Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Макей завёў Instagram

абноўлена

Уладзімер Макей, архіўнае фота
Уладзімер Макей, архіўнае фота

У сацыяльнай сетцы Instagram 11 лістапада зьявіўся акаўнт міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімера Макея. На ім зьявіліся здымкі зь візыту ў Аўстрыю, якія раней не публікаваліся афіцыйнымі прэс-службамі.

«Пасьля доўгіх роздумаў вырашыў усё ж прысутнічаць у сацсетках, каб мець кантакты з добрымі людзьмі і, калі спатрэбіцца, даць адказ нядобрым», — гаворыцца ў подпісе да першага фота на Instagram па-расейску.

Першы камэнтар пад тым фота — з афіцыйнага акаўнту расейскага сьпевака Філіпа Кіркорава, якога Макей нядаўна называў сваім сябрам. На акаўнт vladimir_makei_ ужо падпісаўся афіцыйны акаўнт МЗС Беларусі.

Акаўнт падпісаны трансьлітараваным з расейскай мовы нікам — Vladimir Makei. На пытаньне крамы Symbal.by, чаму беларускі палітык піша сваё імя не па-беларуску, акаўнт не адказаў. Але такая самая трансьлітарацыя выкарыстоўваецца на англельскамоўнай вэрсіі сайту МЗС.

Акаўнт ад імя Ўладзімера Макея зьявіўся і ў Facebook, але там яго сапраўднасьць выклікае больш сумневаў: унікальных фота не публікавалася, а адзіны здымак на старонцы — карыкатура на былога дарадцу прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана.

Акаўнты ад імя Макея не атрымалі «птушачку» вэрыфікацыі, якія даюць вядомым асобам. МЗС Беларусі не пацьвярджаў і не аспрэчваў тое, што гэта сапраўдныя акаўнты Макея. Свабода выслала МЗС запыт на камэнтар, апэратыўнага адказу атрымаць не ўдалося.

Абноўлена: Навіну пра афіцыйны інстаграм Макея апублікавала Белтэлерадыёкампанія. У камэнтары Tut.by прэс-сакратар МЗС пацьвердзіў, што Макей завёў старонку і на Facebook, але адрас старонкі не назваў.

Раней у сацсетках прысутнічаў міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа​, але калі СМІ зьвярнулі ўвагу на ягоныя фота з паляўнічымі трафэямі, ён выдаліў старонку на ВК. На Facebook цяпер прысутнічаюць міністар гандлю Ўладзімер Калтовіч, міністар сельскай гаспадаркі Анатоль Хацько, міністар транспарту Аляксей Аўраменка, міністар фінансаў Максім Ермаловіч і міністар эканомікі Дзьмітры Крутой (Крутой і Ермаловіч вядуць таксама Instagram). З 2016 году закінуты Facebook-акаўнт міністра здароўя Ўладзімера Караніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG