Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Кандрусевіч: Касьцёл адкрыты для душпастырства людзей з гомасэксуальнасьцю


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

Падчас сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў Меншчыны, якая праходзіла 24 кастрычніка ў Чырвоным касьцёле, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заявіў пра магчымасьць спэцыяльнага душпастырства людзей з гомасэксуальнасьцю ў Каталіцкай царкве Беларусі.

У каталікоў пад тэрмінам душпастырства маецца на ўвазе арганізаваная грамадзкая дзейнасьць, якая палягае на пашырэньні прынцыпаў веры і правядзеньні малітоўных сустрэч у розных групах, якімі апякуецца сьвятар. Існуюць душпастырствы студэнтаў, прадпрымальнікаў, працадаўцаў.

Як зазначыў мітрапаліт, падобныя ініцыятывы ўжо даўно існуюць у сьвеце.

«Спэцыяльнае душпастырства для людзей з гомасэксуальнасьцю, якое праводзіцца ў многіх касьцёльных супольнасьцях за мяжой, мае на мэце не стварыць нешта накшталт „рэзэрвацыі“, а наадварот, выйсьці насустрач людзям, якія адчуваюць сябе найбольш безабароннымі перад абліччам складанай жыцьцёвай сытуацыі», — гаворыцца на сайце Каталіцкага касьцёлу.

Такое душпастырства, на думку старшыні Экспэртнай рады ўпытаньнях жыцьця i сям’i пры Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. пралата Андрэя Стацкевіча, магло б дзейнічаць па ўзоры душпастырстваў для людзей з залежнасьцямі, якія дзейнічаюць у Беларусі.

«Групы самадапамогі накшталт Ананімных алкаголікаў дзейнічаюць пры многіх каталіцкіх парафіях, дапамагаючы сотням людзей штодзённа крок за крокам змагацца са злом, у пастку якога яны трапілі», — гаворыцца на сайце Каталіцкага касьцёла. — Падобным чынам можа дзейнічаць таксама душпастырства людзей з гомасэксуальнасьцю, якія жадаюць жыць у згодзе з Божым законам і са сваім сумленьнем».

У тэксьце таксама тлумачыцца, што гэтая ініцыятыва ніякім чынам не супярэчыць таму, што Каталіцкая царква ў Беларусі пасьлядоўна выступае ў абарону інстытуту сям’і.

«Гаворачы на поўны голас пра недапушчальнасьць распаўсюджваньня гендэрнай ідэалёгіі і асабліва ЛГБТ-прапаганды сярод падрастаючага пакаленьня, Касьцёл пры гэтым ніякім чынам не спрабуе шальмаваць, стыгматызаваць ці адштурхнуць ад Хрыста і Ягонай любові ніводнага чалавека», — зазначаецца на сайце catholic.by.

Што важна ведаць:

  • Экспэртная рада ў пытаньнях жыцьця і сям’і пры Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з адмысловым зваротам, у якім адзначаецца, што ў Беларусі ўсё актыўней праяўляюцца тэндэнцыі непавагі да духоўных каштоўнасьцяў інстытуту сям’і.
  • Вінаватыя ў гэтых «тэндэнцыях непавагі», на думку рады, СМІ і сацыяльныя сеткі.
  • Рада просіць Лукашэнку заканадаўча забараніць прапаганду аднаполых зносінаў сярод непаўналетніх.
  • У звароце аднаполыя шлюбы называюцца «садомскім грахом, які зьяўляецца адным з чатырох грахоў, якія клічуць аб помсьце да Неба». Касьцёл лічыць, што ўдзельнікі такіх шлюбаў «сьвядома парушаюць шостую Божую запаведзь», і просіць маліцца за іх, а саміх прадстаўнікоў ЛГБТ заклікае да навяртаньня.
  • Ініцыяваў гэтую кампанію мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG