Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск абагнаў Гомель. Абнавіўся рэйтынг беларускіх гарадоў


Трубач грае на вежы ратушы ў Віцебску, архіўнае фота
Трубач грае на вежы ратушы ў Віцебску, архіўнае фота

Грамадзкая арганізацыя «Цэнтар новых ідэяў» абнавіла рэйтынг беларускіх гарадоў, складзены на падставе двух дзясяткаў крытэраў — дэмаграфіі, эканомікі, якасьці жыцьця, турызму і празрыстасьці ўлады. Першыя чатыры месцы засталіся за тымі ж гарадамі, што і ў 2018 годзе.

Сярод 23 беларускіх гарадоў з насельніцтвам звыш 50 тысячаў чалавек, прааналізаваных у рэйтынгу, найвышэйшы бал зноў атрымаў Менск — у сталіцы даволі добрыя балы амаль у кожным паказьніку, толькі ў дэмаграфіі (натуральным прыросьце і прадукцыйным узросьце) — сярэднія, а ў адкрытасьці зьвестак пра паседжаньні выканаўчага камітэту — нулявыя.

На другім месцы Горадня, на трэцім Берасьце. У іх ужо горш з заробкамі, беспрацоўем і інвэстыцыямі ў асноўны капітал, жытлом і харчаваньнем для турыстаў, разглядам зваротаў грамадзянаў і інфармацыяй пра грамадзкія органы. Затое лепей з дэмаграфіяй і спакойней са злачыннасьцю.

Салігорск — найвышэйшы па заробках, але толькі на чацьвёртым месцы. Ён адстае і па якасьці жыцьця (колькасьці дактароў і студэнтаў, узроўні злачыннасьці), і па турыстычнай прывабнасьці.

Віцебск і Гомель за год памяняліся месцамі — цяпер Віцебск на пятым, Гомель на шостым. За імі ідуць Наваполацак, Магілёў і Мазыр.

Найгоршыя балы ў рэйтынгу — у Слуцка, Маладэчна, Воршы, Рэчыцы, Бабруйска і Сьветлагорска.

«Для нас найлепшым горадам ёсьць той, жыцьцё ў якім адначасова ўстойлівае і дынамічнае, — тлумачаць аўтары рэйтынгу. — У ім нараджаецца больш дзяцей, чалавек мае большыя шанцы на атрыманьне вышэйшай адукацыі, на знаходжаньне высокааплатнай працы, на карыстаньне сацыяльнымі паслугамі высокай якасьці. Наіўна кажучы, найлепшы горад — гэта такі, у якім хочацца правесьці ўсё жыцьцё».

Аўтары прызнаюць, што некаторыя паказьнікі не ўдалося адлюстраваць: не прыдумалі індыкатараў, каб параўнаць гарады паводле стану інфраструктуры або экалёгіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG