Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія актывісты ТБМ усталявалі Крыж памяці


У Магілёве на месцы масавых расстрэлаў грамадзян, якія адбываліся ў 1920-30 гады, мясцовыя актывісты Таварыства беларускай мовы ўсталявалі Крыж памяці. Сродкі на яго зьбіралі талакою. Талакою пяцімэтровы сымбаль у памяць пра бязьвінна забітых і ўсталявалі.

Памятны знак зроблены ў форме крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Ён узвышаецца над кар’ерам, які насупраць магілёўскага мясакамбінату на праспэкце Дзімітрава. Гэта мясьціна прызнаецца ўладаю, як месца сталінскіх расстрэлаў. Прыканцы 1980-ых тут выявілі чалавечыя парэшткі. Адмысловая камісія канстатавала: тут стралялі людзей. Сябры першай адраджэнскай арганізацыі Магілёва, мясцовай філіі «Мартыралёг Беларусі» адшукалі сьведак тых падзеяў і запісвалі іх успаміны.

«Гэта для Магілёва дужа знакавая месца, — кажа кіраўнік магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў. — Калі кажуць, што няма ніводнай сям’і, якая б не пацярпела ад Другой усясьветнай вайны, то няма і такой сям’і, якую б не закранулі сталінскія рэпрэсіі, таму сталінскія рэпрэсіі гэткія ж знакавыя для Беларусі, як і Другая ўсясьветная вайна. Актывісты адраджэнскіх арганізацыяў усталявалі ў 1989 годзе на гэтым месцы крыж. Тады ім дапамагала і ўлада. Крыжы з часам парахнеюць і іх варта мяняць. Вось і мы зрабілі ўнёсак у гэтую справу», зазначае актывіст.

Рашэньне пра ўсталяваньне крыжа, паводле Алега Дзьячкова, прымала рада арганізацыі. Ажыцьцявіць задуманае дапамаглі прадпрымальнікі. «Рада, пастанавіла, што Крыж мусіць стаяць да Дзядоў. Гэтак і выйшла», зазначае тэбээмавец.

Разам з крыжам усталяваная і мармуровая пліта з надпісам: «Крыж памяці аб бязьвінна забітых у 20-30 гады 20 стагодзьдзя».

На ўскраек кар’еру, над якім крыж, часта прыяжджаюць сваякі забітых тут людзей. Сёньня наведалася сям’я з Чавускага раёну. Яны распавялі, што дома маюць дакумэнт пра рэабілітацыю свайго дзеда. У ім пазначана, што ён расстраляны ў раёне, дзе цяпер магілёўскі мясакамбінат.

Усталяваны камунальнымі службамі горада крыж, якім яны замянілі стары падгнілы, пакінуты актывістамі ТБМ. 31 кастрычніка ля яго правёў памінальную службу сьвятар з праваслаўнай Сьвята-прэабражэнскай царквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG