Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Кірыл ужо ў Менску, дзе Сынод РПЦ зьбіраецца даць «жорсткі» адказ Канстантынопалю


Сьвяты сынод Расейскай праваслаўнай царквы на паседжаньні 15 кастрычніка ў Менску мае адрэагаваць на сытуацыю, якая складваецца з праваслаўем ва Ўкраіне. Пра гэта 13 кастрычніка па прылёце ў нацыянальны аэрапорт Менск заявіў журналістам патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл (Гундзяеў).

«Я прыбыў у Менск на блізкую майму сэрцу беларускую зямлю ў год 1030-годзьдзя Хрышчэньня Русі, — сказаў ён. — У сувязі з гэтай выдатнай падзеяй, са сьвяткаваньнем круглых угодкаў нашай агульнахрысьціянскай гісторыі было прынята рашэньне ў Менску правесьці паседжаньне Сьвятога сыноду. Гэта першае пасяджэньне ў гісторыі нашай царквы на беларускай зямлі».

«Нам трэба будзе вырашыць вельмі шмат важных пытаньняў, у тым ліку адрэагаваць на тое, што сёньня адбываецца ў сям’і праваслаўных цэркваў, і на тую сытуацыю, якая складваецца ва Ўкраіне», — заявіў прадстаяльнік РПЦ.

Кіраўнік прэс-службы Маскоўскага патрыярха ярэй Аляксандар Волкаў у гутарцы з журналістамі адзначыў, што канчатковых рашэньняў адносна аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царквы Канстантынопальскі патрыярхат яшчэ не прыняў.

«Але рашэньні, якія былі агучаныя па выніках пасяджэньня Сыноду Канстантынопальскага патрыярхату, кажуць пра тое, што ён уступіў на зусім неправамоцны шлях з пункту гледжаньня праваслаўнага ўспрыманьня, — лічыць сьвятар. — Гэты шлях ужо прыводзіць Канстантынопальскі патрыярхат да падтрымкі расколу, узмацненьня супрацьстаяньня, якое і так ужо сёньня існуе ў царкоўным жыцьці Ўкраіны».

Кіраўнік прэс-службы Маскоўскага патрыярха падкрэсьліў, што канчатковае рашэньне і ацэнку «ўсяго таго, што было зроблена Канстантынопальскім патрыярхатам за апошні час», дасьць Сьвяты сынод РПЦ на пасяджэньні 15 кастрычніка ў Менску.

Паводле яго слоў, адказ будзе «адэкватным і жорсткім». «Сьвяты сынод выкажа цалкам вызначаную недвухсэнсоўную пазыцыю адносна заяваў і рашэньняў, якія былі прынятыя ў Стамбуле ў пятніцу», — падсумаваў сьвятар.

Канстантынопаль «вызваліў» ад РПЦ і Беларусь?

Тым часам грамадзкі дзяяч, багаслоў і апанэнт шматлікіх герархаў РПЦ протадыякан Андрэй Кураеў, камэнтуючы апошнія падзеі вакол Украінскай праваслаўнай царквы, зьвярнуў увагу на тое, што прынятае ў чацьвер рашэньне Канстантынопальскага патрыярхату аб непрызнаньне далучэньня ў 1686 годзе Кіеўскай мітраполіі да Масквы, датычыць і беларускіх земляў.

«З пункту гледжаньня Канстантынопалю, Менск - гэта ўжо чужая для Масквы тэрыторыя. Калі адмяняецца Патрыяршая грамата 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву, то адмена тычыцца і Беларусі. Тады, у XVII стагодзьдзі, Рэч Паспалітая і Кіеўская мітраполія ўключалі ў сябе і беларускую тэрыторыю», - заявіў Андрэй Кураеў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG