Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Павел: «У Беларусі ня так шмат ахвочых маліцца на беларускай мове»


Мітрапаліт Павел
Мітрапаліт Павел

Пяць гадоў таму мітрапаліт Павел прыехаў у Беларусь і даў вялікае інтэрвію Радыё Свабода. Ён паабяцаў, што абавязкова будзе вывучаць беларускую мову. Аднак так і ня вывучыў. Беларускага пашпарта і грамадзянства ён дагэтуль ня мае.

12 студзеня 2014 году Павел сказаў Свабодзе:

«Не хвалюйцеся, я пастараюся мову абавязкова вывучыць. Знойдзем мы і адмыслоўцаў, якія будуць нам у гэтым дапамагаць. Вельмі важна, і я гэта цудоўна разумею, калі сьвятар, пастар, япіскап размаўляе зь людзьмі на іх роднай мове. Калі людзі будуць падыходзіць, гаварыць на беларускай мове, то, вядома, я буду старацца адказваць па-беларуску. Таму не хвалюйцеся, буду займацца, абавязкова знайду час».

«Я, як той сабачка, які ўсе разумее, але ня можа сказаць»

23 верасьня 2019 году на юбілейнай прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай 30-годзьдзю Беларускага экзархату, адказваючы на пытаньне Свабоды, ён паведаміў, што беларускую мову разумее, але не размаўляе на ёй.

«Што тычыцца вывучэньня мною мовы — я, як той сабачка, які ўсе разумее, але ня можа сказаць. Як вы ведаеце, у Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы: расейская і беларуская. Так што разумець я разумею; калі будзе неабходнасьць, буду размаўляць», — сказаў мітрапаліт Павел.

Што тычыцца богаслужэньняў на беларускай мове, яны ёсьць, ва ўсіх ёсьць магчымасьць там маліцца, але ня так шмат ахвочых іх наведваць, кажа Павел.

Увосень мінулага году да яго зьвярнуліся беларускамоўныя прыхаджане з просьбай стварыць такую магчымасьць.

«Я прапанаваў выбраць ім любы храм, некалькі варыянтаў было мной прапанавана. Хоць кожны дзень, сказаў я. „Не, кожны дзень мы ня здолеем“. Прапанаваў раз на тыдзень. Таксама зашмат. Выявілася, што ня так шмат ахвочых памаліцца на беларускай мове. Але магчымасьць такая ёсьць. Ёсьць некалькі храмаў у Менску ды іншых эпархіях. Так што магчымасьць такая ёсьць».

«​Гэтую тэму ўздымаюць, каб выклікаць пэўную канфрантацыю»​

Ён дадаў, што часам тэму гэтую ўздымаюць, каб не абʼяднаць людзей, а выклікаць пэўную канфрантацыю.

«Непажадана, каб выкарыстоўвалі мову, нацыянальнасьць альбо іншыя асаблівасьці людзей, каб іх разьяднаць. Таму наша задача — сьвятароў — абʼядноўваць, а не разьядноўваць. Будуць ахвочыя маліцца на беларускай мове — па меры неабходнасьці будзем адкрываць такія храмы. Будуць ахвочыя памаліцца на іншай мове — дамо магчымасьць і ім маліцца на роднай мове», — заявіў Павел.

На пытаньне, ці мае ён беларускае грамадзянства, мітрапаліт адказаў па-беларуску: «Беларускага грамадзянства няма і беларускага пашпарта ў мяне няма».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG