Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі патрыярхат ва Ўкраіне: Канстантынопаль стаў на шлях расколу ўсясьветнага праваслаўя


Мітрапаліт Барыспальскі Антоні вітае Ўладзіміра Пуціна, 2013 год
Мітрапаліт Барыспальскі Антоні вітае Ўладзіміра Пуціна, 2013 год

У Маскоўскім патрыярхаце Ўкраінскай праваслаўнай царквы заяўляюць, што застаюцца адзінай кананічнай праваслаўнай царквой ва Ўкраіне, нягледзячы на ўчорашняе рашэньне Сыноду Ўсясьветнага патрыярхату аб дазволе стварыць ва Ўкраіне адзіную памесную царкву.

«Тое, што адбылося на Сынодзе ў Стамбуле ўчора, шакавала ўвесь праваслаўны сьвет. Падобна да таго, што Канстантынопальскі патрыярхат сьвядома становіцца на шлях расколу ўсясьветнага праваслаўя», — заявіў кіраўнік спраў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапаліт Барыспальскі і Браварскі Антоні.

Паводле яго, патрыярх Варфаламей ухваліў памылковае рашэньне, бо праігнараваў заклікі іншых памесных цэркваў склікаць нараду, каб выпрацаваць адзінае саборнае рашэньне наконт украінскага царкоўнага пытаньня: «Праваслаўе дасьць гэтаму дзеяньню аб’ектыўную ацэнку».

«Для нашай царквы нічога не зьмянілася. Мы былі, ёсьць і застаёмся адзінай кананічнай царквой ва Ўкраіне. Мы не прызнаем стаўрапігіі, стварэньне якой абвясьцілі з Фанара. Прыняўшы раскольнікаў у супольніцтва, Патрыярх Варфаламей ня робіць іх кананічнымі, а сам становіцца на шлях расколу. Раскольнікі засталіся раскольнікамі. Ніякай аўтакефаліі і томаса яны не атрымалі. І падобна да таго, што яны страцілі нават тую незалежнасьць, хоць і некананічную, якую мелі і пра якую заўсёды казалі», — перакананы мітрапаліт Антоній.

Паводле яго, «раскольнікі як ня мелі Божай ласкі, гэтак і засталіся безь яе. Адпаведна, супольна служыць і маліцца зь імі забаронена».

Захопаў храмаў ня будзе. Працэс аб’яднаньня — добраахвотны

У той жа час у Кіеўскім патрыярхаце заклікалі архірэяў Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і Маскоўскага патрыярхату, залучаных у працэс стварэньня памеснай царквы, пачаць падрыхтоўку надзвычайнага аб’яднаўчага сабору, каб абраць новага кіраўніка.

«Працэс аб’яднаньня ўкраінскага праваслаўя павінен адбывацца добраахвотна, мірна і без прымусу, кожны прадстаўнік царквы, як і кожная грамада вернікаў ці манахаў маюць права свабодна выбраць цэнтар свайго царкоўнага падпарадкаваньня — належаць Украінскай або Расейскай царкве», — гаворыцца ў заяве Кіеўскага патрыярхату.

Ва Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царкве пакуль не камэнтуюць рашэньне Ўсясьветнага патрыярхату.

Што пісалі расейскія СМІ пра рашэньне Канстантынопаля

У расейскіх СМІ вестку з Канстантынопальскага патрыярхату сустрэлі ня толькі насьцярожана, але і даволі варожа.

Выданьне Russia Today вынесла ў загаловак публікацыі пра падзеі ва ўкраінскім праваслаўі цытату з прэсавага сакратара Расейскай праваслаўнай царквы Аляксандра Волкава, які назваў зьняцьце анатэмы з кіраўніка УПЦ КП патрыярха Філарэта «легалізацыяй расколу».

Прарасейскае выданьне News Front, якое напаўняецца навінамі з часова акупаваных Данецкай і Луганскай абласьцей, называе прадстаўнікоў Кіеўскага патрыярхату «самазванцамі» і «раскольніцкай рэлігійнай арганізацыяй», а ўкраінскую ўладу — русафобскаю. У матэрыялах таксама прагназуюць «вялікія правакацыі, якія прывядуць да вялікай крыві ва Ўкраіне».

Сынод Усясьветнага патрыярхату 11 кастрычніка ўхваліў рашэньне аб наданьні аўтакефаліі (незалежнага статусу) праваслаўнай царкве ва Ўкраіне і адначасова аднавіў кананічны статус кіраўнікоў дзьвюх цэркваў — патрыярхаў Філарэта (Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату) і Макарыя (Украінская аўтакефальная праваслаўная царква).

У прыватнасьці, Сынод прызнаў незаконнай анэксію Расейскай праваслаўнай царквой Кіеўскай мітраполіі ў 1686 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG