Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкавы Наваградак. Забытая сэнсацыя. ВІДЭА

абноўлена

Рынкавы пляц Наваградка ў пачатку ХХ стагодзьдзя.

У гісторыі Беларусі шмат загадак і нявырашаных праблем. Мы дагэтуль да канца не разумеем працэс узьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага, ня знойдзены страчаны Полацкі летапіс, які мог бы адказаць на шмат пытаньняў, у тым ліку і зьвязаных з ВКЛ.

Але адной з самых вялікіх загадак гісторыі Беларусі я называю Наваградак. І вось чаму.

Гісторыкі доўга спрачаліся, калі ўзьнік гэты горад, называлі розныя даты ХІІ і ХІІІ стагодзьдзяў, аж пакуль не дамовіліся, што горад заснаваў кіеўскі князь Яраслаў Мудры ў 1044 годзе як фарпост для славянскай калянізацыі балцкіх зямель.

У наш час археолягі даказалі, што населены хрышчанымі славянамі Наваградак існаваў з канца Х стагодзьдзя.

Культурная і эканамічная магутнасьць

Але — гэта не загадка. Загадка — культурная і эканамічная сіла Наваградка ХІ-ХІІІ стагодзьдзяў, роўнай якой у той час не было ва ўсёй Усходняй Эўропе.


З канца 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя навакольны горад старажытнага Наваградка каля 20 гадоў капала група ленінградзкіх археолягаў на чале з прафэсаркай Фрыдай Гурэвіч. Яе выніковая кніга «Древний Новогрудок», якая выйшла ў 1981 годзе і ніколі не перавыдавалася — адно з эвангельляў беларускага гісторыка.

У Наваградку ХІІ стагодзьдзя існаваў цэлы квартал ювэліраў, якія займаліся апрацоўкай золата і срэбра! Гэтага ня знойдзена больш нідзе.

Сэнсацыйныя асаблівасьці ювэлірнага кварталу

Дамы ювэліраў у Наваградку былі (увага!) двух- і нават трохпавярховыя.

Першыя паверхі былі мураваныя з вапняных плітаў і гліны, другія — драўляныя. (Прывітаньне Менску ХІХ -ХХ стагодзьдзя!)

Але нават і драўляныя паверхі былі ўнутры тынкаваныя і пакрытыя насьценнымі каляровымі фрэскамі. Гісторыкі знайшлі нешта падобнае ў княскім палацы Чарнігава, а тут жа дамы рамесьнікаў! Гурэвіч называе наваградзкія фрэскі ўнікальнай зьявай.

Дамы ў Наваградку ўжо ў ХІ-ХІІ стагодзьдзях мелі зашклёныя вокны. Гэта таксама ўнікальна. Расейскія гісторыкі пішуць, што і праз 400 гадоў, у XVII стагодзьдзі ў Расеі нават у царскім палацы шкла амаль не было — яго замяняла сьлюда.

Каля кожнага з двух дзясяткаў раскапаных дамоў ювэлірнага кварталу (або ўнутры іх) была знойдзена ювэлірная печка.

Ювэлірная печка ХІІ стагодзьдзя ў адным з дамоў ювэлірнага кварталу Наваградка.
Ювэлірная печка ХІІ стагодзьдзя ў адным з дамоў ювэлірнага кварталу Наваградка.

Але вырабы наваградзкіх ювэліраў былі адносна простыя, у параўнаньні з вырабамі Ноўгарада ці Полацка. Яны прызначаліся не эліце, але народу, што гаворыць пра разьвіты гандаль. Горад узьнікае тады, калі пачынае абменьваецца зь вёскай прамысловымі вырабамі.

Найстарэйшы рамесьніцкі цэх Усходняй Эўропы

Раньнія рамесьніцкія цэхі ў Эўропе былі замкнутымі паўвайсковымі карпарацыямі. Іх характарызуе наяўнасьць

  • сумеснага пасяленьне ў горадзе
  • сваёй адміністрацыі і юрысдыкцыі
  • вайсковай арганізацыі для абароны
  • сумесных вячэраў у пэўную пару году
  • патранальнай царквы

Доказы існаваньня ў Наваградку ўсяго гэтага, за выключэньнем царквы, знайшла Фрыда Гурэвіч. А царкву яна не знайшла, бо раскапала толькі частку таго кварталу.

Гэта сьведчыць, што Наваградак ужо ХІ-ХІІ стагодзьдзях меў цэхавую арганізацыю рамесьнікаў і практычна нічым не адрозьніваўся ад тагачасных гарадоў Нямеччыны, Чэхіі або Польшчы.

Таксама даказана, што ў той час цэхі былі ўжо ў Горадні і Ваўкавыску. Фантастыка!

Раскошныя імпартныя шкляныя сасуды XI-XIII стагодзьдзяў з раскопак у Наваградку.
Раскошныя імпартныя шкляныя сасуды XI-XIII стагодзьдзяў з раскопак у Наваградку.

Дрыгавічы і крывічы

Ювэліры ХІ-ХІІІ стагодзьдзяў у Наваградку былі хрышчанымі славянамі (дрыгавічамі і крывічамі) і надзвычай багатымі людзьмі.

Бізантыйскія амфары з раскопак у Наваградку
Бізантыйскія амфары з раскопак у Наваградку

У іх дамах, нярэдка плошчай сто і болей квадратных мэтраў, былі знойдзеныя дзясяткі велізарных бізантыйскіх амфар для віна і алею, сырыйскае і эгіпэцкае шкло з эмальлю і залатымі інкрустацыямі і шмат іншых прадметаў раскошы.

Як такое магло ўзьнікнуць і чаму — гісторыя пакуль маўчыць.

Толькі ўспамінаецца Мікола Ермаловіч, які сьцьвярджаў, што менавіта Наваградак пераняў ад Полацка ролю зьбіральніка навакольных славянскіх і балцкіх зямель і стаў у ХІІІ стагодзьдзя на чале шматэтнічнага ВКЛ з моцнай протабеларускай асновай.

Што з гэтым рабіць

У марах мне бачыцца, як ў Беларусі ствараецца асобны Інстытут археалёгіі Акадэміі навук, які пачынае весьці пастаянныя раскопкі старажытнага Наваградка.

Як побач з адноўленым замкам будуецца гарадзкі скансэн-муляж зь некалькіх рамесьніцкіх кварталаў ХІІ-ХІІІ стагодзьдзяў, а побач пад велізарным шкляным купалам ствараецца музэй археалягічных знаходак з пастаяннай экспазыцыяй.

А ўсе турысты, што едуць у Мір і Нясьвіж, абавязкова заяжджаюць і ў славуты наваградзкі музэй.

Я веру, што некалі так і будзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG