Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1861 сьвятар, 35 манастыроў, 7 сэмінарый. Як за 30 гадоў зьмяніўся Беларускі экзархат


Жанчына працірае крыж у катэдтральным саборы ў Менску, архіўнае фота

28–29 верасьня 2019 году ў Менску адбудуцца ўрачыстасьці з нагоды 30-годзьдзя ўтварэньня Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату. Галоўнай падзеяй урачыстасьцяў будзе Боская літургія 29 верасьня а 10:00 на плошчы перад Сьвята-Духавым катэдральным саборам.

Беларускі экзархат утварыўся раней, чым Беларусь стала незалежнай дзяржавай

9 кастрычніка 1989 году Архірэйскі сабор Рускай праваслаўнай царквы прыняў рашэньне аб утварэньні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату. Спачатку былі ўтвораныя 4 япархіі: Менская, Полацкая, Пінская і Магілёўская.

У 1989 годзе на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 477 прыходаў, тры манастыры: Усьпенскі ў Жыровічах, Спаса-Эўфрасіньеўскі ў Полацку і Сьвята-Раства-Багародзіцкі ў Горадні. У той час працавалі дзьве навучальныя ўстановы: Менская духоўная сэмінарыя і Менская духоўная вучэльня.

Цяпер у склад экзархату ўваходзяць 15 япархій, 1687 прыходаў, 35 манастыроў — 11 мужчынскіх і 24 жаночых, а таксама 7 духоўных навучальных устаноў.

У кліры БПЦ служыць 1861 сьвятар.

Першым патрыяршым экзархам быў Філарэт. Цяпер ён — Герой Беларусі

Мітрапаліт Філарэт, 2008 год
Мітрапаліт Філарэт, 2008 год

16 кастрычніка сьвяшчэнны сынод Рускай праваслаўнай царквы пастанавіў прызначыць мітрапаліта Філарэта патрыяршым экзархам усяе Беларусі — з тытулам «Менскі і Горадзенскі».

У сувязі з утварэньнем незалежнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь — у 1992 годзе тытул патрыяршага экзарха быў зьменены на іншы: мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.

Філарэт (Кірыл Вахрамееў) узначальваў праваслаўную царкву цягам 35 гадоў — з 10 кастрычніка 1978 году па 25 сьнежня 2013 году. Ён сышоў на спачын па дасягненьні 75-гадовага ўзросту.

84-гадовы Філарэт — ганаровы патрыяршы экзарх усяе Беларусі. У 2006 годзе атрымаў званьне Героя Беларусі.

БПЦ ачольвае грамадзянін Расеі Павел

Мітрапаліт Павел
Мітрапаліт Павел

25 сьнежня 2013 году, пасьля сыходу Філарэта, сынод Маскоўскага патрыярхату прызначыў кіраўніком Беларускага экзархату мітрапаліта Разанскага Паўла (Панамарова), ураджэнца Караганды і грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі. Тым часам закон Беларусі «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» у артыкуле 13 забараняе кіраваць рэлігійнымі арганізацыямі іншаземцам.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, патрыяршы экзарх Павел — у сьвецкім жыцьці Георгій Панамароў — нарадзіўся 19 лютага 1952 году ў Карагандзе, што ў Казахстане. Працаваў сьлесарам і кіроўцам, скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю, а ў 1977 годзе пастрыгся ў манахі пад імем Павел. У 1981-м выпраўлены з духоўнай місіяй у Ерусалім, служыў кіраўніком патрыяршых прыходаў РПЦ у ЗША і Канадзе, быў япіскапам Венскім і Аўстрыйскім (затым Венскім і Будапэшцкім). У 2003 годзе вярнуўся ў Расею — на пасаду архіяпіскапа Разанскага (пазьней — мітрапаліта Разанскага). Пры канцы 2013 году Паўла прызначылі ў Беларусь.

Беларускую мову мітрапаліт Павел разумее, але не гаворыць на ёй


Пяць гадоў таму, калі мітрапаліт Павел прыехаў у Беларусь, ён паабяцаў, што абавязкова будзе вывучаць беларускую мову. Аднак так і ня вывучыў.

23 верасьня на юбілейнай прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай 30-годзьдзю Беларускага экзархату, адказваючы на пытаньне Свабоды, ён паведаміў, што беларускую мову разумее, але не гаворыць на ёй.

«Што тычыцца вывучэньня мною мовы — я як той сабачка, які ўсё разумее, але ня можа сказаць».

Службы на беларускай мове ёсьць, але ня так шмат ахвочых іх наведваць, кажа Павел.

«Я прапанаваў выбраць ім любы храм, некалькі варыянтаў было мной прапанавана. Хоць кожны дзень, сказаў я. „Не, кожны дзень мы ня здолеем“. Прапанаваў раз на тыдзень. Таксама зашмат. Выявілася, што ня так шмат ахвочых памаліцца на беларускай мове», — сказаў Павел.

Расейскія герархі — частыя госьці ў Беларусі

Беларусь шэсьць разоў наведваў сьвяцейшы патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ (апошні раз у кастрычніку 2008 году, за два месяцы да скону).

У Беларусі ўсталяваныя дзьве скульптуры Аляксія ІІ — у Менску на тэрыторыі храма-помніка ў гонар Усіх сьвятых у Менску, і ў Віцебску каля Сьвята-Ўспенскага катэдральнага сабора.

Помнік Аляксію Другому ў Віцебску
Помнік Аляксію Другому ў Віцебску

Пяць разоў Беларусь наведваў сьвяцейшы патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

Лукашэнка лічыць Беларускую праваслаўную царкву «галоўным ідэолягам нашай краіны»

У 2003 годзе было падпісана пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і БПЦ. Свае подпісы пад пагадненьнем паставілі тагачасны прэм’ер-міністар краіны Генадзь Навіцкі і мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт.

7 студзеня 2008 году пры наведваньні Сьвята-Духавага катэдральнага сабора ў Менску Аляксандар Лукашэнка назваў Беларускую праваслаўную царкву «галоўным ідэолягам нашай краіны».

Сама праваслаўная царква адмаўляе сваю прыналежнасьць да якой-небудзь ідэалёгіі.

Кіраўнік краіны разам з малодшым сынам Мікалаем як мінімум двойчы на год — на сьвята Раства Хрыстовага і на Вялікдзень — наведваюць храмы.

Менавіта ў Менску былі разарваныя стасункі з Канстантынопалем

15 кастрычніка 2018 году ў Менску праходзіў сынод Рускай праваслаўнай царквы, на якім пастанавілі цалкам разарваць эўхарыстычныя стасункі з Канстантынопальскім патрыярхатам.

Беларусь на Сынодзе прадстаўляў мітрапаліт Павел, Украіну — кіраўнік УПЦ МП мітрапаліт Ануфрый, а таксама мітрапаліт Запароскі і Мелітопальскі Лука.

11 кастрычніка сынод Усясьветнага патрыярхату ўхваліў рашэньне аб наданьні аўтакефаліі (незалежнага статусу) Праваслаўнай царкве ва Ўкраіне. Расейская праваслаўная царква (РПЦ) скрытыкавала гэтае рашэньне і назвала яго «катастрафічным».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG