Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск амаль як Лос-Анджэлес. Як рабочыя-«качэўнікі» ацэньваюць гарады сьвету


Цэнтар Менску, ©Shutterstock

Людзі, якія працуюць дыстанцыйна і шмат вандруюць, складаюць на сайце NomadList рэйтынг гарадоў сьвету. Менск аказаўся ў рэйтынгу між аргентынскай Кардобай і польскімі Катавіцамі.

На рэйтынг зьвярнуў увагу IT-партал Dev.by, але складаюць яго ня толькі праграмісты — гарады на NomadList можа ацаніць любы, хто працуе ў розных гарадах сьвету і мае з чым параўноўваць. Асноўныя паказьнікі — цэны, клімат і хуткасьць інтэрнэту, але гэтыя парамэтры не адзіныя. Ды рэйтынг складаецца з суб’ектыўных уражаньняў, дакладнасьць водгукаў не кантралюецца.

Менск у рэйтынгу атрымаў 3,46 бала зь 5 магчымых пры 211 водгуках. «Качэўнікі» адзначаюць наступныя асаблівасьці гораду.

Добрыя:

  • цана на пражываньне (1145 даляраў на месяц);
  • хуткасьць інтэрнэту (у сярэднім мелі 14 Мбіт/с);
  • бясьпека;
  • магчымасьць прайсьціся па горадзе;
  • месцы для працы;
  • наяўнасьць ацяпленьня і кандыцыянэраў;
  • ветлівасьць да замежнікаў;
  • прастора і нешматлюднасьць;
  • лёгкасьць вядзеньня бізнэсу;
  • высокая якасьць адукацыі.

Нармальныя:

  • якасьць жыцьця;
  • мір;
  • забавы;
  • начное жыцьцё;
  • шчасьлівасьць мясцовых;
  • бясплатны WiFi у горадзе.

Кепскія:

  • ахова здароўя;
  • валоданьне ангельскай мовай сярод мясцовых;
  • бясьпека для жанчынаў;
  • ветлівасьць да ЛГБТ-супольнасьці;
  • рэйтынг стартапаў;
  • разнастайнасьць забаваў;
  • холад зімой;
  • магчымасьць завесьці сяброў;
  • дэмакратычнасьць;
  • курэньне сярод мясцовых.

Некаторыя пункты неадназначныя. Так, якасьць паветра цяпер пазначаная як добрая, але адзначаецца як мінус «пагаршэньне якасьці паветра цягам году». Па балах бясьпека на дарогах, вільготнасьць і свабода слова ў Менску вышлі на сярэднія пазыцыі ў сьвеце, але першае пазначана як плюс, другое і трэцяе — як мінус гораду.

Менск нетурыстычны. ©Shutterstock
Менск нетурыстычны. ©Shutterstock

Топ-5 гарадоў у рэйтынгу — Чангу (Балі), Бангкок (Тайлянд), Варшава (Польшча), Сэул (Паўднёвая Карэя) і Бэрлін (Нямеччына).

На момант публікацыі Менск на 32-м месцы. Побач Лос-Анджэлес (29 месца), востраў Тэнэрыфэ (30) і Кардоба (31); Катовіцы (33), Тбілісі (34) і Кішынэў (35).

У топ-100 акрамя Варшавы ўвайшлі і іншыя гарады краінаў-суседзяў Беларусі: Гданьск (11), Кіеў (15), Кракаў (16), Вільня (25), Лодзь (26), Талін (27), Катовіцы (33), Люблін (45), Львоў (47), Санкт-Пецярбург (50), Познань (57), Уроцлаў (71), Коўна (75), Шчэцін (91) і Рыга (99). Па-за топ-100 аказалася Масква (127).

Менск у рэйтынгу аказаўся вышэй за, напрыклад, Манрэаль (38), Вену (40), Амстэрдам (43), Порту (54) ці Нью-Ёрк (55).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG