Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску сабраўся Сынод РПЦ, каб адказаць на рух Украіны да аўтакефаліі


Патрыярх Кірыл у Менску, 13 кастрычніка 2018 году

Сябры сыноду Расейскай праваслаўнай царквы сустракаюцца ў Менску на фоне спрэчкі з нагоды аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царквы.

15 кастрычніка ў Менску патрыярх РПЦ Кірыл сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, пасьля сустрэчы адбудзецца паседжаньне сыноду Расейскай праваслаўнай царквы. Украіну ў Сынодзе РПЦ прадстаўляе мітрапаліт Ануфрый, Беларусь — мітрапаліт Павел, які ня мае беларускага грамадзянства.

Чакаецца, што па выніках пасяджэньня адбудзецца брыфінг.

Сынод у Менску быў скліканы патрыярхам Маскоўскім Кірылам, кіраўніком РПЦ.

«Гэта будзе вельмі важная сустрэча, падчас якой будуць прынятыя пэўныя рашэньні, якія тычацца сытуацыі ва Ўкраіне», — сказаў патрыярх Кірыл перад сынодам.

11 кастрычніка Сынод Усясьветнага патрыярхату ўхваліў рашэньне аб наданьні аўтакефаліі (незалежнага статусу) Праваслаўнай царкве ва Ўкраіне. Расейская праваслаўная царква (РПЦ) раскрытыкавала гэта рашэньне і назвала яго «катастрафічным».

Прадстаўнік Кірыла ўжо заявіў пра намер даць «цьвёрды і адпаведны» адказ на рашэньне, прынятае Усяленскім патрыярхам Варфаламеем.

Кіраўніцтва РПЦ перакананае, што прадстаўнікі Кіеўскага патрыярхату, часткі Маскоўскага патрыярхату і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы парушылі каноны, калі зьвярнуліся па аўтакефалію да Ўсяленскага, а не Маскоўскага патрыярхату.

Гэтая с​ытуацыя была прадметам абмеркаваньня на 12 кастрычніка ў Савеце бясьпекі Расеі з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, паведаміў потым ягоны прэс-сакратар.

Раней Крэмль выказаў занепакоенасьць сытуацыяй, заявіўшы, што Расея будзе абараняць інтарэсы праваслаўных ва Ўкраіне.

Між тым у Кіеве 14 кастрычніка тысячы людзей сабраліся на цэнтральнай плошчы, каб узяць удзел у малітве падзякі пасьля рашэньня Варфаламея аб наданьні аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG