Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі чыніцца гвалт, то чаму я павінен маўчаць?!» Сьвятары БПЦ патлумачылі, чаму падтрымалі расейскіх апазыцыянэраў


Адразу трое сьвятароў зь Беларусі адкрыта выступілі супраць ціску на актывістаў расейскай апазыцыі.

Сьвятары Рускай праваслаўнай царквы падпісалі адкрыты ліст з заклікам перагледзець прысуды фігурантам «маскоўскай справы». Тэкст ліста апублікаваны на сайце выданьня «Православие и Мир». Сярод падпісантаў гарадзенскі дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч, клірык дамавога храма сьв. Мікалая Цудатворца пры Архірэйскім падворку, ярэй Аляксандар Кухта, намесьнік старшыні Сынадальнага місіянэрскага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы і архімандрыт Сава Мажука з Гомля.

«Я гатовы падпісацца пад кожным словам»

Дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч у інтэрвію карэспандэнту Свабоды патлумачыў, чаму падпісаўся пад лістом.

«Я гатовы падпісацца пад кожным словам гэтага ліста, бо там ёсьць вытрымкі з Эвангельля, зь Бібліі, і я не магу не падпісацца пад тым, што напісана ў Эвангельлі. Я ўпэўнены і я бачу, што тэкст ліста ня мае ніякай палітычнай нагрузкі. Гэта выключна жаданьне людзей, якія выказаліся ад свайго імя пэрсанальна, а не ад імя царквы, выступіць за справядлівасьць, за міласэрнае стаўленьне да чалавека».

Паводле дыякана Дзьмітрыя Паўлюкевіча, гэта адкрыты ліст, і ён ня будзе некаму накіраваны.

«Мэта гэтага ліста — каб заклікаць людзей, грамадзкасьць аддаць увагу таму, што адбылося. Што да любога чалавека, незалежна ад яго палітычных, рэлігійных поглядаў, трэба ставіцца па справядлівасьці».

Адносна пратэстаў, якія адбываліся ў Маскве, дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч сказаў, што яму цяжка камэнтаваць, бо «гэтыя падзеі адбываліся ў іншай краіне і ён да іх ня мае ніякага дачыненьня».

«Але прычына, па якой я падпісаў гэты ліст — не палітычная. І сам тэкст ня мае палітычнага характару. Я хрысьціянін, і мне ня важна, дзе адбываецца гвалт ці зьнявага справядлівасьці — на Месяцы, на Марсе, у Расеі, у Афрыцы ці Амэрыцы. Дзе гэта адбываецца, там я і гатовы падпісацца. Калі над чалавекам чыніцца акт гвалту, то чаму я павінен маўчаць?!»

Паводле дыякана Дзьмітрыя Паўлюкевіча, гэты ліст трапіўся яму на вочы, «была такая ініцыятыва, і я яе падтрымаў».

Падобныя падзеі былі і ў Беларусі. Але чаму тады праваслаўныя сьвятары не стваралі і не падпісвалі такіх адкрытых лістоў?

«У гэтай сытуацыі я не ініцыятар, а той,хто адказвае на прапанаваную ініцыятыву. Калі ёсьць нейкая ініцыятыва, я гатовы да яе далучыцца. Калі я вырашаў, падпісвацца пад гэтым лістом ці не, я давяраў людзям, якія ўжо паставілі свае подпісы, многіх я ведаю асабіста. Гэтым я адказваю на пытаньне, чаму падзеям у Беларусі не давалася ніякая ацэнка. Я не магу сказаць, чаму так адбылося. І я не выключаю, калі б была такая ініцыятыва ад беларускіх клірыкаў, то я яе падтрымаў бы».

Паводле дыякана Дзьмітрыя Паўлюкевіча, з боку кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы не было ніякай рэакцыі на падпісаньне сьвятарамі адкрытага ліста па «маскоўскай справе».

Праваслаўны сьвятар і влогер Аляксандр Кухта
Праваслаўны сьвятар і влогер Аляксандр Кухта

Ярэй Аляксандар Кухта адмовіўся ад камэнтароў

Ярэй Аляксандар Кухта, намесьнік старшыні Сынадальнага місіянэрскага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы, які вядзе блог «Batushka ответит», таксама паставіў свой подпіс пад адкрытым лістом. Але ён адмовіўся камэнтаваць свой учынак.

«Я не дысыдэнт»

Архімандрыт Сава Мажука адказаў на пытаньні журналістаў (у тым ліку і карэспандэнта Свабоды), якія да яго зьвярталіся, на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Ён піша, што ён «ні кроплі не дысыдэнт, а просты беларускі сьвятар».

«А сьвятару належыць заступацца за пакрыўджаных, „в сердечной простоте беседовать о Боге и истину царям с улыбкой говорить“. Таму цалкам натуральна, калі ты бачыш несправядлівасьць ці нават намёк на яе, трэба казаць, і кропка. Праца ў нас такая».

Айцец Сава патлумачыў, што калі пагадзіўся падпісаць ліст, яго спыталі: а ці не баіцца ён, а «бацька» ня ўлупіць?

«А хіба мы робім нешта дрэннае?» — адказаў айцец Сава.

«Не вялікая храбрасьць»

Прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін сказаў карэспандэнту Свабоды, што тыя, хто падпісаў ліст, павінны самі камэнтаваць свае дзеяньні.

«Я чытаў гэты ліст. Я лічу, што не вялікая храбрасьць падпісваць лісты адносна падзеяў, якія адбываюцца ў іншай краіне. Але зразумела, што я таксама супраць усяго злога і за ўсё добрае».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG