Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За вызваленьне расейскага апазыцыянэра выступілі поп-зоркі і яшчэ 80 тысяч чалавек

абноўлена

Павел Усьцінаў.

80 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыю з патрабаваньнем вызваліць актора Паўла Ўсьцінава, асуджанага на тры з паловай гады калёніі за «ўжываньне гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка Расгвардыі» на акцыі пратэсту 3 жніўня ў Маскве.

Пратэст грамадзкасьці

«Я думаю, што гэта справа цалкам сфабрыкаваная. Я лічу, што гэта самавольства і жахлівае беззаконьне. І нам важна разам зьвярнуць увагу ўладаў на тое, што мы на такую несправядлівасьць і самасуд ня згодныя», — напісаў у пэтыцыі актор Аляксандар Паль.

Раней ён арганізаваў у сацсетках флэшмоб у падтрымку Паўла Ўсьцінава.

16 верасьня Ўсьцінава асудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўленьня волі за «ўжываньне гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка Расгвардыі» на акцыі пратэсту 3 жніўня ў Маскве. Сам Усьцінаў віну не прызнаў.

Прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна заявіў, што прэзыдэнт Расеі ня можа ўплываць на рашэньне судоў, у тым ліку па справе Паўла Ўсьцінава, у актора ёсьць магчымасьць падаць апэляцыю на прысуд. «Безумоўна, прэзыдэнт у курсе і атрымлівае інфармацыю аб усім, але ён таксама ня можа ўплываць на рашэньне суда. Гэта немагчыма», — удакладніў Дзьмітрый Пяскоў.

Пратэст сьвятароў

Напярэдадні сьвятары Расейскай праваслаўнай царквы падпісалі адкрыты ліст з заклікам перагледзець прысуды фігурантам «Маскоўскай справы». Тэкст ліста апублікаваны на сайце выданьня «Праваслаўе і сьвет». На момант публікацыі пад зваротам стаяла 52 прозьвішчы — настаяцелі храмаў з Расеі, Беларусі, Украіны і іншых замежных прыходаў РПЦ ад Мадрыду да Ганконгу. Збор подпісаў працягваецца.

Аўтары ліста асабліва выдзелілі прысуд Канстанціну Котаву, асуджанаму на 4 гады пазбаўленьня волі па «дадзінскім» артыкуле — за «неаднаразовыя парушэньні правілаў правядзеньня мітынгаў». Сярод канфіскаваных пры ператрусе ў кватэры Котава рэчавых доказаў быў самаробны плякат са словамі забітага 29 гадоў таму протаярэя Аляксандра Меня «Міласэрнасьць — тое, да чаго мы заклікаем».

За вызваленьне Котава таксама падпісваюць пэтыцыю. На момант публікацыі за яе прагаласавалі амаль 75 тысяч чалавек.

«Вечерний Ургант» пра Паўла Ўсьцінава

17 верасьня прысуд Паўлу Ўсьцінаву і грамадзкі пратэст супраць гэтага прысуду быў абмеркаваны ў перадачы Першага каналу расейскага тэлебачаньня «Вечерний Ургант».

Вядучы шоў Іван Ургант сатырычна высьмеяў судзьдзю і выказаў надзею на перагляд судовага рашэньня.

Міжнародны пратэст

Сцэнарысты сэрыялу «Гульня тронаў» Дэйвід Бэніяф і Дэніэл Уайс выступілі супраць палітычных рэпрэсій у Расеі, падпісаўшы адкрыты ліст, складзены групай падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Міхаіла Хадаркоўскага. Да іх далучыліся каля сотні эўрапейскіх і амэрыканскіх кінадзеячоў і пісьменьнікаў, піша выданьне «The Moscow Times».

Пад дакумэнтам пакінулі подпісы 77 грамадзкіх дзеячаў, у тым ліку брытанскі актор і пісьменьнік Стывэн Фрай, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Герта Мюлер, а таксама былыя лідэры Ірляндыі, Літвы і Баўгарыі.

«Мы, жыхары вольнага сьвету, занепакоеныя будучыняй сусьветнай дэмакратыі, з трывогай сочым за падзеямі, што разгортваюцца ў Маскве і іншых расейскіх гарадах на працягу апошняга месяца. Грамадзяне Расеі ўсяго толькі патрабуюць ад свайго ўраду правоў, якія мы, жыхары вольнага сьвету, прымаем як дадзенасьць», — пішацца ў адкрытым звароце, аўтары якога заклікаюць усіх, хто «неабыякавы да дэмакратыі і правоў чалавека, спыніць беззаконьні, якія чыняцца рэжымам» Пуціна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG