Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылося шэсьце і мітынг на Дзяды. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

Шэсьце на Курапаты, 3 лістапада

3 лістапада ў Менску ад мэтро «Парк Чалюскінцаў» да Курапатаў прайшло традыцыйнае шэсьце на Дзяды — дзень памяці продкаў. У Курапатах — месцы масавых растрэлаў сталінскіх часоў — адбыўся мітынг, арганізаваны Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыяй БНФ. Свабода вяла жывую відэатрансьляцыю.

На шэсьце сабралася больш за дзьве сотні ўдзельнікаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, крыжамі і транспарантамі.

У час шэсьця тры чальцы «Эўрапейскай Беларусі» запалілі фаеры — іншыя ўдзельнікі акцыі папрасілі іх згасіць піратэхніку і больш так не рабіць.

Сярод іншых у шэсьці ўдзельнічалі нядаўна вызвалены анархіст Зьміцер Паліенка — ён і ягоная нявеста Наста Гусева зьбіралі грошы для іншых, каго лічаць палітычнымі зьняволенымі. Грошы, кажуць яны, пойдуць на перадачы і аплату адвакатаў.

Акрамя звычайных для Дзядоў лёзунгаў гучалі і воклічы супраць «паглыбленьня інтэграцыі» з Расеяй.

Паводле відавочцаў, праваахоўнікі фіксавалі нумары машынаў, якія сыгналілі ў падтрымку акцыі, пасьля спынялі машыны і за нешта штрафавалі.

На пачатку шэсьця
На пачатку шэсьця
Камандзір менскага АМАПу Дзьмітры Балаба просіць прыватна сысьці з праезднай часткі дарогі
Камандзір менскага АМАПу Дзьмітры Балаба просіць прыватна сысьці з праезднай часткі дарогі
Выканаўца абавязкаў старшыні КХП БНФ у Беларусі Юрась Беленькі
Выканаўца абавязкаў старшыні КХП БНФ у Беларусі Юрась Беленькі
Валер Буйвал нясе крыж ў Курапаты
Валер Буйвал нясе крыж ў Курапаты
Арганізатары і супрацоўнікі міліцыі абараняюць пікет ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты з чырвона-зялёным сьцягам ад магчымых правакацый
Арганізатары і супрацоўнікі міліцыі абараняюць пікет ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты з чырвона-зялёным сьцягам ад магчымых правакацый
Калёну суправаджае на машыне генэрал-маёр, начальнік менскай міліцыі Іван Кубракоў
Калёну суправаджае на машыне генэрал-маёр, начальнік менскай міліцыі Іван Кубракоў
Акцыю ўвесь час здымае чыйсьці дрон
Акцыю ўвесь час здымае чыйсьці дрон

Шэсьце і мітынг у мэмарыяльным комплексе Курапаты санкцыянаванае ўладамі. Яго традыцыйна ладзіць Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.

Адказны сакратар КХП-БНФ і кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі прапанаваў прадстаўнікам рэгіянальных ініцыятываў сабраць сваіх актывістаў і далучыцца да менскай акцыі на «Дзяды» з расьцяжкамі, на якіх былі б назвы месцаў масавых расстрэлаў, мэмарыялізацыяй якіх яны займаюцца. Такім чынам, на яго думку, будзе паказана, «што прыяжджаюць людзі з усёй Беларусі і колькі такіх месцаў у краіне».

На мітынгу ў Курапатах быў зачытаны зварот ад старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка. Выканаўца абавязкаў старшыні КХП БНФ у Беларусі Юрась Беленькі ў свай прамове зрабіў акцэнт на небясьпецы інтэграцыі з Расеяй. Паводле Юрася Беленькага і Алеся Чахольскага, карані курапацкіх забойстваў месьціліся ў Расеі, і цяперашняя інтэграцыя пагражае паўтарэньнем гэтых трагічных падзеяў.

Першая масавая дэманстрацыя ў Курапатах прайшла ў 1988 годзе, тады людзей разагналі ўнутраныя войскі з прымяненьнем сьлезацечнага газу і спэцсродкаў. Першы сямімэтровы крыж на тэрыторыі мэмарыялу зьявіўся праз год, на Дзяды 1989-га. Яго назвалі Крыж Пакуты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG