Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 з 31 адсталых раёнаў Беларусі сабраліся зрабіць «не адсталымі»


У Шклоўскім раёне, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства эканомікі Беларусі разам з абласнымі выканкамамі падрыхтавала комплексны плян разьвіцьця 31 раёну Беларусі, якія прызнаныя «адсталымі паводле ўзроўню сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця».

«Адсталыя» — чвэрць раёнаў Беларусі

У пачатку году чвэрць раёнаў Беларусі былі прызнаныя «адсталымі» паводле крытэраў Савету міністраў. Гэта:

  • Ганцавіцкі, Драгічынскі і Маларыцкі раёны Берасьцейскай вобласьці;
  • Гарадоцкі, Лёзьненскі, Мёрскі, Сеньненскі, Ушацкі, Шаркаўшчынскі і Шумілінскі — Віцебскай;
  • Веткаўскі, Добрушскі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі і Чачэрскі — Гомельскай;
  • Воранаўскі, Зэльвенскі, Сьвіслацкі — Горадзенскай;
  • Клецкі, Капыльскі, Любаньскі — Менскай;
  • Глускі, Кіраўскі, Краснапольскі, Слаўгарадзкі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі — Магілёўскай.

Каму пашанцуе

Плян прадугледжвае, што з групы адсталых маюць выйсьці 11 рэгіёнаў, а 5 — «шчыльна наблізіцца» да выхаду з групы. Якія менавіта рэгіёны — не паведамляецца. Пакуль комплесны плян яшчэ не зацьверджаны Саветам міністраў і не апублікаваны.

Што задумалі зрабіць

Прэм’ер-міністар Сяргей Румас заявіў, што ў адсталых раёнах «трэба стварыць умовы ня толькі для рэальнага сэктару, але і для прыцягненьня працоўных рэсурсаў, зьніжэньня адтоку насельніцтва за кошт стварэньня камфортных умоваў для жыцьця».

Міністар эканомікі Дзьмітры Круты расказаў, што для адсталых раёнаў задумана 280 праектаў, зь якіх каля 80 — інвэстыцыі ў дзейныя вытворчасьці, каля чатырох дзясяткаў — у прамысловую інфраструктуру, каля сотні — у сацыяльныя аб’екты.

9 з 10 такіх праектаў прафінансуюць беларускія інвэстары, а іншаземцы маюць фінансаваць разьвіцьцё інфраструктуры: грошы Сусьветнага банку пойдуць на рамонт школаў і лякарняў, таксама замежныя інвэстары маюць даць грошы на будаўніцтва станцыяў абезжалежваньня вады і перавод кацельных на мясцовыя віды паліва.

Паводле яго, «увесь пакет прэфэрэнцыяў» і падатковых палёгкаў для інвэстараў у адсталых раёнах ужо дзейнічае. У частцы ёсьць свабодныя эканамічныя зоны, будуць стварацца новыя такія зоны для прамысловых прадпрыемстваў. Акрамя ўжо сфармаванага «пакету праектаў» урад мае яшчэ 224 інвэстыцыйныя прапановы, якія будзе разглядаць пазьней.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG