Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскрымінуе ЛГБТ, закладвае глебу дыскрымінацыі нехрысьціянаў. ПЭН-Цэнтар апублікаваў экспэртызу ліста Севярынца


Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Севярынец непасрэдна дыскрымінаваў ЛГБТК+, пастанавіла незалежная экспэртыза.

Рада беларускага ПЭН-Цэнтру 29 кастрычніка выключыла са сваіх шэрагаў сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і пісьменьніка Паўла Севярынца. Спачатку яго выключылі за нясплату ўнёскаў, але аднавілі рашэньнем агульнага сходу, але праз тры дні на радзе выключылі зноў.

Выканаўчая дырэктарка ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай апублікавала на Facebook поўнае рашэньне рады адносна Севярынца: яго выключылі за парушэньні статуту Беларускага ПЭН-Цэнтру і Міжрароднага ПЭН-Цэнтру.

Парушэньні вызначылі такія:

  • зьневажаў гонар арганізацыі,
  • выказваў абразьлівае і варожае стаўленьне да кіраўніцтва,
  • наўмысна фальсыфікаваў і скажаў інфармацыю дзеля прыватных мэтаў,
  • публічна і сыстэматычна дыскрымінаваў сацыяльную групу ЛГБТК+.

Канфлікт Севярынца з ПЭН-Цэнтрам стаў публічным пасьля таго, як палітык апублікаваў 23 кастрычніка адкрыты ліст «Пра культурны марксізм і яго камісараў», у якім вінаваціў «гей-лобі і марксістаў» з рады ПЭН-Цэнтру ў «ганеньні на хрысьціян».

30 кастрычніка на сайце ПЭН-Цэнтру апублікавалі незалежную экспэртызу таго ліста, якую правяла Віялета Ермакова з арганізацыі «Журналісты за талерантнасьць».

У экспэртызе сьцьвярджаецца:

  • Выказваньні супраць «культурных марксістаў» нельга назваць мовай варожасьці, бо гэта не рэальная аб’ектыўная сацыяльная група, а «канструкт Паўла Севярынца».
  • Для Севярынца «ключавая ідэнтычнасьць — хрысьціянін», і ўсіх сваіх палітычных праціўнікаў ён атаясамлівае з тымі, хто ў мінулым выступаў супраць хрысьціянаў, прыпісвае ім нянавісьць і дыскрымінацыю хрысьціянаў.
  • Выпады супраць палітычных апанэнтаў дапушчальныя, бо існуе свабода слова, але «назваць ліст карэктным нельга».
  • Севярынец ледзь не прыраўноўвае паняцьці «хрысьціянскае» і «беларускае», пры тым не дапускае, што для кагосьці каштоўнасьцю можа быць Беларусь асобна ад хрысьціянства або разам Беларусь і правы чалавека. Усё, што не адпавядае канонам хрысьціянства, ён абавязкова лічыць антыбеларускім і дэструктыўным.
  • Такая пазыцыя некарэктная да беларусаў, якія не зьяўляюцца хрысьціянамі або «сапраўднымі хрысьціянамі», паводле ацэнак Севярынца. Гэткі падыход «закладвае глебу для дыскрымінацыі беларусаў, якія ня лічаць сябе хрысьціянамі».
  • Тэкст ліста наўпрост дыскрымінуе толькі супольнасьць ЛГБТК+. Выказваюцца ідэі, што абарона правоў супольнасьці не ўласьцівая беларусам і навязаная звонку, што гома- і бісэксуальныя стасункі ненатуральныя і амаральныя, што зьяўленьне ЛГБТК+ у публічнай прасторы непажаданае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG