Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыякан Кураеў: Царкоўна-праўная база для беларускай аўтакефаліі ўжо падрыхтаваная


Адным з наступстваў сваркі РПЦ з Канстантынопалем можа стаць узмацненьне ціску расейскага праваслаўя на Беларусь, лічыць багаслоў і філёзаф, дыякан Андрэй Кураеў.

У інтэрвію Свабодзе кантравэрсійны расейскі рэлігійны дзеяч расказаў, чым запомніцца візыт патрыярха Кірыла ў Менск, забарону на службу для айца Аляксандра Шрамка ды магчымасьць узьнікненьня ў Беларусі сваёй царквы, незалежнай ад Масквы.

«Царкоўна-праўная база для беларускай аўтакефаліі ўжо падрыхтаваная»

Патрыярха Кірыла вывезьлі з будынку ўдалечыні ад абʼектываў журналістаў
Патрыярха Кірыла вывезьлі з будынку ўдалечыні ад абʼектываў журналістаў

— Сынод, на якім Расейская праваслаўная царква абвясьціла пра разрыў адносінаў з Канстантынопалем, адбыўся ў Менску. У Беларусі гэта некаторыя ўспрынялі як пэўны сымбаль таго, што Масква нагадвае: Беларусь — гэта яе кананічная зямля. Ці мае, на вашую думку, гэта нейкае палітычнае значэньне?

— Тое, што сынод адбудзецца ў Менску, было вырашана яшчэ ўвесну. Ніякай сувязі з актуальнымі падзеямі тут няма.

— Вы сёньня заявілі, што РПЦ ужо страціла Беларускую праваслаўную царкву. Але, адрозна ад Украіны, ні беларускі парлямэнт, ні кіраўнік дзяржавы не зьвярталіся ў Канстантынопаль па Томас. Адкуль такая думка пра страту Беларусі?

— Гэта адбудзецца не цяпер, а пасьля зьмены палітычнага клімату. А калі ён зьменіцца — пры Лукашэнку, ці пасьля — я гэтага ня ведаю. Калі аднойчы ў Беларусі ўзьнікне такі рух за аўтакефалію, то царкоўна-праўная база для гэтага рашэньня будзе ўжо падрыхтаваная.

— Мітрапаліт Іларыён заявіў учора, што скасаваньне Канстантынопалем граматы 1686 году, якая анэксавала Кіеўскую мэтраполію і куды ўваходзілі беларускія землі, было незаконным. І сапраўды, а якія Канстантынопаль меў кананічныя падставы, каб скасаваць тую грамату?

— Агулам кажучы, не было ніякіх. Гэта быў валюнтарызм. Але гэта нават нецікава — лезьці недзе ў XVII стагодзьдзе або яшчэ старэйшыя каноны. Гэта тупіковы шлях. Бо каноны можна растлумачыць у кожны з бакоў. Трэба глядзець не ў мінуласьць, а ў будучыню.

— Але калі няма кананічных падставаў, то такую царкву могуць і не прызнаць?

— Тэрмін «падстава» — гэта настолькі нестабільны фундамэнт, што крымскі мост у параўнаньні зь ім стаіць на сталёвых апорах. Спробы абаперці сучасную палітыку на канонах першага тысячагодзьдзя, у тым ліку і царкоўных, гэта цырк з канямі. Але выпадак Украіны выбіў грунт з-пад ног. А калі дакладна ўсё пачне хістацца ў Беларусі — гэта пытаньне тэхнікі.

«Візыт патрыярха ў Менск запомніцца беларусам вось гэтым самадурствам»

Айцец Аляксандар Шрамко пасьля атрыманьня ўказу аб забароне ў сьвятарстве
Айцец Аляксандар Шрамко пасьля атрыманьня ўказу аб забароне ў сьвятарстве

— Сёньня сьвятару Аляксандру Шрамку выдалі афіцыйны дакумэнт аб забароне службы на год. Ён крытыкаваў патрыярха Кірыла за яго паводзіны ў Менску і за шматлікасьць аховы. Як вы ацэньваеце гэтую забарону?

— Гэтае рашэньне з шэрагу тых, пасьля чаго пытаюцца: а за што вы нас ня любіце? Гэта быў прыступ кіраўнічай гістэрыкі. Ніякіх канонаў айцец Шрамко не парушыў. Караць яго абсалютна не было за што. Візыт патрыярха ў Менск запомніцца беларусам вось гэтым самадурствам. І менавіта пра гэта будуць размаўляць.

— Ці ня стане РПЦ пасьля наданьня аўтакефаліі Ўкраіне мацней трымацца за Беларусь, каб Менск не пачаў рэалізаваць той сцэнар, пра які вы кажаце?

— Цалкам магчыма. Увогуле, са стратэгічным плянаваньнем у нашай патрыярхіі сёньня вельмі кепска. Цалкам магчыма, што рэакцыяй стане: усіх замарозіць, усіх закаваць, зьвязаць адным ланцугом.

— А ці бачыце вы ў Беларусі жаданьне, волю аддзяліцца ад РПЦ?

— У бліжэйшай будучыні наўрад ці. Але такое жаданьне ў часткі беларускай царкоўнай інтэлігенцыі напэўна ёсьць. У звычайнага прыхаджаніна яно наўрад ці ёсьць. А вось меркаваньне нацыянальнай інтэлігенцыі многае значыць у гісторыі XX-XXI стагодзьдзяў.

— А як вы ацэньваеце паводзіны Аляксандра Лукашэнкі? У Беларусі часам кажуць, што яго адносіны зь мітрапалітам Паўлам даволі халодныя. Ягоным фаварытам называюць айца Фёдара Поўнага. Ці можа Лукашэнка быць зацікаўлены ў большай незалежнасьці БПЦ ад Расеі?

— Ня ведаю. Але ўчорашнія ягоныя словы патрыярху супраць расколу былі, прынамсі, двухсэнсоўныя.

— А пра што, на ваш погляд, сьведчыць той факт, што РПЦ прызначае мітрапалітамі ў Беларусь небеларусаў? Спачатку Філарэт, потым Павал?

​— Гэта кажа толькі аб тым, што ад Беларусі не чакаюць супраціву. Якога папа вам прышлём, такі і будзе вам бацькам. Але ваш мясцовы пэйзаж япіскапату цалкам сабе месяцовы.

— У Сынодзе, які адбыўся ў Менску, ня браў удзел ніводзін беларус. Нават ад Украіны, зь якой у Расеі вайна, былі два ўкраінцы.

— Сынод фармуецца не паводле этнічных прыкметаў.

— Але ёсьць хіба нейкая прычына, чаму ва Ўкраіне гэта ўкраінцы, якія там нарадзіліся, якія ведаюць культуру гэтай краіны, мову, выхаваліся там, а ў Беларусі — расейцы?

— У любой імпэрыі ёсьць плюсы і мінусы. Узбэкістан у Сынодзе, напрыклад, прадстаўляе этнічны малдаванін. І я б не сказаў, што гэта зусім кепска.

«Устаноўка на вайну вядзе да інтэлектуальнай і маральнай дэградацыі ў самой РПЦ»

Патрыярх Кірыл і Ўладзімер Пуцін
Патрыярх Кірыл і Ўладзімер Пуцін

— Галоўны дзяржаўны беларускі тэлеканал прысьвяціў учора Сыноду 1 хвіліну 6 сэкундаў. У тлумачэньні было сказана, што ў практыцы рашэньне азначае, што цяпер ня будзе супольных набажэнстваў з Канстантынопалем. Што гэта значыць? Што ў цэрквах РПЦ ня будуць маліцца за Варфаламея?

— Па-першае, падчас малітваў патрыярха Варфаламея раней і так згадваў толькі патрыярх Кірыл. Вернікі ўвогуле ня ведалі, хто такі Варфаламей. Па-другое, рашэньне ня згадваць Варфаламея было прынятае нашым Сынодам месяц назад. Цяпер адбыўся наступны ўзровень расколу, калі вернікам забараняюць нават уваходзіць у грэцкія сьвятыні, якія падпарадкоўваюцца канстантынопальскаму патрыярху. Дарэчы, і ў расейскія таксама, бо ёсьць расейскі экзархат канстантынопальскага патрыярхату ў Заходняй Эўропе. Але гэта ўсё лухта па вялікім рахунку, бо набожных турыстаў у нас і так мала. Акрамя таго, трэба яшчэ ўявіць дурня, які сур’ёзна жадаў бы прычасьціцца і прайшоў бы міма грэцкай царквы. А калі б зайшоў і прычасьціўся, то паехаў бы потым каяцца ў Маскву, і знайшоў бы чарговага дурня-папа, які б надаў гэтаму нейкае значэньне.

— Тады выходзіць, што вялікага значэньня для Расеі менская дэклярацыя ня мае?

— Мае. У самой Расеі даецца адмашка на вайну з грэкамі, на пошук любой нагоды, каб іх укусіць, абвінаваціць у ерасі. Да ўзроўню ерасі цяпер будуць разьдзімацца любыя камары. І гэта ўжо пачалося. І вось гэтая ўстаноўка на вайну вядзе да інтэлектуальнай і маральнай дэградацыі ў самой РПЦ. Гэта сумна і гэта закране ўсіх.

— А што можа зрабіць Канстантынопаль, каб адказаць неяк Маскве?

— У Канстантынопаля няма такой задачы. Калі Кірыл перастаў згадваць у малітве Канстантынопальскага патрыярха, то Варфаламей нічога падобнага не зрабіў. Ён і далей згадвае Кірыла і моліцца за яго. І нават калі іх Сынод прымаў рашэньне, што Кіеў цяпер іх, то ў іх словах не было ніякага асуджэньня маскоўскіх япіскапаў. Ані асуджэньня, ані закліку да выгнаньня. Наадварот, мірнае рашэньне.

— А якія цяпер будуць, на ваш погляд, адносіны паміж РПЦ і іншымі памеснымі цэрквамі?

— Гэтыя адносіны будуць мірнымі. Таму што маскоўскія дыпляматы — і ў расах, і сьвецкія — будуць ціснуць на іншыя цэрквы, каб тыя падтрымалі Маскву. На словах многія зь іх падтрымаюць, але ніхто за намі сьледам у акно ня кінецца. Ніхто свае адносіны з Канстантынопалем не разарве.

— А як, на вашу думку, будзе адбывацца стварэньне новай Украінскай аўтакефальнай царквы? Ці не прывядзе гэта да канфлікту, можа нават сілавога? Як яны будуць дзяліць Лаўру, напрыклад?

— Праблемы пачнуцца ня з Лаўры, а са звычайнага вясковага прыходу, калі будуць галасаваць, куды ідзем і, зразумела, кансэнсусу ня будзе амаль ніколі. Будуць пераможцы і пераможаныя. І як яны будуць дзяліць маёмасьць, увогуле незразумела. Наперадзе шмат гадоў турбулентнасьці. Таму галоўнае для ўсіх удзельнікаў падзеі набрацца цярпеньня. Патрыярхія ад пачатку пайшла вельмі карысьлівым і імпэрыялістычным шляхам. І вельмі памылковым. Гэта прывяло да таго, што патрыярхія стала завадатарам напружанасьці. Трэба было правільна выбраць мэту. Замест таго, каб выбраць мір ва Ўкраіне, РПЦ абрала ўтрыманьне кавалка Ўкраіны пад сваім уплывам.

— А якой магла б тады быць формула міру?

— Калі б усе бакі дасягнулі кансэнсусу ў прызнаньні таго, што няма граху ў прыходзе сьвятароў і вернікаў у новай структуры, якую стварае Канстантынопаль. І другая частка: няма злачынства ў тым, каб застацца сьвятарамі і вернікамі ў Расейскай царкве ва Ўкраіне. Калі ўсе бакі з гэтым пагодзяцца, то гэта дасьць нейкі выхад.

— А як павінны паводзіць сябе вернікі ў такой сытуацыі?

— Я не магу вырашаць за іншых. У кожнага свой выбар.

Што важна ведаць пра раскол праваслаўных цэркваў

Патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 13 кастрычніка, каб правесьці 15 кастрычніка сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Па выніках сыноду РПЦ спыніла эўхарыстычную лучнасьць з Канстантынопалем.

  • ​Вернікам РПЦ забаронена маліцца ў турэцкіх Стамбуле і Анталіі, грэцкіх Крыце, Родасе, астравах архіпэлягу Дадэканэс, а таксама ў манастырах на грэцкім Афоне.
  • «Раскол» тычыцца і беларускіх вернікаў РПЦ. Але, як тлумачыла Свабодзе тэоляг Натальля Васілевіч, кожны вернік сам можа вырашыць, як ставіцца да рашэньня РПЦ.
  • За адмову трымацца рашэньня Сыноду РПЦ духавенству пагражае звальненьне з пасады, часовая або пажыцьцёвая забарона служыць, пазбаўленьне сану і адлучэньне ад царквы.
  • 13 кастрычніка ля сабора Сьвятога Духа патрыярха Кірыла сустракалі хлебам з сольлю, але ён прайшоў міма. Звычайныя вернікі глядзелі набажэнства на экране.
Патрыярх Кірыл у Менску, 13 кастрычніка
Патрыярх Кірыл у Менску, 13 кастрычніка
  • Гэта скрытыкаваў у сваім фэйсбуку сьвятар менскага прыходу Аляксандар Шрамко. 16 кастрычніка сьвятара звольнілі зь менскай эпархіі за крытыку патрыярха. ​
  • Кірыл заявіў, што Беларусь — асаблівая частка Русі, а Белай яе назвалі, мабыць, таму, што яна ніколі не падпадала «пад залежнасьць іншаземных і іншаверных урадаў». Што трэба разумець пад словам «Русь», герарх не патлумачыў.
  • На фоне візыту расейскі дыякан Андрэй Кураеў заўважыў, што скасаваньне Канстантынопалем патрыяршай граматы 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву тычыцца як Украіны, так і Беларусі. Бо тады, у XVII ст., да Кіеўскай мітраполіі належала і беларуская тэрыторыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG