Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль: Расея абараняла «інтарэсы рускіх і рускамоўных» ва Ўкраіне, цяпер будзе абараняць праваслаўных


Мітрапаліт Ануфрый (справа), кіраўнік УПЦ МП, і намесьнік Кіеўска-Пячэрскай лаўры мітрапаліт Паўло.

Расея будзе абараняць інтарэсы праваслаўных вернікаў Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне, калі іх будуць перасьледаваць, гэтак сама, як яна абараняе «інтарэсы рускамоўных» у гэтай краіне, заявіў 12 кастрычніка прэс-сакратар Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

«У выпадку, калі разьвіцьцё падзей увойдзе ў рэчышча супрацьпраўных дзеяньняў, то, вядома, як Расея ўсюды абараняе інтарэсы рускіх і рускамоўных, то таксама, і пра гэта неаднаразова казаў Пуцін, Расея абараняе інтарэсы праваслаўных», — сказаў Пяскоў.

На пытаньне, як менавіта Расея мае намер абараняць вернікаў, Пяскоў адказаў: «выключна палітыка-дыпляматычнымі мерамі».

Прэс-сакратар Крамля такім чынам пракамэнтаваў прынятае напярэдадні рашэньне Канстантынопальскага патрыярхату аб гатоўнасьці надаць аўтакефалію Украінскай адзінай памеснай праваслаўнай царкве пасьля таго, як яна будзе створана. Паводле Пяскова, у Крамлі «занепакоеныя» гэтым рашэньнем, але пры гэтым ня маюць намеру ўмешвацца ў «дыялёг паміж цэрквамі».

Ва Ўкраіне дзейнічае некалькі праваслаўных цэркваў, у тым ліку Ўкраінская праваслаўная царква (Маскоўскага патрыярхату). Кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы рэзка асуджае рашэньне Канстантынопальскага патрыярхату ў пытаньні Ўкраіны, якую РПЦ лічыць сваёй «кананічнай тэрыторыяй». У РПЦ сьцьвярджаюць, што зьяўленьне аўтакефальнай царквы ва Ўкраіне можа прывесьці да гвалту. Прыхільнікаў аўтакефаліі, у прыватнасьці, абвінавачваюць у імкненьні захапіць храмы і манастыры, якія цяпер знаходзяцца ў падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату.

Неабходнасьцю абароны рускамоўных грамадзян Украіны Уладзімір Пуцін ў 2014 годзе абгрунтоўваў сваю просьбу да Рады Фэдэрацыі дазволіць выкарыстаньне вайсковай сілы ў гэтай краіне. Расія анэксавала Крым і працягвае аказваць дапамогу сэпаратыстам у Данбасе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG