Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адарве Масква Беларусь ад Праваслаўя?


Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч

Да прыезду прадстаяльніка РПЦ у Беларусь.

Два ў адной асобе

Куды 12 кастрычніка прыедзе галава Маскоўскай Царквы Кірыл?

На сайце Беларускага Экзархату РПЦ, які называюць Беларускай Праваслаўнай Царквой, напісана, што ён едзе зь візытам у Рэспубліку Беларусь. Гэта ў загалоўку інфармацыі, а ў самім тэксьце чытаем, што Кірыл едзе «в пределы Белорусской Православной Церкви».

Дык хто да нас едзе — галава РПЦ у свой экзархат ці расейскі палітычны дзеяч у Рэспубліку Беларусь?

Пытаньне, пэўна ж, рытарычнае. Едзе і царкоўны дзеяч, і палітык у адной асобе. І тое, што яго паездка да нас названа па-сьвецку, а не па-царкоўнаму, візытам, а не візытацыяй, паказвае, што Кірыл едзе ў нашу краіну перш-наперш як палітык. І само сабой зразумела, што ягоны візыт абыдзецца нашай дзяржаве ў капеечку, бо ў Менск прыляцяць таксама чальцы Сыноду РПЦ, а гэта, апрача Кірыла і экзарха Паўла, яшчэ 12 архірэяў. І кожны прывязе з сабою яшчэ як мінімум аднаго чалавека (пра Кірылаву ахову і сьвіту маўчу).

Патрыярх з фальшывым нумарам

Да нас едзе 16-ты маскоўскі патрыярх. Такі нумар мае Кірыл у афіцыйным пераліку прадстаяльнікаў Маскоўскай Царквы. Але гэта фальшывы нумар. Насамрэч да нас едзе 17-ты патрыярх, бо ў афіцыйным пераліку прадстаяльнікаў Маскоўскай Царквы прапушчаны Ігнацій, які займаў патрыяршы пасад у 1605–1606 гг., у 1611 г. пераехаў у Вялікае Княства Літоўскае, жыў у Вільні і быў пахаваны ў віленскіх базыльянскіх мурох.

Выключаны Ігнацій зь пераліку патрыярхаў за тое, што сустракаў і ўзьвёў на царскі пасад Дзімітрыя Іванавіча — таго самага, якога ў Маскве віталі, якому прысягалі, якога потым забілі і абвясьцілі Лжэдзьмітрыем.

Цалкам кананічны патрыярх быў ня толькі пазбаўлены пасаду, але і выкрасьлены са сьпісу прадстаяльнікаў Царквы. Быццам і не было такога чалавека.

Так пішацца афіцыйная гісторыя Маскоўскай Царквы.

А куды яму ехаць яшчэ?

На ўсёй постсавецкай прасторы Беларусь засталася адной-адзінай краінай, куды Кірыл яшчэ можа прыехаць і паказаць сябе гаспадаром або, як сьпяваюць дыяканы, «великим господином».

Фармальна кіраўнік вялікай Царквы, якая ахоплівае ўвесь абшар былога Савецкага Саюзу, ён абмежаваны ў сваіх магчымасьцях. У Казахстане і Сярэдняй Азіі яму б толькі захаваць прысутнасьць маскоўскага праваслаўя. У Азэрбайджане такая самая сытуацыя. У монаэтнічнай Армэніі свая, да таго ж неправаслаўная, Царква. У Грузіі — праваслаўная, але свая. У Латвію ды Эстонію тамтэйшыя ўлады параілі Кірылу не прыяжджаць, бо ягоны прыезд можа выклікаць грамадзянскія забурэньні, дэманстрацыі пратэсту. Афіцыйная Літва, як выглядае, таксама пазьбягае кантактаў з Кірылам. У Малдове на пазыцыі РПЦ упарта і пасьлядоўна наступае Румынская Царква, якая хоча вярнуць у свой склад Бесарабскую мітраполію, адарваную ў 1944 годзе.

Усюды на постсавецкай прасторы, апроч Беларусі, ён замежнік. Да 2014 году ён вельмі часта езьдзіў ва Ўкраіну. Цяпер дарога Кірылу да нашых паўднёвых суседзяў зачыненая.

У Беларусь Кірыл езьдзіць нячаста. Нешта падказвае мне, што сёлетняя паездка будзе для яго складанай і з царкоўнага, і з палітычнага гледзішча.

Кірыл ускладняе праблему для афіцыйнага Менску

Сваім прыездам у Беларусь Кірыл ускладняе праблему для афіцыйнага Менску.

Як вядома, Менск спрабаваў адыгрываць ролю міратворца і пасярэдніка паміж Расеяй і Ўкраінай. Найвялікшым дасягненьнем яго была сустрэча ў сталіцы Беларусі прэзыдэнтаў Расеі, Украіны ды Францыі і фэдэральнай канцлеркі Нямеччыны (люты 2015 г.), у ходзе якой было выпрацаванае гэтак званае 2-е Менскае пагадненьне.

Праз тры гады назіральнікі ня могуць не згадзіцца з тым, што Менскія пагадненьні ня дзейнічаюць. Ужо прагучалі галасы, што Беларусь насамрэч не зьяўляецца нэўтральным назіральнікам і сапраўды пасярэднікам, што пляцоўку для кансультацый і перамоваў трэба перанесьці ў нейкую іншую краіну — напрыклад, у сталіцу Казахстану.

Тым часам афіцыйныя прадстаўнікі РПЦ заяўляюць, што на пасяджэньні Сыноду РПЦ, якое мае адбыцца 15 кастрычніка ў Менску, будзе дадзеная ацэнка дзеяньням Канстантынопальскага Патрыярхату. На ўвазе маюцца пастановы Сыноду Ўсяленскага Патрыярхату ад 11 кастрычніка аб украінскай аўтакефаліі.

Ня выключана, што прынятыя пастановы Сыноду РПЦ, якія з усёй імавернасьцю будуць накіраваныя супраць Усяленскага пасаду і ўкраінскай аўтакефаліі, таксама атрымаюць назву менскіх.

Ці патрэбная такая «слава» Менску і ўсёй Беларусі? Ці палепшацца пасьля гэтага адносіны паміж Менскам і Кіевам?

Ці не абвострыцца другая праблема?

У дадатак да царкоўна-палітычнай праблемы Масква ўжо стварыла праваслаўнай Беларусі праблему царкоўную, эклесіялягічную.

14 верасьня Маскоўская Царква пайшла на раскол сусьветнага Праваслаўя. Сынод РПЦ вырашыў, што Ўсяленскага Патрыярха Барталамея ня будуць памінаць падчас набажэнстваў і што архірэі Маскоўскай Царквы, у тым ліку і Беларускага Экзархату, ня будуць служыць разам з архірэямі Канстантынопальскай Царквы. Па-трэцяе, у такіх краінах, як Нямеччына, Францыя ды інш., дзе прадстаўленыя і Канстантынопальская, і Баўгарская, і Сэрбская, і іншыя цэрквы, існуюць канфэрэнцыі праваслаўных біскупаў, і старшынюе на гэтых канфэрэнцыях прадстаўнік Канстантынопальскай Царквы. Цяпер маскоўскія архірэі, пэўна, будуць дзейнічаць у краінах дыяспары самастойна. РПЦ ня будзе таксама ўдзельнічаць у розных праваслаўна-каталіцкіх сустрэчах, у якіх, як правіла, праваслаўны бок узначальваюць канстантынопальскія прадстаўнікі.

Тое, што РПЦ сама пайшла на раскол Праваслаўя, 8 кастрычніка пацьвердзіў Кірыл. Ён сказаў: «Мы будем молиться о том, чтобы вынужденное разделение, на которое мы пошли из-за неправомерных действий Константинополя, не стало разделением на века, как это произошло в XI веке».

Зьвяртаю ўвагу на словы «разделение, на которое мы пошли». Не Канстантынопаль пайшоў, а РПЦ пайшла на разьдзяленьне, раскол.

Кірыл не выключае, што гэты падзел можа доўжыцца, і спадзяецца, што ён ня будзе такі працяглы, як падзел ХІ ст., гэта значыць схізма 1054 г, калі хрысьціянства падзялілася на ўсходняе і заходняе.

І хоць Маскву ў яе антыканстантынопальскіх акцыях адкрыта не падтрымала ніводная іншая памесная царква, ужо раздаюцца заклікі паглыбіць раскол, учынены 14 верасьня: забараніць супольныя службы з канстантынопальскім духавенствам ня толькі біскупам, але і простым сьвятарам. А таксама забараніць вернікам РПЦ, у тым ліку і беларусам, спавядацца і прычашчацца ў сьвятароў Канстантынопальскага Патрыярхату. Ня выключана, што вернікам РПЦ могуць забараніць хрост дзяцей і шлюбы, а таксама адпяваньне «няправільным» канстантынопальскім духавенствам.

Карацей, Маскоўскую Царкву заклікаюць цалкам адкалоцца ад сусьветнага Праваслаўя. Праваслаўная Беларусь у гэтай барацьбе паміж Масквой і Канстантынопалем застаецца закладніцай, залежнай ад капрызаў Крамля, Кірыла і ягонага Сыноду. Гэта азначае, напрыклад, што візыт ветлівасьці Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаў сябе атэістам, але праваслаўным, да Патрыярха Барталамея можа стаць з гледзішча Масквы адступніцтвам. І Уладзімеру Макею, і іншым нашым дзеячам праваслаўнага вызнаньня візыты на Фанар будуць супрацьпаказаныя.

Калі Сынод РПЦ на сваім пасяджэньні ў Менску пойдзе на крайнія меры, рэпутацыя нашай сталіцы, нашай краіны ў вачах сусьветнага Праваслаўя толькі пагоршыцца. Вось што значыць для Беларусі ня мець самастойнай Царквы, самастойнай царкоўнай палітыкі. Застаецца спадзявацца, што ў крайнія меры ў Менску абвешчаныя ня будуць.

Канстантынопальская Царква для нашай краіны — Маці-Царква. Біскупы ў Полацку і Тураве вызнавалі вяршэнстваЎсяленскага Патрыярха. Ці трэба праваслаўнай Беларусі разрыў з Маці-Царквою, з сусьветным Праваслаўем?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG