Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не ваюе, але займае толькі 97-е месца ў рэйтынгу міру


Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў дорыць Аляксандру Лукашэнку аўтамат Калашнікава, 19 лютага 2015 году
Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў дорыць Аляксандру Лукашэнку аўтамат Калашнікава, 19 лютага 2015 году

У «Глябальным рэтынгу міру» (Global Peace Index, PDF) 2019 году Беларусь заняла 97-е месца са 163.

Пазыцыя Беларусі ў рэйтынгу пастаянна паляпшаецца: год таму было 101-е месца, два гады таму — 103-е, тры гады таму — 106-е, чатыры гады таму — 110-е.

Праўда, Беларусь яшчэ не вярнулася на ўзровень канца 2000-х гадоў, калі займала 85–89 месцы. Найгоршы вынік за апошні час быў у 2011 годзе — 112-е месца.

Суседзі Беларусі ў сёлетнім рэйтынгу — Мазамбік, Кіргізстан і Габон (94–97 месцы), Папуа — Новая Гвінэя, Грузія і Гвінэя (98–100 месцы). Пры тым Кіргізстан зрабіў заўважны скачок, за год падняўся на 13 пазыцыяў, калі Беларусь — толькі на чатыры.

Чаму такія нямірныя?

Рэйтынг складае Інстытут эканомікі і міру з аўстралійскага Сыднэю супольна з дасьледчыкамі зь іншых краінаў; зьвесткі зьбірае брытанская кампанія Economist Intelligence Unit. У рэйтынгу ўлічваюцца актыўныя міжнародныя і ўнутраныя канфлікты, унутраная і сацыялньная бясьпека, мілітарызацыя. Па ўсіх гэтых паказьніках Беларусь у сярэдзіне рэйтынгу.

На сілавыя структуры Беларусь траціць 6% ВУП, гэта 90-е месца ў сьвеце і сярэдзіна табліцы. Прыблізна столькі ж выдаткоўвае Польшча (91-е месца).

І хоць Беларусь не вядзе войнаў за мяжой, яна даволі мілітарызаваная і ўдзельнічае ў вайсковым саюзе з Расеяй, а таксама далёка ня самая мірная да ўласных грамадзянаў.

Што там у суседзяў

Беларусь цяпер трэцяя або пятая з канца краіна Эўропы ў рэйтынгу: ніжэй толькі Ўкраіна (150) і часткова эўрапейская Расея (154), якія ўдзельнічаюць ва ўзброеным канфлікце на Данбасе, а таксама Армэнія (118) і Турэччына (152). «Сярэдняя» міралюбнасьць, таксама як у Беларусі, адзначаная ў Босьніі і Герцагавіне (81-е месца).

Астатнія суседзі Беларусі больш мірныя: Польшча на 29-м месцы, Латвія — на 35-м, Эстонія — на 37-м, Літва — на 38-м. Малдова, нягледзячы на існаваньне самаабвешчанай «Прыднястроўскай малдаўскай рэспублікі», непадкантрольнай цэнтральным уладам, на 68-м месцы.

Злучаныя Штаты ў рэйтынгу занялі 128-е месца — за год страцілі чатыры пазыцыі. Агулам сьвет, паводле ўкладальнікаў рэйтынгу, за год стаў зусім крыху больш мірным, неістотна зьнізілася мілітарызацыя. Але і гэта добра, бо міру сумарна ў сьвеце ня стала менш упершыню за пяць гадоў.

Найбольш мірнымі засталіся Ісьляндыя і Новая Зэляндыя — яны на 1-м і 2-м месцах. На трэцяе паднялася Партугалія, якая абагнала Аўстрыю і Данію. Сьледам, з 5-га па 10-е месца, — Канада, Сынгапур, Славенія, Японія і Чэхія.

Расея замыкае дзясятку самых ваяўнічых краінаў рэйтынгу. Яшчэ менш мірныя за яе — Дэмакратычная рэспубліка Конга, Лібія, Цэнтральная Афрыканская Рэспубліка, Самалі, Ірак, Емэн, Паўднёвы Судан, Сырыя і Аўганістан. Паўночная Карэя (149) засталася больш мірнай за Ўкраіну і Расею.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG