Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды ў «магілёўскіх Курапатах». Што казалі сьведкі і пісалі газэты


Крыж на ўскрайку кар’еру Давыдаўка, у якім стралялі людзей у часы сталінскіх рэпрэсіяў

«Дзірчастыя пераломы, мноства гумавага абутку, пазначанага 1937 годам, масавасьць пахаваньня дазволілі мне зрабіць выснову, што гэта — ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў», — так казаў у 1990 годзе супрацоўнік абласнога бюро судова-мэдычнай экспэртызы Валер Манышаў пра знойдзеныя чалавечыя парэшткі ў пяшчаным кар’еры на праспэкце Дзімітрова ў Магілёве.

Цяпер над кар’ерам узвышаюцца два крыжы ў памяць аб ахвярах сталінскіх расстрэлаў. Штогод на Дзяды ля іх зьбіраюцца актывісты грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, а таксама родныя рэпрэсаваных.

Дасьледнік рэпрэсіяў: «Расстрэльныя брыгады ня дбалі, ці забілі чалавека»

2 лістапада да Крыжоў прыйшлі два дзясяткі чалавек. Як і ў мінулыя гады прагучалі кароткія прамовы, былі ўскладзены кветкі і запаленыя сьвечкі. Жалобная імпрэза доўжылася больш за паўгадзіны.

Міхась Булавацкі
Міхась Булавацкі

Магілёўскі сябра ТБМ і дасьледнік сталінскіх рэпрэсіяў Міхась Булавацкі кажа, што гутарыў і дакумэнтаваў аповеды сьведкаў таго, што адбывалася ў кар’еры Давыдаўка ў другой палове 1930 гадоў. Адным зь іх быў Васіль Чыж, сын вартаўніка скатамагільніка, зь якога зрабілі расстрэльны палігон. Ён хлопчыкам трапіў на пляцоўку за шчыльным плотам.

«Калі сюды пачалі прывозіць на расстрэл людзей, то пляцоўку агарадзілі шчыльным плотам, — пераказвае аповед сьведкі Міхась Булавацкі. — Дзеці ўсё ж знаходзілі дзіркі, траплялі ў сярэдзіну і бачылі, як „дыхала зямля“. Там сям зь яе вытыркаліся чалавечыя целы...».

Суразмоўца мяркуе, што расстрэльныя брыгады асабліва ня дбалі, ці забіты чалавек, бо лічылі, што «сам памрэ». На наступны дзень мужчыны ў форме супрацоўнікаў НКВД прывозілі новую партыю, згадвалі апытаныя ім сьведкі.

Судмэдэкспэрт: За тры дні адкапалі парэшткі 100 чалавек

Інтэрвію судмэдэкспэрта Валерыя Манышава
Інтэрвію судмэдэкспэрта Валерыя Манышава

На кар’ер, у якім рэгулярна знаходзілі чалавечыя парэшткі, улада зьвярнула ўвагу ў сярэдзіне 1980 гадоў.

Тады Кастрычніцкі райвыканкам стварыў адмысловую камісію, якая займалася вывучэньнем сытуацыі. Першыя публікацыі пра вынікі яе працы ў газэце «Магілёўская праўда» зьявіліся ў студзені 1990 году.

Адзін з чальцоў камісіі, супрацоўнік абласнога бюро судова-мэдычнай экспэртызы Валер Манышаў заявіў, што ў кар’еры стралялі людзей у часы сталінскіх рэпрэсіяў. Яго меркаваньне камісія прызнала прыватным. Прапанову завесьці крымінальную справу тады не падтрымалі.

На што акцэнтаваў увагу Валер Манышаў:

  • — Раскопкі на ўчастку 10 мэтраў праводзіла брыгада камунальнікаў цягам трох дзён. Яны працавалі непрафэсійна і груба. Трэба было капаць глыбей;
  • — Былі раскапаныя парэшткі ня меней як 100 чалавек;
  • — Усе пашкоджаньні ў выглядзе дзірчастых пераломаў знаходзіліся на касьцях чарапоў;
  • — Парэшткі пахавалі на паўночных могілках (імаверна, на вуліцы Крупскай. — РС).

У публікацыі газэты «Магілёўская праўда», якая была органам абкаму камуністычнай партыі, адзначалася: чалавечыя парэшткі ляжалі «навідавоку ў многіх людзей на працягу дзясяткаў гадоў». Іх вывозілі на будоўлю разам зь пяском.

Абвестка пракуратуры Кастрычніцкага раёну Магілёва пра крымінальную справу
Абвестка пракуратуры Кастрычніцкага раёну Магілёва пра крымінальную справу


У студзені 1990 году «Магілёўская праўда» апублікавала абвестку пракуратуры Кастрычніцкага раёну Магілёва пра расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце расстрэлаў грамадзян у 1934-39 гадах і пошук сьведкаў.

Як кажа Міхась Булавацкі, вынікі расьсьледаваньня крымінальнай справы былі засакрэчаныя.

На памятны знак ахвярам сталінскіх расстрэлаў няма сродкаў

У 1989 годзе зь ініцыятывы актывістаў магілёўскай філіі «Мартыралёг Беларусі» на ўскрайку кар’еру паставілі крыж. Ля яго зьбіраюцца як грамадзкія і апазыцыйныя актывісты, так і сваякі забітых. Каля крыжа пакідаюць копіі даведак, у якіх пазначана месца расстрэлу: Магілёў.

Магілёўцы, якія прыйшлі згадаць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў да «расстрэльнага кар’еру»
Магілёўцы, якія прыйшлі згадаць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў да «расстрэльнага кар’еру»

У 2008 годзе пытаньне пра ўсталяваньне памятнага знаку на месцы масавых расстрэлаў адной зь першых узьняла кіраўніца мясцовай суполкі «Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў» Ларыса Шукайла. Па дазвол яна зьвярталася ў Магілёўскі гарвыканкам. Паводле яе, чыноўнікі далі ёй зразумець, што на памятны знак у іх няма сродкаў.
Днямі пра яшчэ адно знойдзенае месца масавых расстрэлаў ля вёскі Вільчыцы, што за 12 кілямэтраў ад Магілёва, заявіў Свабодзе краязнаўца Ўладзімер Ярошчанка.

Паводле ягоных падлікаў, у сасоньніку супрацоўнікі НКВД маглі расстраляць да 100 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG