Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры беларускія праваслаўныя сьвятары выступілі ў абарону фігурантаў «маскоўскай справы»

абноўлена

Мітынг у Маскве

Сьвятары Рускай праваслаўнай царквы падпісалі адкрыты ліст з заклікам перагледзець прысуды фігурантам «маскоўскай справы». Тэкст ліста апублікаваны на сайце выданьня «Православие и Мир».

На момант публікацыі пад зваротам стаялі 52 прозьвішчы — гэта настаяцелі храмаў з Расеі, Беларусі, Украіны і іншых замежных япархій РПЦ, ад Мадрыда да Ганконгу. Збор подпісаў працягваецца.

Сярод беларускіх сьвятароў пад лістом падпісаліся гарадзенскі дыякан Дзьмітры Паўлюкевіч, клірык храма сьв. Мікалая Цудатворца; ярэй Аляксандар Кухта, намесьнік старшыні Сынадальнага місіянэрскага аддзелу Беларускай Праваслаўнай Царквы; і архімандрыт Сава Мажука з Гомля.

Аўтары ліста асабліва выдзелілі прысуд Канстанціну Котаву, асуджанаму на 4 гады пазбаўленьня волі за «неаднаразовыя парушэньні правілаў правядзеньня мітынгаў». Сярод канфіскаваных пры ператрусе ў кватэры Котава рэчавых доказаў быў самаробны плякат са словамі забітага 29 гадоў таму протаярэя Аляксандра Меня «Міласэрнасьць — тое, да чаго мы заклікаем».

«Мы хочам нагадаць усім, хто даваў або будзе даваць паказаньні па гэтай і іншых справах, словы Сьвятога Пісаньня: «Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, загіне», — гаворыцца ў лісьце.

Сьвятары падкрэсьліваюць, што «ілжэсьведчаньне робіць чалавека саўдзельнікам суду над Збавіцелем».

Яшчэ адзін чалавек, якога згадваюць сьвятары ў сваім лісьце, — актывіст штабу Любові Собаль Аляксей Міняйла, арыштаваны па артыкуле за «ўдзел у масавых беспарадках».

«Мы лічым, што пакараньне павінна быць сувымернае парушэньню закону, а ўлада накладае на чалавека дадатковую адказнасьць, а не вызваляе ад яе. У адваротным выпадку само правасудзьдзе ператвараецца ў насьмешку і „масавы беспарадак“», — гаворыцца ў лісьце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG