Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі патрыярх назваў Беларусь «нашай зямлёй» і казаў пра «брамы пекла», узгадваючы Ўкраіну


Падчас выступу ў Менску, патрыярх маскоўскі Кірыл назваў Беларусь часткай «нашай зямлі», узгадаў часы, калі царкоўнае жыцьцё працякала тут нялёгка, пахваліў улады Беларусі і раскрытыкаваў украінскія.

Афіцыйны сайт Маскоўскага патрыярхату Расейскай праваслаўнай царквы апублікаваў поўны тэкст прамовы патрыярха Кірыла пасьля набажэнства ў менскім Сьвята-Духавым саборы.

«Белая Русь — гэта асаблівая частка гістарычнай Русі. Тут з глыбокай старажытнасьці цёплы агонь праваслаўнай веры. Таму Белая Русь зьвязаная з самымі вытокамі праваслаўнай веры на нашай зямлі», — сказаў маскоўскі патрыярх.

Патрыярх нагадаў, што «Полацкая эпархія стала адной з самых першых у гісторыі Рускай Праваслаўнай Царквы, бо неўзабаве пасьля хрышчэньня кіяўлян былі ахрышчаныя і жыхары горада Полацка».

Аднак, у чацьвер, 11 кастрычніка, Сынод Усяленскага патрыярхату прызнаў незаконнай анэксію Расейскай праваслаўнай царквой Кіеўскай мітраполіі ў 1686 годзе. А менавіта з Кіеўскай мітраполіяй зьвязаная гісторыя Полацкай эпархіі. Назва ж «Русская православная церковь» увогуле афіцыйна пачала выкарыстоўвацца толькі ў XX ст.

Выступаючы перад прысутнымі ў Сьвята-Духавым саборы, патрыярх Кірыл заявіў, што «сёньня няпроста на братняй украінскай зямлі».

«Мы ведаем, як вораг роду чалавечага настроіўся на Царкву Праваслаўную, якая праходзіць празь цяжкія выпрабаваньні, але верым, што і брамы пякельныя не адолеюць Царкву. Мы верым, што ніякія сьвецкія сілы, якія ставяць перад сабой мэту зьнішчыць Царкву, ня будуць пасьпяховыя», — сказаў мітрапаліт.

Сынод Расейскай праваслаўнай царквы на паседжаньні 15 кастрычніка ў Менску мае адрэагаваць на сытуацыю, якая складваецца з праваслаўем ва Ўкраіне. Гэта будзе першы за ўсю гісторыю РПЦ сынод, які адбудзецца ў Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG