Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўная царква правярае брацтва, якое яднае беларускамоўных вернікаў


З ініцыятывы брацтва і з удзелам брацкага хору ў Петрапаўлаўскім саборы Менску праходзяць набажэнствы на беларускай мове.

Рэвізійная камісія Беларускай праваслаўнай царквы праводзіць праверку працы Беларускага праваслаўнага брацтва ў гонар Сьвятых віленскіх мучанікаў, якое дзейнічае пры Беларускім экзархаце. Некаторыя заплянаваныя раней імпрэзы былі таму адмененыя. Пра гэта адзін з заснавальнікаў Брацтва Мікола Матрунчык напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

«Напачатку была ініцыятыва правесьці сэмінар і майстар-кляс па здаровым харчаваньні, заплянаваны на 23 жніўня. Хацелі гэта зрабіць у нашым міжцаркоўным брацкім доме „Кінанія“ ў Калодзішчах 23 жніўня. Але з прычыны таго, што камісія яшчэ не закончыла праверку дзейнасьці нашага брацтва, у тым ліку і дома „Кінанія“, мерапрыемства давялося адмяніць», — кажа спадар Матрунчык.

Брацтва ў гонар Сьвятых віленскіх мучанікаў правярае афіцыйная рэвізійная камісія Беларускай праваслаўнай царквы з 5 чалавек, якая прызначаецца агульным сходам. Паводле спадара Матрунчыка, праверка была завершана яшчэ 15 жніўня, яе вынікі павінны былі быць агучаныя яшчэ 20 жніўня, але дагэтуль іх яшчэ няма.

«Як я разумею, першая задача камісіі — праверыць адпаведнасьць палажэньням БПЦ кожнай нашай структуры: статутную дзейнасьць, наяўнасьць усіх пратаколаў сходаў, прызначэньне ўсіх асобаў, што дзейнічаюць у Брацтве. А таксама вельмі важны аспэкт — наяўнасьць нерухомасьці, маёмасьці, што ўключаныя ў структуру БПЦ. Паколькі ўся дзейнасьць Брацтва ўзгадняецца з кіраўніцтвам царквы, што тычыцца ўдзелу ў мерапрыемствах, міжнародных і ўнутраных, — тут таксама павінен быць вялікі спэктар адпаведнасьцяў», — сказаў Свабодзе Мікола Матрунчык.

У сваім пасьце ў фэйсбуку Мікола Матрунчык выказвае меркаваньне, што «камісія сваё накапала, але, відаць, недастаткова... каб спыніць нашую дзейнасьць...», узгадвае Ўладзімера Грозава.

Свабода папрасіла патлумачыць, што ён меў на ўвазе.

«Размова чальцоў камісіі з нашым апекуном айцом Георгіем Латушкам і са мной пачалася з таго, што яны нагадалі, што БПЦ правяла ацэнку дзейнасьці і рэвізію структуры Ўладзімера Грозава, які цяпер знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі, а таксама дзейнасьць Хрысьціянскага фонду Кірыла і Мяфодзія, кіраўніка якога адхілілі ад працы. Таму ня выключана, што і ў нас знойдуць парушэньні, якія могуць быць падставай для таго, каб лічыць іх ня толькі ўнутрыцаркоўнымі, але і грамадзкімі», — кажа Матрунчык.

Сяргей Лепін
Сяргей Лепін

Прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін запэўніў Свабоду, што нічога надзвычайнага ў праверцы дзейнасьці Беларускага праваслаўнага брацтва ў гонар Сьвятых віленскіх мучанікаў няма.

«Так, рэвізійная камісія правярае дзейнасьць — і фінансавую, і працоўную. У любых арганізацыях ёсьць свае ўнутраныя праверкі. Звычайныя прыхадзкія праверкі, магчыма, праходзяць крыху хутчэй, а гэта можа доўжыцца тыдзень, два ці крыху больш — усё залежыць ад маштабаў дзейнасьці ўстановы», — сказаў Свабодзе Сяргей Лепін.

Беларускае праваслаўнае брацтва ў гонар Сьвятых віленскіх мучанікаў існуе з 1990 году, яно абʼяднала беларускамоўных вернікаў. Брацтва праводзіць вялікую асьветніцкую і выдавецкую дзейнасьць: перакладае Сьвятое Пісаньне, выдае царкоўныя календары, гістарычную, даведачную літаратуру па-беларуску. З ініцыятывы брацтва і з удзелам брацкага хору ў Петрапаўлаўскім саборы Менску праходзяць набажэнствы на беларускай мове.

Мікола Матрунчык
Мікола Матрунчык

Кіраўнік Брацтва Мікола Матрунчык нарадзіўся ў 1959 годзе ў Менску. Вучыўся на філязофскім факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, працаваў у Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным навукова-асьветніцкім цэнтры імя Скарыны.

Праваслаўны сьвецкі і культурна-грамадзкі дзеяч, магістар філязофіі, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху, гісторык, культуроляг, публіцыст. Бярэ ўдзел у выдавецкай, культурна-асьветніцкай і міжнароднай дзейнасьці брацтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG