Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найсумнейшы, найчысьцейшы і найгоршы. Менск у рэйтынгах гарадоў Эўропы і сьвету


Ілюстрацыйнае фота. Менск з вышыні палёту паветранага шара

Расейскі сэрвіс пошуку танных авіяквіткоў Aviasales апытаў тысячу карыстальнікаў і днямі агучыў рэйтынг самых сумных гарадоў Эўропы. У сьпіс трапіла і беларуская сталіца.

Свабода згадала і іншыя рэйтынгі, дзе Менск трапляў у топ за апошні год.

Самыя сумныя гарады Эўропы

Ілюстрацыйнае фота. Дождж у Менску
Ілюстрацыйнае фота. Дождж у Менску

У рэйтынг Aviasales увайшлі восем гарадоў:

  1. Хэльсынкі (за маленькую колькасьць славутасьцяў і дрэннае надвор’е).
  2. Браціслава (тут, на думку турыстаў, нецікава, нясмачна і дорага).
  3. Карлавы Вары (паводле апытаных, «горад маленькі і ў ім мала забаваў).
  4. Мюнхэн (адны турысты сказалі, што «пасьля васьмі вечара няма куды пайсьці, акрамя піўных бараў», іншым не хапіла незвычайных славутасьцяў).
  5. Варшава (яе апытаныя назвалі «сумным, шэрым горад зь мінімумам культурна-гістарычных абʼектаў»).
  6. Піза (апытаныя Aviasales турысты не знайшлі ў ёй нічога цікавага, акрамя вежы).
  7. Вільнюс (тут падарожнікі сумавалі па вечарах і ня ведалі, чым заняцца).
  8. Менск (апытаныя адзначылі пустэчу і «адсутнасьць разынкі»).

Топ-10 гарадоў для наведваньня ў Эўропе ў 2019 годзе

Начны Менск, ілюстрацыйнае фота
Начны Менск, ілюстрацыйнае фота

Цікава, што ў гэтым рэйтынгу, складзеным брытанскім выданьнем Independent, Менск сярод гарадоў, якія варта наведаць у 2019 годзе, згадваецца найперш.

Паводле выданьня, прывабнасьць беларускай сталіцы падвысілася дзякуючы 30-дзённаму бязьвізаваму рэжыму, адной з прычынаў, па якіх варта наведаць Менск у 2019 годзе, выданьне называла другія Эўрапейскія гульні. У рэйтынгу адзначаецца, што ў Менску абавязкова варта паглядзець Стары горад, таксама ў сталіцы турысты знойдуць «мноства хіпстэрскіх кавярняў і кактэйль-бараў». Выданьне адзначае, што турыстаў напэўна ўразіць тое, наколькі Менск чысты, бясьпечны і прыязны горад.

Акрамя Менску, у рэйтынг увайшлі Ратэрдам (Нідэрлянды), Сітжэс (Гішпанія), Арль (Францыя), Сараева (Босьнія), Рым (Італія), Дыснэйлэнд у Парыжы, Бялград (Сэрбія), Вэнэцыя (Італія), Брысталь (Вялікая Брытанія).

Рэйтынг 30 самых чыстых гарадоў сьвету

Ілюстрацыйнае фота. Ля помніка Адаму Міцкевічу ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Ля помніка Адаму Міцкевічу ў Менску

У рэйтынгу 30 самых чыстых гарадоў на плянэце, складзеным амэрыканскім парталам The Street у кастрычніку мінулага году, Менск заняў трэцяе месца.

Рэйтынг складзены на падставе водгукаў падарожнікаў, пакінутых на сайце рэзэрваваньня жытла booking.com. Самы чысты, на іх думку, Сынгапур. На другім месцы — Токіё (Японія), на трэцім — Менск. «Сталіца і найбуйнейшы горад Беларусі часта рэклямуецца турыстычнымі абʼектамі як самы чысты горад у сьвеце. Старанныя працаўнікі клапоцяцца пра шматлікія паркі гораду і ўтрымліваюць вуліцы ў чысьціні», — піша The Street.

Самыя бясьпечныя гарады сьвету

Ілюстрацыйнае фота. АМАП на Кастрычніцкай плошчы ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. АМАП на Кастрычніцкай плошчы ў Менску

У рэйтынгу гарадоў сьвету па ўзроўні бясьпекі на 2019 год, складзеным парталам Numbeo у ліпені, Менск заняў 37-е месца ў бясьпечнасьці ў сьпісе з 328 гарадоў сьвету.

Самым бясьпечным горадам у сьвеце складальнікі рэйтынгу 2019 году назвалі Абу-Дабі (ААЭ), у дзясятку таксама трапілі Доха (Катар), Квэбэк Сіці (Канада), Тайбэй (Тайвань), Мюнхэн (Нямеччына), Дубай (ААЭ), Цюрых і Бэрн (Швайцарыя), Ганконг і Эскішэхір (Турэччына). Самым небясьпечным для людзей горадам на плянэце стала сталіца Вэнэсуэлы Каракас, горад знаходзіцца на апошнім месцы ў рэйтынгу.

Менск найгоршы ў Эўропе якасьцю жыцьця

Ілюстрацыйнае фота. Чарга ў менскай паліклініцы № 25
Ілюстрацыйнае фота. Чарга ў менскай паліклініцы № 25

У рэйтынгу якасьці жыцьця розных гарадоў сьвету ў 2019 годзе, які штогод складае амэрыканская кансалтынгавая кампанія Mercer, Менск зноў апынуўся на апошнім месцы сярод эўрапейскіх гарадоў. У сьпісе гарадоў па ўсім сьвеце Менск заняў 188-е месца (усяго ў рэйтынгу 231 горад).

Пяць лепшых гарадоў па вэрсіі Mercer: Вена, Цюрых, Ванкувэр, Мюнхен, Окленд. У «суседзяў» Беларусі наступныя месцы ў рэйтынгу: Масква — 167-е месца, Рыга — 90-е, Варшава — 82-е, Кіеў — 173-е, Вільня — 81-е месца.

Рэйтынг складаецца з улікам 39 фактараў, згрупаваных у 10 катэгорый: палітычнае і сацыяльнае асяродзьдзе, эканамічнае, сацыяльна-культурнае асяродзьдзе, мэдыцына і здароўе, інфраструктура і транспарт, магчымасьці для адпачынку, школьніцтва і адукацыя, жыльлё, навакольнае асяродзьдзе, спажывецкія тавары. Каб трапіць на высокі радок у сьпісе, трэба быць лідэрам не па большасьці пазыцый, а па ключавых зь іх.

Рэйтынг найлепшых студэнцкіх гарадоў сьвету

Ілюстрацыйнае фота. Студэнты на лекцыях
Ілюстрацыйнае фота. Студэнты на лекцыях

Сёлета Менск трапіў у штогадовы рэйтынг Найлепшых гарадоў для студэнтаў QS-2019, праўда, заняў у ім толькі апошняе 120-е месца. Рэйтынг падрыхтавала сусьветная кампанія ў сфэры вышэйшай адукацыі QS Quacquarelli Symonds.

Лепшымі гарадамі для студэнтаў, на думку складальнікаў рэйтынгу, у гэты раз апынуліся Лёндан (1-е месца), Токіё (2-е), Мэльбурн (3-е). На перадапошні 119-ы радок трапіў горад Лэстэр (Вялікая Брытанія), а на 118-ы — Кіеў.

Пры складаньні сьпісу ўлічваюцца рэйтынг унівэрсытэтаў, інтэрнацыянальная разнастайнасьць студэнтаў, прывабнасьць гораду (бясьпека, мэдыцына, узровень карупцыі і інш.), актыўнасьць працадаўцаў, даступнасьць, а таксама думкі студэнтаў.

20 найпрыгажэйшых гарадоў Эўропы, дзе практычна няма турыстаў

Менск, ілюстрацыйнае фота
Менск, ілюстрацыйнае фота

У 2019 годзе Менск таксама трапіў у «сьпіс найпрыгажэйшых гарадоў Эўропы, дзе практычна няма турыстаў», складзены амэрыканскім тэлеканалам CNN у ліпені.

«Хочаце наведаць нешта новае, не змагаючыся зь вялізнымі натоўпамі турыстаў, якія любяць сэлфі, як у Вэнэцыі, Парыжы і Амстэрдаме? Вось наш выбар самых прыгожых эўрапейскіх гарадоў, дзе практычна няма турыстаў».

У сьпіс таксама трапілі ангельскі Норвіч, дацкі Архус, галяндзкая Гаага, Сараева ў Босьніі, Прышціна ў Косаве, а таксама Ўроцлаў, Тбілісі, Ерэван і іншыя.

Пішучы пра Менск, аўтары згадалі, што ён быў практычна зьнішчаны ў гады ІІ усясьветнай вайны і стаў «добрай глебай для савецкай перабудовы». «Турысты могуць паблукаць па шырокай плошчы Незалежнасьці ў сем гектараў, перш чым адправіцца ў музэй Вялікай Айчыннай вайны, дзе расказваецца пра тое, як Беларусь пераадолела нацысцкую акупацыю», — гаворыцца ў публікацыі СNN. Менскія бары стваральнікі рэйтынгу найлепшых эўрапейскіх гарадоў без турыстаў называюць легендарнымі і раяць паспытаць шматлікія гатункі піва «пасьля агляду адметнасьцяў».

Топ гарадоў сьвету ад рабочых-«качэўнікаў»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свой рэйтынг гарадоў сьвету на сайце NomadList складаюць людзі, якія працуюць дыстанцыйна і шмат вандруюць.

На момант публікацыі Менск знаходзіцца на 60-ай пазыцыі паміж румынскім горадам Плаешці і польскімі Катавіцамі. Ён атрымаў 3,43 бала зь 5 магчымых пры 208 водгуках.

Сярод «плюсаў» гораду «качэўнікі» адзначаюць наступныя: цана на пражываньне, хуткасьць інтэрнэту, бясьпека, магчымасьць прайсьціся па горадзе; месцы для працы, наяўнасьць ацяпленьня і кандыцыянэраў, ветлівасьць да замежнікаў, прастора і нешматлюднасьць, лёгкасьць вядзеньня бізнэсу, высокая якасьць адукацыі.

Сярод кепскіх асаблівасьцяў гораду — ахова здароўя; валоданьне ангельскай мовай сярод мясцовых, бясьпека для жанчынаў, ветлівасьць да ЛГБТ-супольнасьці; рэйтынг стартапаў, разнастайнасьць забаваў, холад зімой, магчымасьць завесьці сяброў, дэмакратычнасьць, курэньне сярод мясцовых.

Топ-5 гарадоў у рэйтынгу на момант публікацыі — Будапэшт (Вугоршчына), Тайбэй (Тайвань), Лісабон (Партугалія), Бангкок (Тайлянд) і Чангу, Балі (Інданэзія). Рэйтынг увесь час мяняецца, у жніўні, напрыклад, ён быў такім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG