгадовае ігнараваньне ўсіх запрашэньняў у краіны ЭЗ тлумачыцца і пэўнымі псыхалягічнымі чыньнікамі. Справа ў тым, што ў перамовах з заходнімі палітыкамі Лукашэнка адчувае пэўны дыскамфорт. Бо ён моцна траўмаваны і заходнімі санкцыямі, і падтрымкай Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам ідэі «каляровай рэвалюцыі», а асабліва падзеямі 19 сьнежня 2010 году. Думаю, беларускі лідэр дасюль упэўнены, што тады міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны прыяжджалі ў Менск на перамовы, казалі ветлівыя словы, абяцалі грошы — дзеля маскіроўкі. І адначасова фінансавалі апазыцыю, якая спрабавала ў той вечар яго зрынуць. Таму пэўная недаверлівасьць і падазронасьць да эўрапейскіх палітыкаў засталася.

Да таго ж Лукашэнка дрэнна разумее, пра што можна дамаўляцца з заходнімі лідэрамі. Яны, у адрозьненьне ад прэзыдэнтаў шмат якіх усходніх, паўднёвых ці постсавецкіх краін, эканомікай не кіруюць, інвэстыцыі не разьмяркоўваюць. Кіраўніцтва краін ЭЗ павінна ўзгадняць свае рашэньні з Брусэлем і іншымі чальцамі Эўразьвязу. Як, дарэчы, і з сваімі парлямэнтамі. Да таго ж яны часта мяняюцца, там бясконцыя выбары, адстаўкі, вотумы недаверу і іншыя, з гледзішча Лукашэнкі, дэмакратычныя дурноты. І пра што зь імі гаварыць? Не аб правах жа чалавека?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG